«Усё, на што ён можа разлічваць, — на смяротнае пакаранне». Украінскі дэпутат — пра жаданне Лукашэнкі ўдзельнічаць у мірных перамовах
28 студзеня 2025 у 1738066080
Ганна Матсан / «Зеркало»
Падчас прэс-канферэнцыі 26 студзеня Аляксандр Лукашэнка нямала ўвагі надаў украінскай тэме. У прыватнасці, ён заявіў, што без удзелу Беларусі мірныя перамовы паміж Украінай і Расіяй немагчымыя, а таксама што на лініі размежавання ў выпадку замарозкі канфлікту павінныя стаяць беларускія міратворцы. У кулуарах Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы «Люстэрка» пацікавілася меркаваннем пра гэтыя словы ў народнага дэпутата Вярхоўнай рады Аляксея Ганчарэнкі.

Каментуючы пытанне пра ўдзел Беларусі ў перамовах, Ганчарэнка заўважыў, што пра гэта не можа ісці і гаворкі.
- На жаль, ніякай незалежнай Беларусі на сёння няма. Беларусь сёння акупаваная Расіяй. Лукашэнка - гэта пуцінскі намеснік. Ні пра якую ролю Беларусі ў перамовах гаворкі быць не можа, бо гэта проста пуцінская марыянетка. На жаль, з Пуціным гаварыць відавочна давядзецца, але з яго марыянеткамі - дакладна няма пра што, - сказаў нардэп.
Гэтак жа скептычна ён ставіцца і да пытання пра беларускіх міратворцаў. Ён лічыць, што наяўнасць іх на лініі размежавання ў выпадку замарозкі канфлікту непрымальная і гэтага не адбудзецца.
- Словазлучэнне «беларускі міратворац» у цяперашніх умовах - гэта аксюмарон. Яны будуць, на жаль, пад кіраўніцтвам Лукашэнкі і яго кантролем. Гэта ўдзельнік агрэсіі супраць Украіны паводле міжнароднага права. І ўдзельнік канфлікту на баку, безумоўна, Расійскай Федэрацыі, што кантралюе тэрыторыю Беларусі. Таму ніякіх беларускіх міратворцаў, пра гэта нават смешна гаварыць, - упэўнены Ганчарэнка.
Украінскі дэпутат таксама пракаментаваў словы Лукашэнкі пра тое, што ён не шкадуе пра дапамогу Расіі ў яе вайне супраць Украіны:
- Вядома, калі Расія пачне валіцца і калі пры гэтым яшчэ Лукашэнка будзе жывы, то ён першы, хто пачне крычаць, што заўсёды гэта прадракаў ці нешта ў гэтым стылі. Яму няма на што спадзявацца пры такім раскладзе. Калі гэты рэжым разам з Пуціным пачне валіцца, усё, на што ён можа разлічваць, - гэта на смяротнае пакаранне за злачынствы, якія ён здзейсніў у дачыненні да беларускага і ўкраінскага народаў.
Таксама ўкраінскі дэпутат назваў выбары, якія прайшлі ў Беларусі, «фарсам».
- Вярхоўная рада Украіны не прызнала вынікі мінулых выбараў у Беларусі (2020 года. - Заўв. рэд.), не прызнае і гэтыя. Лукашэнка нелегітымны, - падкрэсліў Ганчарэнка і дадаў, што рана ці позна Беларусь вызваліцца ад рэжыму Лукашэнкі.
Чытайце таксама