Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Якуб Колас — гэта не проста класік беларускай літаратуры і аўтар знаёмых кожнаму школьніку паэмаў «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Гэта яшчэ і стваральнік шэрагу файных дзіцячых твораў, гістарычнага рамана «На ростанях», чалавек з няпростым і пакручастым лёсам, сын стаўбцоўскага ляснічага, які ўзвысіўся да народнага паэта Беларусі, акадэміка і дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і СССР. Гэта беларус, пра якога шмат хто чуў, але яго біяграфія хавае шэраг малавядомых, а часта і зусім невядомых фактаў. У дзень памяці пісьменніка (Колас пакінуў гэты свет 68 гадоў таму — 13 жніўня 1956-га) мы сабралі некаторыя з іх, якія рэдка дзе сустракаюцца.

Выкарыстоўваў жаночыя псеўданімы

Да пытання псеўданімаў Канстанціна Міцкевіча (сапраўднае імя творцы) звярталіся неаднойчы. Самы вядомы асноўны з іх — Якуб Колас. Шмат для каго ён і ўвогуле адзіны. Але, як аказваецца, у пісьменніка ў ранні перыяд творчасці было нямала псеўданімаў: больш за два дзясяткі. Прычым выкарыстоўваліся нават жаночыя.

У гісторыі сусветнай літаратуры жаночыя формы псеўданімаў, ужытыя мужчынамі, прынята называць псеўдагінімамі. У творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа іх было два: Ганна Груд і Ганна Крум. Абодва творчыя імёны звязаныя з маці пісьменніка — Ганнай Міцкевіч (у дзявоцтве Лёсік). Менавіта яе імя сталася першай часткай абодвух псеўданімаў.

Відавочна, маці для Канстанціна Міцкевіча была важным чалавекам. Красамоўна і паказальна яе ролю ва ўласным творчым лёсе паэт ацаніў у публіцыстычным артыкуле 1936 года пад назвай «Як я стаў беларускім пісьменнікам», дзе прыгадваў наступнае: «Дома ад мацеры я чуў сумныя песні аб цяжкай долі, казкі і легенды, расказы аб розных дзівосных здарэннях, аб усялякіх выпадках, якія бываюць з людзьмі. Усё гэта будзіла фантазію, выклікала думкі».

У аповесці-эсэ «Колас расказвае пра сябе» Максіма Лужаніна аўтар запісаў даволі падрабязныя ўспаміны пра маці са слоў самога народнага паэта: «І другое, што ўражвала больш за ўсё: матчын голас. Нават калі сварылася на нас і пачынала ўшчуваць, голас не траціў мяккасці і дабраты. Я вельмі любіў, як яна спявала. <…> Управіўшыся з чарнейшай работаю па хаце і па гаспадарцы, маці садзілася, як на адпачынак, за верацяно або за шытво. Яна спачатку абзывалася ледзь чутна, тонка-тонка, як шчыгол, прабуючы голас, ці не ахрып часам за ноч. Потым матчына песня бралася ў сілу і запаўняла хату <…>. А ўлюблёная матчына песня расказвала пра нешчаслівае каханне, і галоўнаю асобаю, разлучнікам, выступаў Нёман».

Маці Якуба Коласа, Ганна Юр’еўна Міцкевіч, 1920-я гады. Фота: zviazda.by
Маці Якуба Коласа, Ганна Юр’еўна Міцкевіч, 1920-я гады. Фота: zviazda.by

Псеўданімам Ганна Крум беларускі класік падпісаў свае творы ў газеце «Наша Ніва», у № 22 (8 чэрвеня) і № 23 (21 чэрвеня) 1907 года. У № 22 Канстанцін Міцкевіч падпісаў ім свой верш «Людскія слёзы». Другі твор пад гэтым псеўданімам быў змешчаны ў кірылічнай версіі ўсё той жа газеты пад назвай «У горадзе».

Аднак варта высветліць, чаму псеўданім гучыць менавіта як Ганна Крум. Калі з першай часткай усё зразумела (як мы ўжо згадвалі, гэта імя маці), то вось другую цяжка патлумачыць. Адна з версій — сувязь з птушкай крумкачом і яе здольнасцю выдаваць адпаведныя гукі. Між іншым, этнографы адзначаюць, што адной са шматлікіх міфалагічных функцый крумкача, якія рэканструююцца на падставе фальклорных дадзеных, з’яўляецца змаганне за праўду і справядлівасць, што і рабіў у сваіх ранніх вершах і апавяданнях Канстанцін Міцкевіч, адлюстроўваючы рэальнае жыццё беларускага краю.

Цікава, што твор «У горадзе» падпісаны двума рознымі псеўданімамі. Як так адбылося? «Наша Ніва» да 1912 года выходзіла ў двух варыянтах: кірыліцай і лацінкай. У газеце, выдадзенай кірылічным шрыфтам, замалёўка падпісана псеўданімам Ганна Крум, а вось нумар беларускай лацінкай змяшчае аўтарскае імя — Ганна Груд (Hanna Hrud). Чаму адзін твор быў падпісаны двума рознымі псеўданімамі, патлумачыць цяжка, аднак значна лягчэй знайсці карані псеўдагініма Ганна Груд. Ён даволі лёгка расчытваецца: другая частка творчага імя, хутчэй за ўсё, звязана з мікратапанімікай малой радзімы пісьменніка, вёскі Мікалаеўшчына.

Твор «У горадзе», які Канстанцін Міцкевіч падпісаў псеўданімам Hanna Hrud, «Наша Ніва», № 23, 1907 год. Выява: knihi.com
Твор «У горадзе», які Канстанцін Міцкевіч падпісаў псеўданімам Hanna Hrud, «Наша Ніва», № 23, 1907 год. Выява: knihi.com

Яе грамадска-культурны цэнтр знаходзіцца непадалёк ад моста на старой плошчы колішняга сяла (гістарычным Рынку), дзе цяпер стаіць будынак сельскай адміністрацыі і помнік Якубу Коласу. Рынак сярод мясцовых жыхароў называлі таксама Грудок. Там знаходзілася Свята-Мікалаеўская царква, пабудаваная на месцы разабранага ў 1866 годзе касцёла. У сваю чаргу, у народным вучылішчы, заснаваным пры гэтай царкве, з 1890-га па 1892 год і навучаўся будучы класік беларускай літаратуры Канстанцін Міцкевіч. Жыхары вёскі, збіраючыся на службу ў мясцовы храм, часта казалі: «Пайду на Грудок у царкву». По словах мясцовых, гэткі выраз захаваўся дагэтуль, хоць царква ўжо знаходзіцца ў іншым месцы.

Вось такім чынам мясцовае тапанімічнае найменне сталася другой часткай псеўданіма, якім Канстанцін Міцкевіч падпісаўся толькі аднойчы.

Мог загінуць на фронце Першай сусветнай вайны

З біяграфічных звестак пісьменніка вядома, што 25 ліпеня 1917 года Канстанцін Міцкевіч быў адпраўлены на Румынскі фронт Першай сусветнай вайны з камандай дэзерціраў № 6 і адпаведна выключаны са спісаў 162-га запаснога пяхотнага палка, які месціўся ў расійскай Пярмі. Прычым будучага класіка беларускай літаратуры прызначылі начальнікам эшалона, а ён узяў з сабой у дарогу таксама жонку Марыю Каменскую з двума малымі дзецьмі. Спачатку яны ехалі разам, аднак пасля жанчына з малымі накіравалася ў горад Абаянь Курскай губерні, дзе жыла яе маці, а Якуб Колас рушыў далей.

Пасля прыезду на паўднёвы фронт Міцкевіча залічылі ў 282-і Александрыйскі пяхотны полк. Больш падрабязна ды яшчэ з эмацыйнай афарбоўкай пра знаходжанне беларускага класіка на паўднёвым фронце напісана ў згаданай кнізе Лужаніна «Колас расказвае пра сябе». Аўтар, цытуючы Якуба Коласа, апісвае тагачасныя падзеі наступным чынам:

25 ліпеня прызначылі мяне начальнікам эшалона дэзерціраў. Загадалі везці іх на Румынскі фронт. Зноў дрыжы: паразбягаюцца, а ты адказвай па законах ваеннага часу. Марыю Дзмітраўну [жонку] завёз я ў Абаянь на Куршчыну… Там жылі яе маці і брат.

Падаўся са сваімі дэзерцірамі ў дарогу. Прасіў іх: «Не ўцякайце толькі, хлопцы! Пачакайце, пакуль прыедзем на пазіцыю!» Паслухалі. Я больш-менш у парадку здаў сваю быстраногую каманду.

Моцна рэзала крываўка (крывавы панос, дызентэрыя. — Заўв. рэд.). Знясіліла мяне дарэшты… Быў у румынскім горадзе Ваксо, потым Карадул. Тут наваліліся ўсе хваробы: жаўтачка, калаціла малярыя, пачыналіся сухоты. Далі мне адпачынак па хваробе. Я паехаў у Абаянь да сям'і.

Якуб Колас з жонкай Марыяй і сынам Данілам падчас службы ў 162-м запасным пяхотным палку ў Пярмі, 1917 год. Фота: БДАМЛіМ
Якуб Колас з жонкай Марыяй і сынам Данілам падчас службы ў 162-м запасным пяхотным палку ў Пярмі, 1917 год. Фота: БДАМЛіМ

Моцная хвароба пісьменніка сталася прычынай адпачынку на нявызначаны перыяд, аднак больш Якуб Колас не прызываўся ў імперскае войска, бо ў хуткім часе адбылася рэвалюцыя, а затым да ўлады прыйшлі бальшавікі, якія падпісалі мірную дамову з урадам Германскай імперыі.

Якубу Коласу вельмі моцна пашанцавала, бо хваробы ўратавалі яго жыццё. Хутка пасля яго ад’езду аўстра-нямецкія войскі перайшлі ў контрнаступ на Румынскім фронце. У раёне населенага пункта Мэрэшэшці падчас зацятых баёў у аблоках нямецкага газу (фасгену) пагалоўна загінула 71-я пяхотная дывізія. Тут жа гераічна палёг 282-і Александрыйскі пяхотны полк.

Такім чынам, калі б Якуб Колас быў непасрэдна ў гушчы падзей на Румынскім фронце, то ён амаль гарантавана стаў бы адным з дзясяткаў тысяч загінулых жаўнераў Расійскай імперыі пры Мэрэшэшці. Атрымоўваецца парадаксальная сітуацыя: хваробы беларускага пісьменніка выратавалі яго ад немінучай смерці. Перавод жа ў тыл фронту па цяжкім стане здароўя адназначна дазволіў захаваць жыццё і напісаць у будучым найвыдатнейшыя творы беларускай літаратуры.

Румынскія войскі пад Мэрэшэшці ў 1917 годзе падчас Першай сусветнай вайны. Фота: wikipedia.org
Румынскія войскі пад Мэрэшэшці ў 1917 годзе падчас Першай сусветнай вайны. Фота: wikipedia.org

Першыя кнігі класіка айчыннай літаратуры выйшлі па-за межамі сучаснай Беларусі

Шэраг першых кніг маладога творцы, які выбраў сабе народны псеўданім Якуб Колас, пабачылі свет не на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Цяпер гэта выглядае парадоксам, але на той час усё было абсалютна лагічна і нават заканамерна. Першая кніга Коласа выйшла ў Санкт-Пецярбургу ў 1909 годзе ў маладым беларускім выдавецтве «Загляне сонца і ў наша ваконца», гэта была чытанка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў».

Як піша ў кнізе «Беларускі Пецярбург» вядомы даследчык беларушчыны ў Расіі Мікола Нікалаеў, «суполка („Загляне сонцэ і ў наша ваконца“. — Заўв. рэд.) выдавала гэтую чытанку разам з віленскім выдавецтвам „Наша хата“ тыражом 6000 экзэмпляраў. Аб’яднанне дзеля друкавання адной кнігі дапамагло сканцэнтраваць сродкі і выйсці на максімальны для беларускай кнігі тыраж».

Гэтая чытанка ў кантэксце айчыннай культуры стала этапнай для развіцця цэлага шэрагу дысцыплін: і літаратуры, і педагогікі, і прыродазнаўства. На той час кніга Коласа была найбольш дасканалым выданнем для школьнікаў, яна мела сем частак і змяшчала творы, прысвечаныя розным порам года, а таксама два раздзелы з вершамі, байкамі і казкамі — як коласаўскага, так і народнага паходжання.

Чытанка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Якуба Коласа 1909 года. Выява: kamunikat.org
Чытанка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Якуба Коласа 1909 года. Выява: kamunikat.org

У пазнейшы час у Санкт-Пецярбургу таксама выйдуць адразу некалькі кніжачак ранніх твораў Канстанціна Міцкевіча. У выдавецтве Антона Грыневіча ў 1913 годзе пабачыла свет нізка твораў ў будучым славутага пісьменніка: «Тоўстае палена», «Нёманаў дар», а таксама адной кнігай «Прапаў чалавек. Паслушная жонка. Грушы сапяжанкі». Усе яны друкаваліся кірылічным шрыфтам.

У тым жа 1913 годзе выйшаў асобнай кніжачкай твор Якуба Коласа «Батрак. Як Юрка збагацеў», што, праўда, была выдадзена беларускай лацінкай, але ўжо ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша ваконца». Яшчэ пазней, у 1916 годзе, у гэтым жа выдавецтве выйшла кніга Коласа «Чарка ўсё на свеце робіць. 1-ы акт п’есы „Антось Лата“».

Твор Якуба Коласа «Батрак», які пабачыў свет на беларускай лацінцы. Выява: wikipedia.org
Твор Якуба Коласа «Батрак», які пабачыў свет на беларускай лацінцы. Выява: wikipedia.org

Нічога дзіўнага ў тым, што першыя кнігі Коласа выходзілі ў Пецярбургу, няма, бо гэты горад быў на той час адным з цэнтраў культурнага беларускага жыцця, сталіцай Расійскай імперыі, у якім развіваліся рухі многіх народаў (латышоў, літоўцаў, украінцаў). У розны час у Пецярбургу жылі Янка Купала, Вацлаў Іваноўскі, Цётка, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Антон Грыневіч і іншыя дзеячы, што моцна паўплывалі на развіццё беларушчыны і з’яўленне на карце свету асобнай краіны з назвай Беларусь.

Аднак самай першай па інтэнсіўнасці развіцця беларускай культуры была Вільня — цяперашняя сталіца незалежнай Літоўскай рэспублікі Вільнюс. На пачатку ХХ стагоддзя там кіпела беларускае жыццё, выдавалася газеты «Наша доля», а пасля і «Наша Ніва» ды выходзіла шмат беларускіх кніжак.

Не выключэннем былі і кнігі Якуба Коласа. У 1910 годзе там надрукавалі яго першы паэтычны зборнік «Песні-жальбы» (паэт тады быў у зняволенні, адбываючы турэмны тэрмін за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе). Гэта зборнік вершаў класіка беларускай літаратуры, у якім адлюстраваны вобраз роднага краю і рэаліі тагачаснага жыцця. Аўтар паэтызуе вобраз простага беларускага селяніна, які, знаходзячыся ў цяжкіх сацыяльных умовах, застаецца аптымістам і верыць у адраджэнне радзімы.

«Песні-жальбы» — першае паэтычнае выданне Якуба Коласа. Фота: gants-region.info
«Песні-жальбы» — першае паэтычнае выданне Якуба Коласа. Фота: gants-region.info

Праз два гады выйшаў першы зборнік ужо празаічных твораў пад вельмі простай назвай «Апавяданні». Гэтая кніга таксама была надрукаваная ў Вільні, у выдавецтве «Нашай Нівы». Што адметна, яе выхад у свет фундавала Тэрэза Гардзялкоўская — дваранка-каталічка з Магілёўскай губерні, якая фінансавала выхад беларускіх кніжак, сама пісала публіцыстычныя тэксты і нават перакладала. Яна разам са сваім сынам Канстанцінам Гардзялкоўскім арганізавала нелегальную беларускамоўную школку для сялянскіх дзяцей у вёсцы Сані (цяперашні Талачынскі раён Віцебскай вобласці), куды прыехаў Канстанцін Міцкевіч і дзе працаваў два з паловай месяцы (студзень-красавік 1908 года).

У 1914-м з’явілася на свет чарговая досыць аб’ёмная кніга з празаічнымі творамі «Родныя з’явы», выхад якой фундавала сама Магдалена Радзівіл. На тытульнай старонцы кнігі, якая выйшла ў выдавецтве знакамітага Марціна Кухты, знаходзіцца герб роду Завішаў, з якога паходзіла Магдалена, — «Лебедзь». Прычым «Родныя з’явы» аўтар падпісаў іншым псеўданімам — Тарас Гушча, які неаднаразова выкарыстоўваў для ўласных празаічных твораў.

Выгляд вокладкі і тытульнай старонкі зборніка празаічных твораў Якуба Коласа «Родныя з’явы» пад псеўданімам Тарас Гушча. Выява: slideshare.net
Выгляд вокладкі і тытульнай старонкі зборніка празаічных твораў Якуба Коласа «Родныя з’явы» пад псеўданімам Тарас Гушча. Выява: slideshare.net

На прысядзібным участку зрабіў дослед па вырошчванні ячменю і жыта

Паколькі Якуб Колас паходзіў з простых сялянаў, ён вельмі любіў прыроду, пільна за ёй назіраў, трапна апісваючы розныя з’явы ва ўласных творах. Больш за тое, як у даваенным, так і ў пасляваенным доме Коласа былі прысядзібныя ўчасткі. У 1952−1953 гадах паэт у сябе пад вакном двухпавярховага цаглянага катэджа пасеяў жыта і нават зрабіў вядомы дослед па сумесным яго пасеве разам з ячменем, пра што вычытаў у дарэвалюцыйным часопісе «Полоцко-Витебская Старина». Невялічкая «доследная дзялянка» была патрэбная паэту, каб праводзіць сельскагаспадарчыя эксперыменты, засяваючы яе ўсякімі гатункамі збожжавых, а таксама спрабуючы розныя ўгнаенні.

Якуб Колас сярод ячменю, што ўзышоў на прысядзібнай дзялянцы. Фота: Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч
Якуб Колас сярод ячменю, што ўзышоў на прысядзібнай дзялянцы. Фота: Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч

Вынікі сельскагаспадарчага доследу пісьменніка былі нават апублікаваныя ў часопісе Акадэміі навук, «Известиях Академии наук БССР», у 1953 годзе пад назвай «Забытый способ посева озимой ржи», дзе народны паэт Беларусі і акадэмік АН БССР пісаў наступнае: «Я решил проверить этот способ сева на опыте. На своем усадебном участке между двумя рядами плодовых деревьев и ягодных кустов я отвел сорок квадратных метров земли. Земля песчаная, но в предыдущие годы в нее вносили навоз. Отведенный клочок земли был вспахан лопатой и заборонован граблями. Когда земля немного осела, я весной 1952 года засеял ячмень с добавлением ржи. Семена были далеко не сортовые, не отборные, да и заделал я их плохо: много семян оказалось на поверхности почвы, значительную часть их поклевали воробьи. Но все же ячмень взошел, взошла и рожь. Ячмень сжали, а рожь, приникшая к земле, стала развиваться. Но она была реденькая. Два раза ее пришлось сжинать».

Публікацыя даследавання Якуба Коласа ў часопісе «Весці АН БССР», № 5, 1953 год. Выява: Літаратурны музей Якуба Коласа
Публікацыя даследавання Якуба Коласа ў часопісе «Весці АН БССР», № 5, 1953 год. Выява: Літаратурны музей Якуба Коласа

Беларускамоўны варыянт тэксту сельскагаспадарчага эксперыменту быў апублікаваны ў газеце «Калгасная праўда», прычым таксама ў 1953 годзе. Праўда, ў перыёдыцы тэкст Коласа выйшаў ужо пад назвай «Справа, якая заслугоўвае ўвагі». Пра сваю доследную дзялянку пісьменнік узгадаў і ў вершы «З майго летапісу», апісваючы ўласную сядзібу:

«Стаіць мая хата між хвой кучаравых,

І купіна жыта на клумбе пры ёй.

Свая ў мяне пожня, і дрэўцы, і травы,

Пляцоўка, і двор свой, і я сабе свой».

У 1955 годзе жыхар вёскі Сычык цяперашняга Крычаўскага раёна пісаў да пісьменніка, бо таксама хацеў паўтарыць эксперымент Коласа на ўласным участку:

Дарагі Канстанцін Міхайлавіч!

У мінулым годзе я чытаў Вашу заметку ў газеце «Калгасная праўда», у якой Вы расказвалі аб сумесным пасеве жыта і ячменя (Ваш вопыт). Я задаўся мэтай прарабіць гэты вопыт у сябе на сядзібе. Але, на жаль, выраз, зроблены мною, з Вашым артыкулам згубіўся, і я зараз не ведаю падрабязнасцей Вашага вопыта. Пасля доўгіх пошукаў я рашыў звярнуцца да Вас, Канстанцін Міхайлавіч з просьбай паведаміць мне паўторна так, як было ў газеце. Магчыма, у Вас засталася копія? Я буду Вам вельмі ўдзячны.

Прыміце маё шчырае прывітанне і мае найлепшыя пажаданні.

21.ІІІ.55 г. І.А. Катоўскі

Контррэвалюцыйная казка

Мы ўжо згадвалі, што да казачнага эпасу класік беларускай літаратуры звяртаўся яшчэ на золку сваёй творчасці (у першым выданні «Другога чытання для дзяцей беларусаў» змешчана адзінаццаць рознатэматычных народных казак). Аднак у міжваенны час некалькі народных апавяданняў для дзяцей, апрацаваных Якубам Коласам, выйшлі асобнымі выданнямі. Адным з іх была добра ілюстраваная кніга з казкай «Як пеўнік ратаваў курачку», якая налічвала ўсяго паўтара дзясятка старонак і выйшла ў 1928 годзе.

Ілюстраваў шыкоўную дзіцячую кніжку вялікага фармату знакаміты мастак Валянцін Волкаў — аўтар малюнка герба БССР, а таксама знакамітага палатна «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» (аднаго з самых вядомых беларускіх твораў перыяду савецкага рэалізму). Менавіта Волкаў з 1928-га па 1941 год працаваў у дзяржаўным выдавецтве БССР. Народная казка, апрацаваная Якубам Коласам, з яскравымі ілюстрацыямі мастака была сапраўдным падарункам для беларускіх дзетак таго перыяду.

Вокладка выдання казкі «Як пеўнік ратаваў курачку», 1928 год. Выява: kolasmuseum.by
Вокладка выдання казкі «Як пеўнік ратаваў курачку», 1928 год. Выява: kolasmuseum.by

Але шыкоўна ілюстраванае выданне народнай казкі праз тры гады пасля свайго выхаду, у 1931 годзе, аказалася пад забаронай. Тагачасны дырэктар Беларускага дзяржаўнага выдавецтва атрымаў сакрэтнае распараджэнне наступнага зместу за подпісам намесніка загадчыка Культпропу па прозвішчы Рычкоў: «Культпроп ЦК КП (б)Б прапануе Вам забараніць распаўсюджваньне казкі Я. Коласа „Як пеўнік ратаваў курачку“, як контррэвалюцыйную». Гучыць з цяперашняга пункту гледжання надзвычай абсурдна, аднак гэта была абсалютна рэальная справа, прычым вельмі сур’ёзная — яна абмяркоўвалася на даволі высокім узроўні. Пытаннямі цэнзуры звычайна ў тыя часы займаўся Галоўлітбел, аднак у экстранных выпадках забароны ішлі непасрэдна з ЦК у выдавецтвы, абмінаючы Галоўлітбел. Менавіта такім яскравым прыкладам з’яўляецца справа з народнай казкай «Як пеўнік ратаваў курачку» — праўда, што менавіта змусіла цэнзараў палічыць твор крамольным, невядома.

Дакумент з экспазіцыі музея Якуба Коласа, у якім прапісана прананова аб забароне казкі. Фота: «Люстэрка»
Дакумент з экспазіцыі музея Якуба Коласа, у якім прапісаная прапанова забараніць казку. Фота: «Люстэрка»

Нягледзячы на гэтыя акалічнасці, творчая калабарацыя Коласа і Волкава працягвалася і праявілася яшчэ ў адным ілюстраваным дзіцячым выданні вершаванага апавядання «Савось-распуснік» 1936 года, што выйшла праз дзесяць год пасля напісання твора Коласам. Гэта выданне спалучыла ў сабе два таленты — пісьменніцкі і мастацкі. На вокладцы намаляваны галоўны герой, а назва пад выявай Савося, можна меркаваць, зробленая почыркам самога Коласа.

Выгляд вокладкі выдання «Савось-распуснік» 1936 года. Выява: knihi.com
Так выглядала выдання «Савось-распуснік» 1936 года. Выява: knihi.com

Яшчэ адна творчая калабарацыя атрымалася паміж Якубам Коласам і Міхаілам Эндэ — беларускім жывапісцам і графікам, які выканаў ілюстрацыю двух кніжак беларускіх казак для дзетак у апрацоўцы Якуба Коласа — «Воўк-дурань» (1928), «Сабака і воўк» (1930).

Вокладка выдання «Воўк-дурань» 1928 года. Крыніца — picryl.com
Вокладка выдання «Воўк-дурань» 1928 года. Выява: picryl.com