Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. У Беларусі — «хапун» на новыя машыны. Як санкцыі ЕС, даступныя крэдыты і рост даходаў паўплывалі на аўтарынак
  2. В школу без одноклассников: о чем умолчали пропагандисты, когда радовались за единственную первоклассницу агрогородка Почапово
  3. «Было прынятае рашэнне на знішчэнне». У Мінабароны пракаментавалі прылёт беспілотнікаў, якія збівалі на Гомельшчыне
  4. «Мне теперь приходится прятаться в квартире». Еще на одну беларуску напали в Варшаве
  5. В ISW рассказали, на кого полагается Россия для обхода западных санкций и приобретения электроники для военной промышленности
  6. У Латвіі назвалі дэдлайн, калі трэба вывезці ці перарэгістраваць аўто з беларускімі нумарамі. Інакш могуць канфіскаваць
  7. «Жыхарам не спадабалася гэтая ідэя». Пагаварылі з мэрам Беластока пра беларусаў, якія раней ездзілі «на закупы», а цяпер жывуць у горадзе
  8. «Не зразумеў, Саюзная дзяржава ж». Пагаварылі з гамельчукамі, якія сталі сведкамі таго, як над горадам збілі расійскі беспілотнік
  9. Пуцін зноў загаварыў пра мірныя перамовы з Украінай і сказаў, што можа стаць іх асновай
  10. «Беларускі Гаюн»: У Беларусі ноччу збівалі «Шахеды», як мінімум адзін беспілотнік упаў у Гомелі — відэа
  11. Калі Украіна будзе паспяхова прасоўвацца ў Курскай вобласці, Беларусь можа ўступіць у вайну? Меркаванне
Читать по-русски


Памятаеце Аляксандра Гойшыка, які два з паловай гады таму выправіўся ў кругасветку? У дзённіку для «Люстэрка» хлопец апісвае свае прыгоды. Два тыдні таму ён расказваў пра ўражанні ад Балі, а ў гэтым тэксце — падарожжа беларуса па Інданезіі.

Аляксандр Гойшык на плошчы Свабоды ў Джакарце, на фоне - мясцовыя паліцэйскія. Інданэзія, саквік 2024 года. Фота з архіва суразмоўцы
Аляксандр Гойшык на плошчы Свабоды ў Джакарце, на фоне — мясцовыя паліцэйскія. Інданезія, сакавік 2024 года. Фота: архіў падарожніка

«Прыйшоў час паглядзець рэшту агромністай Інданезіі»

У мінулай серыі я расказваў вам пра «казачнае» (насамрэч для мяне асабіста — зусім не) Балі. Цяпер прыйшоў час трохі паглядзець рэшту агромністай Інданезіі. Гэта самая вялікая ў свеце мусульманская краіна з насельніцтвам больш чым 270 мільёнаў чалавек. Апроч гэтага, гэта самая вялікая ў свеце краіна, якая ляжыць на астравах: усяго іх больш за сямнаццаць тысяч. І вось у пачатку сакавіка я сеў на аўтобус, каб трошкі яе паглядзець.

З Балі да горада Джак’якарта, культурнай і студэнцкай сталіцы краіны, я дабіраўся дваццаць гадзінаў. Гэта адна з ідэяў майго кругасветнага падарожжа — як мага больш праехаць па зямлі, карыстаючыся пералётамі толькі пры неабходнасці. Напрыклад, каб з Аўстраліі даляцець на Балі. У Лацінскай Амерыцы аўтобусныя перавозкі даволі камфортныя, у Бразіліі я неяк праехаў 36 гадзінаў з Сальвадора ў Сан-Паўлу. Сядзенні адкідваюцца амаль як ложак, кожныя чатыры-пяць гадзінаў заязджаем на вялікі паркінг пры дарозе, з рознымі сталоўкамі, прыбіральнямі, крамамі і гэтак далей. На жаль, у Інданезіі вандраваць аўтобусам не так зручна.

На Балі я змудрыўся сабраць поўнае комба: не паспеў падлячыць вушы, як адразу ж падстыў, пару разоў трапіўшы на скутары пад дождж — там акурат сезон быў у самым разгары. Аднаго разу павячэраў нейкім падазронным стрытфудам і атруціўся. Ну і наўздагон шліфануў гэта ўсё дваццаццю гадзінамі ў аўтобусе, дзе шалёны кандзёр увесь час паліваў мяне холадам проста ў твар. Так я ўпершыню за два с паловай гады падарожжа ўсур'ёз захварэў. Але свет не без добрых людзей, і ў сваіх вандроўках я не перастаю пераконвацца ў гэтым.

«Сустрэў сотні цудоўных людзей па ўсім свеце»

Насамрэч менавіта людзі — самая цікавая частка маёй вандроўкі. З часам усе гэтыя бясконцыя прыгожыя гарады, гістарычныя месцы, унікальныя прыродныя лакацыі, вулканы, горы, вадаспады і гэтак далей пачынаюць прыядацца. Але вось што сапраўды ніколі не надакучвае — знаёмства з мясцовымі. І ў гэтым найлепш дапамагае каўчсёрфінг (спецыяльны сайт, зарэгістраваныя карыстальнікі якога бясплатна прымаюць адно аднаго падчас падарожжаў. — Заўв. рэд.).

Аляксандр Гойшык з настаўніцай вясковай школы (у сярэдзіне), якая пусціла яго пажыць. Востраў Суматра, сакавік 2024 года. Фота з архіва суразмоўцы
Аляксандр Гойшык з настаўніцай вясковай школы (у цэнтры), якая пусціла яго пажыць. Востраў Суматра, сакавік 2024 года. Фота: архіў падарожніка

Дзякуючы гэтаму міжнароднаму клубу гасціннасці я сустрэў сотні цудоўных людзей па ўсім свеце. Ідэя вельмі простая: людзі, якія вандравалі ў мінулым ці хацелі б пачаць падарожнічаць, бясплатна прымаюць на начлег, такі «канапа-сёрфінг», калі можна спыняцца ў мясцовых. Натуральна, гэта выдатная магчымасць зэканоміць на гатэлях ці хостэлах, але асноўная ідэя зусім не ў гэтым.

Самае важнае — гэта магчымасць пазнаёміцца з вельмі цікавымі людзьмі па ўсім свеце, даведацца больш пра новую для цябе краіну і горад, расказаць пра сваю радзіму (пра якую мясцовыя часцей за ўсё нават не чулі). Сапраўдны культурны абмен, карысны абодвум бакам: і падарожнікам, і тым, хто іх прымае. Я, напрыклад, вельмі часта гатую дранікі сваім хостам, уся Лацінская Амерыка была ў захапленні ад нашай беларускай стравы нумар адзін. Ну і заадно людзі даведваліся пра існаванне новай і не вядомай ім краіны. Я расказваў пра Беларусь, пра яе прыроду, культуру, кухню, пра дыктатуру і вялікія праблемы з правамі чалавека. Адным словам, трохі на валанцёрскіх пачатках падпрацоўваў культурным аташэ народнай амбасады Вольнай Беларусі.

Некалі, зарабляючы грошы на падарожжа сваёй мары, я цэлыя два гады пражыў на каўчсёрфінгу ў сям'і швейцарскіх хіпі. У нас была дамова, што я магу жыць бясплатна ў іх вялікім трохпавярховым драўляным доме, у маленькім, але прыватным пакоі, калі буду прыбіраць ва ўсім доме раз на тыдзень. І, калі трэба, гуляць з сабакамі. «Він-він» сітуацыя, карысная кожнаму з бакоў. Галоўнае — разумець, што шанцу на памылку няма, рэпутацыя — самае важнае, што ў цябе ёсць.

«Пакуль дабіраўся да хоста на супрацьлеглы бок горада, пару разоў думаў, што памру»

Але давайце вернемся ў Інданезію. Пасля двадцаці гадзінаў у інданезійскім аўтобусе пад шалёным кандзёрам, які паліваў мяне холадам проста ў твар, я ўжо пачаў лічыць зорачкі ў пацямнелых вачах. Так кепска мне даўно не было. У Джак’якарце чакаў хост па каўчсёрфінгу. Але ў такім стане паказвацца ненармальна, гэта ж не бальнічка табе. Думаў, лепш арандаваць які хостэл, каб адляжацца і падлячыцца. Праўда, як заўжды бывае у самы непрыдатны момант, знайшлося адно істотнае «але». Аўтобус прыбываў ранняй раніцай, каля шостай. Нікуды ў гэты час не заселішся, бо чэкін звычайна, а чатырнаццатай. Паспрабаваў нешта пашукаць у інтэрнэце, каб недалёка ад аўтавакзала, але беспаспяхова.

Павозка на вуліцы Джокьярты. Як кажа беларус, у горадзе яны сустракаюцца вельмі часта. Інданэзія, сакавік 2024 года. Фота з архіва суразмоўцы
Павозка на вуліцы Джак’якарты. Як кажа беларус, у горадзе яны сустракаюцца вельмі часта. Інданезія, сакавік 2024 года. Фота: архіў падарожніка

Таму вырашыў напісаць хосту, што так і так, я захварэў, мне вельмі кепска і ці не будзе для яго праблемай такі вось напаўпрытомны «госць». Трэба аддаць яму належнае, ён аказаўся вельмі добрым хлопцам, адразу ж адказаў: «Вядома, прыязджай, не хвалюйся. У мяне для цябе асобны пакой, падлечым цябе як трэба і на ногі паставім». Сусвет не пакінуў мяне сам-насам з хваробаю.

Пакуль дабіраўся да хоста на супрацьлеглы бок горада, пару разоў думаў, што памру. Гатовы быў ужо легчы на лаву і ляжаць, пакуль не адпусціць. У вачах было цёмна і сыпаліся зорачкі. Хост сустрэў і адразу паклаў мяне адпачываць. Сказаў напісаць, калі трохі прачухаюся, а сам паехаў на працу.

Праз пару гадзінаў мне трохі палепшала, вырашыў схадзіць у аптэку. Пагугліў мясцовыя адпаведнікі еўрапейскіх лекаў, але аптэкарка вырашыла развесці «белага містара» на грошы. Маўляў, нічога такога няма, вось толькі такія дарагія таблеткі «фор флю» (ад прастуды). Ладна, кажу, давайце. Само сабою, яно ніяк не дапамагло, праз два дні лепш не стала. Пытаю ў хоста, можа, у вас тут ёсць некія мясцовыя традыцыйныя лекі ад прастуды. «Ну так, вядома, ёсць, у любой аптэцы!» — адказаў ён.

— Дык, а мне там сказалі, што ў іх няма нічога, апроч вось гэтага абы-чаго, што ніяк не дапамагае, — кажу я.

— Дзіўна, давай з’ездзім, праверым! — прапанаваў ён.

Едзем у тую самую аптэку, дзе я быў учора, ён нешта кажа на бахаса, інданезійскай мове, і яму даюць мясцовы цуд-лек, які каштуе ў дзесяць разоў менш, чым той фуфламіцын, што мне прадалі. Забягаючы наперад скажу, што ён паставіў мяне на ногі за паўтара дня.

— А як будзе «flu» на бахаса?

— Так і будзе, «flu».

Тут мяне неслаба так узяло, і я кажу той самай аптэкарцы, якая мне ўпарыла фуфламіцын:

— Чаму вы сказалі, што у вас няма нічога «фор флю», апроч тых бескарысных таблетак? Вось жа тут, на гэтых леках, напісана «флю-ангіна», нават на бахаса? Чаму вы мне не прадалі гэтага адразу? Вы ж мусульмане, чаму вы падманваеце?

Бедная кабета пачырванела і ўцякла ў падсобку. Мой хост развёў рукамі і папрасіў прабачэння за сваіх землякоў.

Нешта падобнае здаралася са мною у 2016 годзе ў Індыі, дзе я капітальна атруціўся, паеўшы рачной рыбы. Індыйскія рэкі — гэта плывучы сметнік, таму рыбу (як і морапрадукты) там лепш не есці. Нічога не дапамагала, пару дзён мяне «валтузіла» толькі так і ўсё ніяк не праходзіла. Індыйскі вадкі стул, бязлітасны ў квадраце. Калі я ўрэшце дайшоў да аптэкі, там таксама прыкінуліся «шлангамі», каб прадаць мне нешта дарагое і непатрэбнае. Пакуль мне не дапамог нехта з мясцовых, нарэшце схадзіўшы са мною ў аптэку, і я ачуняў за дзень.

Аляксандр Гойшык каля адной са святыняў Джокьякарты, Інданэзія, сакавік 2024 года. Фота з архіва суразмоўцы
Аляксандр Гойшык ля аднаго з храмаў Джак’якарты, Інданезія, сакавік 2024 года. Фота: архіў падарожніка

«Джакарта — не самая цікавая сталіца, на дзянёк пагуляць»

Так і цяпер, дзякуючы дапамозе мясцовага, я ачуняў даволі хутка. Калі мне нарэшце палепшала, чамусьці пачало здавацца, што мой хост казаў, нібыта ведае тут нейкую беларуску. Але я не быў упэўнены, было гэта сапраўды ці, можа, ужо галюцынацыі. Вырашыў перапытаць. Ну так, кажа, ведаю дзяўчыну з Беларусі, якая тут вучыцца. Я ўжо ёй напісаў, расказаў пра цябе. Яна мусіць завітаць у госці неўзабаве. Ого, вось дык прыемны і нечаканы сюрпрыз! Беларусы — галоўны скарб любой краіны!

Мне паказалі горад, расказалі пра не самае лёгкае жыццё экспатаў у Інданезіі, пра тутэйшую бюракратыю і менталітэт, пра цяжкасці адаптацыі на новым месцы і шок мясцовых, калі «белы» размаўляе на бахаса. Як мне расказалі, у Інданезіі экспату немагчыма атрымаць грамадзянства, а атрыманне дазволу на працу нярэдка можа ператварыцца ў даволі складаны квэст.

У Джак’якарце ёсць цікавыя індуісцкія і будыйскія храмы, аб’екты Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, — Барабудур і Прамбанан. Агулам на Яве (вялікі востраў Інданезіі, на якім і знаходзіцца Джак’якарта) заўважна танней, чым на Балі.

Пад пільным беларускім наглядам упершыню ў жыцці паспрабаваў дурыян, паўднёваазіяцкага «караля садавіны» з пахам падгнілай цыбулі і брудных шкарпэтак. На смак не ўсё так адназначна, я думаў, будзе горш. Нібыта сумесь цыбулі, мочанага часнаку і морквы, толькі калі б яны былі не гароднінай, а садавіной, і раслі на дрэве.

Па дарозе далей, у Джакарту (гэта сталіца краіны) пратэсціў надзіва добрую інданезійскую чыгунку, якая пакуль функцыянуе толькі на сталічнай Яве. Амаль усё як у Еўропе: білет анлайн можна набыць, унутры — кандыцыянер і нават вагон-рэстаран. Ну, а з мясцовага каларыту — асобнае купэ для намаза. Пакойчыкі для гэтых мэтаў агулам сустракаюцца ў мусульманскай Інданезіі ўсюды: у гандлёвых цэнтрах, на запраўках, у хостэлах, на вакзалах і нават на станцыях метро.

Вуліцы Джакарты, Інданэзія, сакавік 2024 года. Фота з архіва суразмоўцы
Вуліцы Джакарты, Інданезія, сакавік 2024 года. Фота: архіў падарожніка

Агулам Джакарта — не самая цікавая сталіца сярод наведаных мной, на дзянёк пагуляць. Але ёсць тут свая фішка, якая адразу кінулася ў вочы. Яны тут трохі касплэяць Стамбул, галоўны на свеце горад коцікаў. Там каты — сапраўдныя жыхары горада, якіх падкормліваюць на кожным кроку і пускаюць усюды. Яны важныя жывёлы ў ісламе, нібыта нават сам прарок Мухамад некалі адрэзаў кавалак свайго адзення, калі на ім заснуў кот, і пакінуў, каб яго не пабудзіць. Пасля Лацінскай Амерыкі гэта моцна кідаецца ў вочы (там коцікаў днём з агнём не знойдзеш). Паўсюдь зграі валацужных сабакаў, якія нярэдка ствараюць небяспеку нават для чалавека. Там пабачыць коціка — лічы, шчасце.

«Прыплыўшы ў Малайзію, уздыхнуў з палёгкай»

Двух дзён у інданезійскай сталіцы больш чым дастаткова, час ехаць далей, у бок Малайзіі. Гэтым разам я пераплюнуў свой бразільскі рэкорд, праехаўшы амаль двое сутак да гарадка з цікавай нашаму вуху назвай Дума. Азіяцкі бардак ва ўсёй «прыгажосці» — дзве гадзіны едзем, гадзіну стаім невядома навошта. Бясконцыя прыпынкі пад кожным кустом, разгрузка ці пагрузка бясконцых баулаў і клятчастых торбаў. Паромная пераправа з Явы на Суматру (іншы востраў Інданэзіі).

У выніку замест абяцаных 28 гадзінаў выйшлі ўсе 48. У такіх сітуацыях трэба проста прыняць непазбежнае і расслабіцца, бо нічога змяніць ты ўсё адно не зможаш. А нервовы рэсурс не бясконцы.

Пасля двух сутак у аўтобусе 18 сакавіка я нарэшце дабраўся да гарадка на поўначы Суматры, адкуль паромам можна трапіць у суседнюю Малайзію. Там мяне ўжо чакаў хост — настаўніца ў вясковай школе. Я ўпершыню ў жыцці спаў у настаўніцкай. Само па сабе тутэйшае мястэчка — зусім абы-што, апроч порта ў Малайзію, там нічога няма. Мой хост дапамагла мне купіць білет на паром і адвезла ў порт. Бывай, Інданезія!

Злева - паром з Інданэзіі ў Малазію, справа - Аляксандр Гойшык на пароме, сакавік 2024 года. Фота з архіва Аляксандра Гойшыка
Злева — паром з Інданезіі ў Малайзію, справа — Аляксандр Гойшык на пароме, сакавік 2024 года. Фота з архіва Аляксандра Гойшыка

Шчыра скажу, гэтая краіна мне не зусім спадабалася. Можа, на кантрасце пасля крутой Аўстраліі, можа, таму, што хварэў, можа, яшчэ чаму. Але ўжо прыплыўшы ў Малайзію, я ўздыхнуў з палёгкай. Ну вось, нармальная краіна нарэшце. Нешта падобнае я адчуў у 2016 годзе, калі з Індыі прыляцеў у Бангкок. Здаецца, усе краіны, што пачынаюцца на «Інд», — трохі не маё. Індыя, цяпер вось Інданезія. Хочацца пажартаваць, што ў Індыяну таксама не паеду, напэўна.