Арына Сабаленка двойчы адмаўлялася ад агульных прэс-канферэнцый на «Ралан Гарос». Але сёння пасля перамогі над украінкай Элінай Світолінай беларуская тэнісістка вырашыла пагутарыць з медыя. «Люстэрка» атрымала ў сваё распараджэнне прэс-рэліз з мерапрыемства.
У Сабаленка спыталі, чаму раней яна магла сумяшчаць палітыку са спортам, пра што сведчаць фота з Лукашэнкам, а сёння выступае за «спорт па-за палітыкай».
— Ну, мы шмат разоў гулялі на Кубку федэрацыі (камандны турнір у жанчын. — Заўв. рэд.) у Беларусі. Лукашэнка быў на нашых матчах, фатаграфаваўся з намі. Нічога кепскага тады не адбывалася ў Беларусі, Украіне ці Расіі. І я ўжо казала гэта шмат разоў: я не падтрымліваю вайну. Я не хачу, каб мая краіна была ўцягнутая ў які-небудзь канфлікт.
Пра святкаванне Новага года з палітыкам спартоўка не згадала.
Паводле словаў Сабаленка, яна «толькі тэнісістка»:
— Калі б я хацела быць палітыкам, то не была б тут. Не хачу ўдзельнічаць ні ў якай палітыцы.
Пасля гэтага ў Арыны спыталі, ці падтрымлівае яна па-ранейшаму Лукашэнку.
— Складанае пытанне. Я не падтрымліваю вайну, маю на ўвазе, што не падтрымліваю Лукашэнку проста цяпер.
Таксама беларуску папрасілі патлумачыць, чаму яна сёння прыйшла размаўляць з усімі СМІ.
— Я заўсёды вельмі паважаю прэс-канферэнцыі. Я заўсёды адкрытая ў сваіх адказах. І сапраўды адчувала сябе дрэнна, не прыходзячы сюды. Я не магла спаць, — сказала Сабаленка.
Пры гэтым яна адзначыла, што не шкадуе пра адмову ад прэс-канферэнцый пасля дзвюх папярэдніх гульняў («Адчувала, што мая прэс-канферэнцыя становіцца палітычным шоу, а я не эксперт у палітыцы»).
Цяпер жа Сабаленка, паводле яе прызнання, адчувае сябе ў бяспецы. Чаму?
— Напэўна, таму, што ў мяне было некалькі дзён, каб адключыцца ад прэс-канферэнцый, некалькі дзён, каб сабрацца, некалькі дзён, каб усвядоміць пару рэчаў. Так, таму я адчуваю сябе ў большай бяспецы. І ніхто не ўкладвае словы ў мой рот, так што гэта яшчэ адна прычына.
Дадамо, што пасля чвэрцьфіналу Світоліна не паціснула руку суперніцы і прайшла міма беларускі, хоць тая стаяла ля сеткі.
«Не ведаю, чаму Сабаленка чакала мяне. Мне здаецца, што я дастаткова выразна выказвала сваю пазіцыю. Ці напаліла яна гэтым сітуацыю на трыбунах? На жаль, думаю, што так», — сказала ўкраінка.
Сабаленка перамагла Світоліну ў двух сэтах — 6:4, 6:4 і прабілася ў паўфінал «Ралан Гарос», дзе сустрэнецца з чэшкай Каралінай Мухавай (43-я пазіцыя ў рэйтынгу).