28-гадовая біятланістка Анастасія Мяркушына, якая мае на сваім рахунку чатыры медалі ў эстафетах з чэмпіянатаў свету, пасля пачатку вайны служыла ў памежных войсках, а потым паступова пачала вяртацца да трэніровак. На чэмпіянаце Еўропы — 2023 яна выйграла золата ў спрынце. Мы пагаварылі з Анастасіяй пра вайну і загады, маўчанне Домрачавай, допуск беларусаў, матывацыю і перамогі.
«Публічным людзям дастаецца больш»
— Мінулы сезон быў самым цяжкім у кар’еры?
— Мабыць. Фізічны стан вымушаў жадаць лепшага — было нямала страчана ў базавай падрыхтоўцы. Што казаць: спачатку не ўяўлялі ў прынцыпе, ці будзем трэніравацца. Потым пайшлі хваробы. Калі стрэсуеш увесь час, перажываеш, ці жывы сябар, ці прачытаў знаёмы паведамленне, то арганізм дае збой. Але пачуццё віны ў выпадку няўдачы ў гонцы нікуды не знікае. Разумееш, што мусіш, а часам не можаш. Калі праваліўся — атрымай. Гэта балюча.
— Вас крытыкуюць за няўдалыя выступы ў такіх абставінах?
— Бывае. Я прымаю гэта — нікога не вінавачу. Заўзятары даюць выхад негатыву праз каментары. Злосці столькі назапасілася… Нічога дзіўнага, што хтосьці забывае, што біятланісты — такія ж людзі.
— Адваротны бок папулярнасці?
— Цяпер публічным людзям дастаецца больш. Яны мусяць быць эталонам для кожнага ўкраінца. Вельмі важна сачыць за мовай і сваімі дзеяннямі. Гэта вялікая адказнасць.
— У вас атрымліваецца?
— Вядома, трэніруючыся ў адноснай бяспецы, ловіш сябе часам на думцы, што побач вайна, а тут трэба ўсміхацца, смяяцца, рабіць тое, чаго многія пазбаўленыя. Думаеш пра ўласную чэрствасць, ці што. Але насамрэч гэта мінае. Нельга параўноўваць пастаянна толькі з горшым. Галоўнае — ніхто нічога не забывае, данаціць, дапамагае УСУ, валанцёрыць. І, паўтаруся, біятланісты адказваюць вынікамі за магчымасць весці такое жыццё: працягваць мець любімую працу, выязджаць за мяжу на спаборніцтвы.
— Верыце, што вайна хутка скончыцца?
— Вельмі б хацелася, але няма адчування, што канец блізкі. Страшна такое казаць, але ў нейкай ступені мы ўжо прывыклі за паўтара года жыць з гэтым.
«Ніхто не будзе аддаваць перамогу ў гонцы»
— Як вам цяпер жывецца і трэніруецца ва Украіне?
— Як сказаць… Мы стараемся праводзіць як мага больш збораў дома. Гэта ад зрэзанага фінансавання і наогул ад жадання быць бліжэй да родных. Не хочацца кудысьці з’язджаць за мяжу. Мне пашанцавала ў параўнанні з усімі біятланістамі з Украіны. Жыву ў Закарпацці. Да трэніровачнай базы ехаць тры гадзіны. Нават на выходных магу з’ездзіць дадому. У нас ціха. Дом не пацярпеў. Таму адчуваю, напэўна, найменшы стрэс з усёй каманды. Сапраўды пашанцавала. У пачатку вайны было, вядома, страшней. Няпэўнасць, пастаянная трывога. Але з таго часу стала спакайней. Акрамя таго, давяраю УСУ, нашай сістэме СПА. Хоць, ведаеце, ёсць і пачуццё віны, што ў маёй сям'і ўсё добра, а ў кагосьці родныя знаходзяцца ў небяспечных месцах.
— Ці лёгка падрыхтавацца да гонкі ў цяперашніх умовах?
— Летась мне здавалася, што матывацыя зашкальвае. Перамога і толькі перамога. А потым усведамляеш, што гэта дадатковы стрэс. Усе хочуць выйграць, выходзячы на старт. Па-за спаборніцтвамі ўкраінцам могуць спачуваць, дапамагаць, але ніхто ж не будзе аддаваць перамогу ў гонцы. У любым выпадку стараешся зрабіць максімум. Ёсць адчуванне вялікай адказнасці. Калі не атрымліваецца, то зрываешся і рэагуеш значна больш хваравіта, чым звычайна.
Замежнікам складана да канца зразумець, што перажываюць ўкраінцы. Вось уявіце: у вашым горадзе, краіне здарыўся масавы тэракт. Ці, напрыклад, абваліўся дах ля будынка, і загінулі дзясяткі людзей. Напэўна, вы б моцна перажывалі, так? А ва Украіне такое адбываецца кожны дзень! І людзі не вінаватыя. Яны гінуць проста таму, што ў наш дом прыйшлі са зброяй.
— Чытаеце шмат навін?
— Безумоўна. Гэта вельмі моцна б’е па псіхіцы. Дэматывуе. І нібыта разумееш, што не хочаш чытаць, пакутаваць — будзе шмат болю. Але адкрываеш навіны, бо ўсё роўна трэба падзяляць любую трагедыю, адчуваць далучанасць. Ты мусіш быць са сваёй краінай.
— Трэніроўкі адцягваюць увагу?
— Так. Стараюся быць максімальна актыўнай і не даваць сабе слабіны. Калі не біятлон, то вучоба, іншая занятасць. Яшчэ матывуе жаданне парадаваць людзей. Так прыемна, калі з фронту пішуць «дзякуй за гонку» ці «не хвалюйся», калі старт не задаўся. Хай яны не глядзелі трансляцыю, але вось даведаліся вынік.
«Дзе заклікі да міру з таго боку?»
— Раскажыце пра вашую службу ў памежных войсках у першыя дні вайны.
— Падрабязнасці не магу раскрываць. Скажу толькі: гэта было нядоўга. Не пытала, куды мяне адправяць. Проста з’явілася і выканала загад, бо біятланісты часта прымацаваныя да ўзброеных сіл.
— Было страшна?
— Так, трохі. Але разам з тым прысутнічала сабранасць. Усведамленне, што выканаю загад. Гэта, напэўна, змяніла меркаванне пра сябе саму. Зразумела, як моцна хачу міру і што гатовая зрабіць усё, што залежыць ад мяне. Нават спалохалася сябе. Памятаеце словы былой біятланісткі Зайцавай? Маўляў, яна гатовая пайсці на вайну, бо ўмее страляць. А я буду абараняцца. Не хачу забіваць, але абараняла б украінскіх дзяцей, якіх адбіраюць у бацькоў, абараняла б жанчын, якіх гвалтуюць. У мяне дагэтуль у галаве не ўкладваецца, як можна прыйсці ў чужы дом са зброяй!
— Вам даводзілася страляць?
— Не. Памежныя войскі маюць і іншыя абавязкі.
— Як рэагуеце, калі чуеце, што спорт па-за палітыкай?
— Спорт — частка сусветнай дыпламатыі. Ён не можа быць убаку ад палітыкі. Я магу пагадзіцца, калі кажуць, што спорт мусіць аб’ядноўваць, спрыяць міру. Але, прабачце, а дзе заклікі да міру з таго боку? Ці калі спорт па-за палітыкай, то чаго вы ўдзельнічаеце ў Z-мітынгу? То-бок заклікаеце забіваць украінцаў, а потым хочаце з імі спаборнічаць?! Гэта я яшчэ не сказала, колькі ў нас загінула атлетаў, іх родных і сяброў, колькі разбурана спартыўных базаў.
Паўтаруся, спартоўцы нясуць адказнасць, як і ўсе публічныя людзі. На іх паводзіны глядзяць, абмяркоўваюць. Калі вядомы чалавек гаворыць з трыбуны, што ён за вайну, трэба мачыць украінцаў, то гэта ўплывае на калектыўны розум.
«Не заўважаю адкрытай варожасці да беларусаў»
— Як вы ставіцеся да скандалу з удзелам украінскай шаблісткі Вольгі Харлан, якая адмовілася паціснуць руку расіянцы, а тая амаль гадзіну дэманстратыўна не пакідала дарожкі?
— Нейтральны статус не здымае крывавых пальчатак. Адбываецца тое самае, што было пасля ўсіх допінгавых гісторый. МАК дапусціў расіян спаборнічаць, але ўсё роўна ўсе ведаюць, адкуль той ці іншы спартовец. Вось калі б яны выразна выказаліся супраць вайны — тады іншая рэч.
— Баяцца?
— Паняцця не маю. Паслухайце, мы паміраем, гарады, дамы бамбяць, а вы баіцеся пераследу за сваю пазіцыю? Калі вы супраць, то, напэўна, трэба ісці да канца. Ёсць жа прыклады селебрыці, якія ўзялі і з’ехалі. Яны не былі згодныя з вайной і жывыя-здаровыя за мяжой.
— Вашае меркаванне пра магчымы допуск на Алімпіяду беларусаў у нейтральным статусе?
— Неадназначнае. Я атрымала пэўную падтрымку ад спартоўцаў, з якімі спаборнічала, сябравала. Людзі прапаноўвалі дапамогу. Але мы сёння на розных баках. Ракеты ляцелі з Беларусі: гэтая краіна — суўдзельніца таго, што адбываецца. Вашыя біятланісты не выказваюцца публічна. Прынамсі, не заўважаю адкрытай варожасці да беларусаў сярод спартоўцаў — хутчэй, недавер. І бачу ў вас цікавыя формы пратэсту.
— Вы пра сыход у дэкрэт спачатку Ганны Солы і Ірыны Лешчанка, а цяпер Дынары Алімбекавай-Смольскай?
— Можаце самі здагадацца. Дадам толькі, што была вельмі непрыемна здзіўленая, калі беларусы паехалі на расійскія спаборніцтвы неўзабаве пасля пачатку вайны.
«Я з дэмакратычнай краіны»
— А ў сусветным біятлоне прысутнічае салідарнасць з украінцамі?
— У асноўным так. Ёсць, праўда, расіяне, якія выступаюць за іншыя зборныя. Але стараюся з імі не перасякацца ў прынцыпе.
— У вас былі расчараванні з нагоды пазіцыі былых спартоўцаў?
— Безумоўна. Тая ж Зайцава была ў чымсьці прыкладам. У мяне віселі дома карткі з аўтографамі некаторых расійскіх біятланістаў — выкінула іх у сметніцу пасля ўсіх выказванняў пра вайну і Украіну. Непрыемна: гэта нібы выразаць частку юнацтва, калі адбывалася маё станаўленне як асобы і спартоўкі. Развіталася і з карткай Домрачавай, дарэчы. Яна была цудоўнай спартоўкай, таксама на яе раўнялася, але займаць сёння такую пазіцыю… Не можа быць паўтонаў, калі людзей забіваюць. Не мусіць быць так!
— Як думаеце, чаму Дар’я ўжо больш за год не выказваецца?
— Складана меркаваць. Я з дэмакратычнай краіны: сама раблю выбар і нясу адказнасць. І загады выконваю толькі калі яны адпавядаюць маім маральным прынцыпам і справядлівыя.
— А Б’ёрндален, муж Домрачавай, падтрымаў украінцаў?
— На жаль, таксама не.
Чытайце таксама


