Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік акрэсліў прыярытэты працы ведамства ў 2023 годзе на паседжанні калегіі, якое праходзіць у Мінску, перадае Sputnik.
Паводле Алейніка, неабходна працягваць супрацоўніцтва з дзяржавамі «далёкай дугі» — Кітаем, Індыяй, ААЭ, Іранам, Зімбабвэ і іншымі краінамі.
Ён таксама заявіў, што адной з найважнейшых задач дыпламатаў сёлета стане афармленне поўнафарматнага чальцоўства Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
«Таксама не варта забываць і пра іншыя адносна новыя для нас фарматы — кажу пра актыўную працу ў рамках форуму „Расія — Афрыка“ і падключэнне да фармату БРІКС», — падкрэсліў кіраўнік ведамства.
Дыялог з Захадам захоўваецца…
Гаворачы пра ўзаемадзеянне з заходнімі краінамі, Алейнік звярнуў увагу, што МЗС працягвае комплексна падтрымліваць беларускія прадпрыемствы за мяжой, дзе гэта магчыма, і развіваць гандаль з некаторымі дзяржавамі.
«Там, дзе гэта адпавядае нашым інтарэсам, мы захоўваем крытычны дыялог. Да палітыкафармавальных колаў дзяржаваў Захаду даводзіцца нашая прынцыповая пазіцыя наконт контрпрадуктыўнасці санкцый і абмежаванняў, важнасці развіцця ўзаемапаважлівых адносін як адзінага спосабу ўрэгулявання міждзяржаўных супярэчнасцяў», — рэзюмаваў Алейнік.
…але Захад працягвае кідаць выклікі
Паводле яго словаў, Беларусь гатовая спакойна і паслядоўна супрацьстаяць далейшым выклікам Захаду.
«Паводле нашых ацэнак, 2023 год будзе не менш напружаным. Сілы і магчымасці нашых апанентаў вельмі істотныя. Ціск на нас працягнецца», — адзначыў кіраўнік МЗС у сваім выступе.
Алейнік падкрэсліў, што Беларусь гатовая спакойна і паслядоўна супрацьстаяць санкцыйнай палітыцы Захаду, бо «за гэты час стала мацнейшай, і гэта не мяжа нашых магчымасцяў».
Пра тое, як вайна ва Украіне паўплывала на Беларусь
Кажучы пра вынікі працы дыпламатычнай службы ў 2022 годзе, Сяргей Алейнік пракаментаваў вайну ва Украіне, але апасродкавана.
«Рэалізуючы свае планы, Захад кансалідаваў сілы супраць Расіі і яе саюзнікаў, уключаючы Беларусь… Не спыняецца перад выкарыстаннем практычна любых сродкаў: гандлёвыя абмежаванні, аднабаковыя незаконныя санкцыі, дэманізацыя і расчалавечванне ўсіх, хто спрабуе займаць незалежную ад іх пазіцыю», — дадаў міністр.
Пасля чаго нагадаў пра нядаўняе рашэнне Польшчы абмежаваць у аднабаковым парадку памежны кантроль з Беларуссю і пра «далейшую мілітарызацыю NATO ўздоўж заходніх беларускіх межаў».