Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  2. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  3. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  4. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  5. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
  6. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
  7. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  8. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  9. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  10. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
  11. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  12. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  13. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  14. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
Читать по-русски

апублікавана: 
абноўлена: 

У Мінску 3 сакавіка вынеслі прысуды праваабаронцам «Вясны»: нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму, яго калегам Уладзіміру Лабковічу і Валянціну Стэфановічу прызначылі 10, 7 і 9 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. На прысуд адрэагавалі сваякі і аднадумцы асуджаных, беларускія дэмсілы і сусветная грамадскасць — сабралі іх выказванні.

Фигуранты "Весны" на оглашении приговора, 3 марта 2023 года. Фото: sb.by
Фігуранты «Вясны» на абвяшчэнні прысуду, 3 сакавіка 2023 года. Фота: sb.by

Працэс ішоў у судзе Ленінскага раёна Мінска амаль два месяцы. На лаве падсудных аказаліся прадстаўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна» — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч. Яшчэ аднаго праваабаронцу, Дзмітрыя Салаўёва, судзілі завочна, бо ён знаходзіцца за мяжой.

Фігурантаў абвінавачвалі ў кантрабандзе, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Ніхто з іх віны не прызнаў.

Суд прызначыў Алесю Бяляцкаму пазбаўленне волі тэрмінам на 10 гадоў, Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў, Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў, Дзмітрыю Салаўёву — 8 гадоў.

Акрамя таго, з усіх чацвярых у салідарным парадку суд спагнаў 752 438 рублёў 62 капейкі — гэтую суму яны нібыта атрымалі падчас «кантрабанды ў складзе арганізаванай злачыннай групоўкі». З улікам штрафу праваабаронцаў абавязалі выплаціць 1 270 438 рублёў 62 капейкі (амаль 450 000 даляраў).

Яшчэ напярэдадні вынясення прысуду, 2 сакавіка, 21 міжнародная арганізацыя падпісала заяву, дзе асудзіла крымінальную справу ў дачыненні да Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча. Там адзначаецца, што вясноўцаў пераследуюць за законную праваабарончую дзейнасць, а суд над імі і следства суправаджаліся шматлікімі парушэннямі правоў чалавека і стандартаў справядлівага судовага разбіральніцтва.

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) заявіла, што абвінавачанні супраць беларускіх праваабаронцаў сфабрыкаваныя.

Спецдакладчык па Беларусі Анаіс Марэн выказала «вялікую занепакоенасць» тым фактам, што беларускія ўлады «крыміналізуюць праваабарончую дзейнасць, а роля праваабаронцаў найбольш неабходная».

«Асуджаныя людзі і асуджаная свабода»

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук у каментары «Еўрарадыё» назвала прысуд жорсткім, адзначыла адсутнасць доказаў па «надуманых артыкулах» і падкрэсліла, што на судзе не прагучала ніводнага аргументу на карысць абвінавачвання.

— Пры ўсім пры тым задача была пастаўленая: асудзіць праваабаронцаў, асудзіць тых, хто змагаецца за праўду і за правы людзей. І мы бачым, што асуджаныя людзі і асуджаная свабода. Асуджаныя людзі, якія змагаліся за свабоду, за праўду, змагаліся праваабарончай дзейнасцю. За гэтую праваабарончую дзейнасць яны і асуджаныя, — сказала Пінчук.

Таксама яна і жонкі двух іншых асуджаных праваабаронцаў — Ніна Лабковіч і Аліна Стэфановіч — пракаментавалі прысуд «Вясне».

— Тое, што Алесю прызначылі не 12 гадоў, а 10 — гэта адзін з паказальных момантаў: нібыта адбылося змякчэнне прысуду, але гэта ніякае не змякчэнне прысуду, — сказала Наталля Пінчук.

— Вядома, мы на цуд не спадзяваліся, але гэты «падарунак» у два гады для нас многае значыць. Але ўсё роўна гэта вельмі балюча. Вельмі. Немагчыма прыняць. Бо дзень у турме — гэта мінус дзень жыцця з сям’ёй і дзецьмі.

У часы татальнай несправядлівасці вытрымаць гэта можна толькі праз каханне, любоў сям'і, родных і многіх добрых людзей. Ім там патрэбная нашая падтрымка, ведаць, што іх чакаюць і што ўсё не дарма, — падкрэсліла Ніна Лабковіч.

— «Вясна прыйдзе незваротна», — сказаў Валянцін у сваім апошнім слове. І я дадам, што і адказнасць таксама. Неба ўсё бачыць, і кожны атрымае тое, да чаго імкнуўся і што заслужыў, — дадала Аліна Стэфановіч.

Юрыст «Вясны», экс-адвакат Павел Сапелка ў каментары «Радыё Свабода» заявіў, што барацьба за правы чалавека ў Беларусі — вельмі небяспечная дзейнасць, якая палохае беларускія ўлады, нават калі вядзецца выключна мірна і легітымна, і прысуд гобелеўскаму лаўрэату і ягоным паплечнікам — «яскравае таму сведчанне».

Ён запэўніў, што праваабаронцы «Вясны» не спыняць сваёй дзейнасці, працягнуць падтрымліваць палітвязняў і ахвяр рэпрэсій, а таксама збіраць доказы злачынстваў беларускіх уладаў.

«Гэта не суд, а прапагандысцкі спектакль»

Завочна асуджаны на восем гадоў па тым жа прысудзе Дзмітрый Салаўёў, які цяпер знаходзіцца за мяжой, лічыць прысуд вясноўцам і сам працэс спробай нейтралізаваць праваабаронцаў.

— Гэта не суд, а прапагандысцкі спектакль, гэта расправа над праваабаронцамі, — заявіў ён у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

На ягоную думку, прызначаныя судом тэрміны зняволення фігурантам справы «Вясны» заказаў асабіста Лукашэнка, а мэта ўладаў — дамагчыся таго, каб пра сітуацыю з правамі з Беларусі наогул не гаварылася, але «ў іх гэта не атрымаецца».

Праваабаронца заклікаў да міжнароднага адказу на рашэнне суда, у прыватнасці да ўзмацнення жорсткасці санкцый супраць беларускіх уладаў:

— Я выступаю за тое, каб санкцыі былі павялічаныя, бо з рэжымам ненармальна весці справы, даваць яму магчымасць зарабляць. Таксама неабходна ўлічваць, што гэты рэжым дапамагае Расіі забіваць украінцаў, — дадаў ён.

«Помста за салідарнасць»

Лідар беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская назвала прысуд Бяляцкаму, Стэфановічу і Лабковічу «жахлівым»:

— Алесь прысвяціў сваё жыццё барацьбе з тыраніяй. Ён сапраўдны герой Беларусі, і яго будуць шанаваць яшчэ доўга пасля таго, як дыктатара забудуць, — сказала яна.

— Ганебны прысуд Алесю, Валянціну і Уладзіміру — помста рэжыма за іх стойкасць. Помста за салідарнасць. Помста за дапамогу іншым. Дзесяць гадоў для нобелеўскага лаўрэата наглядна паказваюць, што такое рэжым Лукашэнкі. Мы не перастанем змагацца за нашых герояў, — дадала палітык.

— Прысуд для вясноўцаў — бесчалавечны, жорсткі, але прадказальны. Гэта помста за нязломнасць. Помста за салідарнасць. Гэта і плявок у твар міжнароднай праваабарончай супольнасці — калі садзяць віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.

Я бачыла фотаздымкi з суда. Бачыла вочы Алеся і іншых. У іх няма адчаю — але ёсць энергія, гатовасць працягваць барацьбу. Яны ведаюць, што робяць правільную справу.

Алесь нават з турмы здольны прыцягваць увагу да Беларусі. Мы бачым, што дзякуючы яму Беларусь вяртаецца ў парадак дня. Дзякуючы яму гавораць пра іншых палітвязняў. Гэта вялікая ахвяра, на якую ён пайшоў дзеля ўсіх нас.

Я ад усяго сэрца зычу Алесю Бяляцкаму, Уладзіміру Лабковічу і Валянціну Стэфановічу прайсці гэтае выпрабаванне хутчэй і без моцнай шкоды для здароўя. Вы — нашыя героі. Мы, усе беларусы, будзем рабіць усё магчымае, каб гэты жах скончыўся як мага хутчэй, і ніколі не паўтарыўся зноў, — напісала яна ў Telegram.

«Гэта Беларусі даюць вырак правесці 10 гадоў у нечалавечых умовах»

На прысуд адрэагавала прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык:

— Мы бачым фатаграфіі Алеся, зробленыя праз краты. Бачым яго вочы — і ў іх усё сказана: і пра цяжар, які ён там нясе, але і пра яго нязломнасць, выпрабаваную часам. Я ўжо не адзін раз заўважала, што самая нязломная вера — у тых, хто цярпіць за ўсіх нас у лукашысцкіх засценках. І з Алесем — тое ж: святло яго вачэй дае веру нам, і натхняе нас працаваць больш зацята, каб ён, і ўсе нашыя блізкія, нявінна асуджаныя, выйшлі на волю.

Алесь — не проста праваабаронца. Гэта асоба, якая абдымае ўсю беларускую культуру, усю гістарычную эпоху, праз якую наканавана прайсці нашай радзіме. Тое, што адбываецца зараз з ім, можна з упэўненасцю перанесці на ўсю Беларусь: гэта Беларусі даюць вырак правесці 10 гадоў у нечалавечых умовах. Гэта Беларусь, таленавітую, адважную, з абвостраным пачуццём справядлівасці асуджаюць на побыт з крымінальнікамі на зоне, як пакаранне за тое, што прагнула праўды, заявіла пра свае правы і годнасць.

Я горача дзякую Алесю за той крыж, які ён нясе за ўсіх нас. Я хачу абняць яго блізкіх і быць з імі разам у гэтую хвіліну. А да ўсіх беларусаў у мяне толькі адна просьба: каб кожны з нас падумаў і вырашыў, што канкрэтна ён можа зрабіць на сваім месцы, каб зменшыць пакуты Алеся, каб ён хутчэй выйшаў на волю. І зрабіў гэта.

«Не было ілюзій»

Кіраўніца Беларускага ПЭН Таццяна Нядбай пракаментавала прысуд вясноўцам словамі: «Не было ілюзій».

— Несправядлівы і палітычна матываваны прысуд Бяляцкаму — чалавеку, які ўсё сваё жыццё прысвяціў беларускай культуры і правам чалавека, — сведчанне таго, што рэжым у Беларусі сёння — антыбеларускі і антынародны — помсціць нязломным грамадзянам за іх няўхільную пазіцыю і непрыманне дыктатуры, гвалту і хлусні.

Праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі сёння ўвасабляе сабой усю грамадзянскую супольнасць Беларусі, якая не хоча мірыцца з несправядлівасцю і парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, знішчэннем беларускай культуры, — напісала яна ў Facebook.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч. Калаж: ПЦ «Вясна»

«Каб ніхто і пікнуць не мог»

На абвяшчэнні прысуду збіраўся прысутнічаць сустаршыня расійскай праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» Алег Арлоў, аднак яму забаранілі ўезд у Беларусь: пра гэта ён даведаўся ўжо ў маскоўскім аэрапорце. Праваабаронца заявіў, што не здзіўлены гэтаму, таму што «злачынствы пажадана здзяйсняць без сведак».

Ужо пасля абвяшчэння рашэння суда «Мемарыял» назваў прысуд, як і саму крымінальную справу супраць Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча, «непрыхаванай беззаконнай расправай за іх праваабарончую дзейнасць падчас кампаніі тэрору супраць грамадзянскай супольнасці і ўсяго народа Беларусі, разгорнутай дыктатарскім рэжымам у жніўні 2020 года пасля выбараў, прайграных Лукашэнкам».

Сам жа Алег Арлоў прызнаўся «Радыё Свабода», што «калі апынаешся ў Беларусі, то бачыш, што Расіі яшчэ ёсць куды падаць». Уладу ў Беларусі (і ў Расіі таксама) ён назваў фашысцкай, якая не цярпіць любой незалежнай ініцыятывы:

— І таму такія прысуды. Каб запалохаць грамадства, каб ніхто нават пікнуць не мог. Каб кожны разумеў, што за любое слова пасадзяць і закатаюць у асфальт, — упэўнены праваабаронца.

«Такая ж ганьба, як і падтрымка Лукашэнкам вайны»

На прысуд беларускім праваабаронцам адрэагавалі і за мяжой. Так, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) заклікала ўвесь свет даць жорсткі адказ:

— Пасля суда, які прайшоў з парушэннямі, нашыя калегі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч былі асуджаныя на 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Мы асуджаем гэты жорсткі і абсурдны прысуд і заклікаем да жорсткай міжнароднай рэакцыі, — гаворыцца ў паведамленні федэрацыі.

У міжнародным PEN-цэнтры заявілі, што «шакаваныя» прысудам Алесю Бяляцкаму:

— Бяляцкі прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. У снежні яму забаранілі выступаць на цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, дзе яго віталі як маяк святла для рэгіёна і за яго межамі. Бяляцкі з’яўляецца сімвалам надзеі, які натхняе праваабаронцаў ва ўсім свеце і заслугоўвае павагі. Мы заклікаем да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама да адмены абвінаваўчага прысуду.

Камісар па правах чалавека ў Савеце Еўропы Дуня Міятавіч назвала прысуд абуральнай атакай на правасуддзе і спробай пакараць за праваабарончую дзейнасць:

— Гэта несправядлівае рашэнне, як і дзясяткі іншых прысудаў незалежным журналістам і праваабаронцам, у тым ліку партнёрам майго Офіса, а таксама іншым нязгодным з рэжымам, чарговым разам ілюструюць шырокамаштабныя і сістэмныя рэпрэсіі і пераслед усіх тых, хто мужна змагаецца за дэмакратыю, справядлівасць і правы чалавека ў Беларусі. Рэпрэсіі з боку рэжыму і парушэнні правоў чалавека павінныя спыніцца, — заявіла палітык.

Міністр замежных справаў Германіі Аналена Бербак назвала абвінавачанні і судовае разбіральніцтва супраць Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча «фарсам», заявіўшы, што іх асудзілі «за шматгадовую барацьбу за правы, годнасць і свабоду народа Беларусі».

— Рэжым у Мінску змагаецца з грамадзянскай супольнасцю праз гвалт і турэмнае зняволенне. Гэта такая ж штодзённая ганьба, як і падтрымка Лукашэнкам пуцінскай вайны. Мы патрабуем спынення палітычных пераследаў і вызвалення больш за 1400 палітычных зняволеных, — напісала яна ў Twitter.

А многія сусветныя СМІ выйшлі з паведамленнямі пра прысуд і фотаздымкамі палітвязняў на першых палосах.