У суботу, 13 траўня, пасля інцыдэнтаў у Бранскай вобласці беларускія войскі перавялі ў ступень гатоўнасці нумар адзін. Пра гэта Аляксандру Лукашэнку далажылі вайскоўцы, перадае яго прэс-служба.
«Трое сутак пасля падзеяў побач з намі. Я маю на ўвазе ў Бранскай вобласці, калі былі збітыя чатыры паветраныя судны. Мы вымушаныя былі на гэта рэагаваць. З таго часу мы знаходзімся ў больш павышанай гатоўнасці — нашыя войскі. Таму мяне цікавіць абстаноўка вакол краіны. І, натуральна, напрамкі і перспектывы развіцця гэтай абстаноўкі. Каротка. Без запалохванняў. Пра тое, што адбываецца і што мы чакаем у кароткатэрміновай перспектыве», — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго словаў, цяпер абстаноўка ў Беларусі «не крытычная, але тым не менш ёсць насцярожвальныя фактары».
Нагадаем, 13 траўня стала вядома, што ў выніку крушэння двух верталётаў Мі-8 і самалётаў Су-34 і Су-35 у Бранскай вобласці Расіі загінулі дзевяць чалавек.
«Паводле папярэдніх звестак, усе яны [верталёты і самалёты] уваходзілі ў адну авіягрупу — знішчальнікі мусілі нанесці ракетна-бомбавы ўдар па цэлях на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці Украіны, а верталёты — іх падстрахаваць, каб у тым ліку падабраць экіпажы Су, калі яны будуць збітыя агнём праціўніка. На аэрадром не вярнуліся ўсе чатыры машыны. Іх пілоты загінулі», — пісаў «КоммерсантЪ» са спасылкай на крыніцы.
Улады Бранскай вобласці афіцыйна пацвердзілі толькі крушэнне верталёта. Міністэрства абароны Расіі гэтых здарэнняў ніяк не каментавала.
Чытайце таксама