Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  2. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  3. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  4. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  5. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
  6. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
  7. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  8. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  9. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  10. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
  11. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  12. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  13. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  14. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
Читать по-русски


Беларускі рэжым апошнія гады планамерна зачышчае палітычнае поле ўнутры краіны. У пэўнай меры гэта робіцца з прыцэлам на прэзідэнцкія выбары 2025 года, на якія з вялікай доляй імавернасці пойдзе Аляксандр Лукашэнка. Але ёсць праблема: хто будзе ў бюлетэні разам з ім? Зноў чалавек з прозвішчам Гайдукевіч? Паўсталая з нябыту Ганна Канапацкая? Хто-небудзь з цяперашніх чыноўнікаў, адпраўлены адыгрываць масоўку? Тады перадвыбарчая кампанія можа ператварыцца ў спаборніцтва па тым, хто мацней будзе хваліць Лукашэнку. А можа, палітык будзе адзіным кандыдатам? Пра ўсё гэта разважае Юрый Дракахруст.

Юрый Дракахруст

Аглядальнік «Радыё Свабода»

Кандыдат фізіка-матэматычных навук. Лаўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў за 1996 год. Журналісцкае крэда: не плакаць, не смяяцца, а разумець.

Блог Юрыя Дракахруста на сайце «Радыё Свабода»

На першы погляд, абмяркоўваць гэта пакуль рана. Але насамрэч шукаць адказ на такое пытанне — гэта спосаб абмяркоўваць, якім будзе беларускае грамадства на момант прэзідэнцкіх выбараў наступнага года.

Пакуль можна казаць толькі пра дрэва варыянтаў, пра аналіз, ад чаго залежыць той ці іншы набор кандыдатаў.

Серыя нядаўніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі сведчыць, што пра прэзідэнцкія выбары ён ужо думае ў практычнай плоскасці. Парламенцкія і мясцовыя выбары гэтага года — для яго і падрыхтоўка, і рэпетыцыя галоўных, прэзідэнцкіх, выбараў.

Першае развілка — гэта фармаванне сёлета Усебеларускага народнага сходу з новымі паўнамоцтвамі, прапісанымі ў Канстытуцыі, прынятай на рэферэндуме 2022 года. Інтрыга гэтага працэсу ў тым, ці зойме Лукашэнка пасаду старшыні гэтага сходу. Калі не, гэта будзе дакладна азначаць, што ён рыхтуе транзіт улады, што ў 2025 годзе перавыберацца на пасаду кіраўніка дзяржавы, але пасля паступова будзе адыходзіць ад справаў. Варыянт гэты здаецца малаімаверным — у адміністрацыі Лукашэнкі не выключалі, што ён можа ўзначаліць УНС.

Транзіт можна пачаць і праз змену роляў — Лукашэнка ў 2024 годзе ўзначальвае УНС, а ў прэзідэнты ідзе нейкі іншы прадстаўнік кіроўнай эліты. Але досвед постсавецкіх краін паказвае, што такія схемы дуумвіратаў, плаўнага адыходу ад справаў — штука ненадзейная.

Самы свежы прыклад — Казахстан. Нурсултан Назарбаеў паставіў прэзідэнтам адданага чалавека, пакінуў за сабой некаторыя ўладныя паўнамоцтвы і ролю нацыянальнага лідара, «бацькі нацыі». І дзе ў выніку аказаўся той лідар і «бацька нацыі»? Прызабыўся ўжо прыклад з прэзідэнцтвам Дзмітрыя Мядзведзева ў Расіі. Але ў канцы яго кіравання былі відавочныя трэнні паміж яго прэзідэнцкай камандай і камандай тагачаснага прэм’ера Уладзіміра Пуціна.

У выніку, палічыўшы эксперымент няўдалым, вярнулі status quo.

Лукашэнка наўрад ці хоча аказацца ў цяперашнім становішчы Назарбаева ці нават у становішчы Пуціна часоў прэзідэнцтва Мядзведзева. І рэч нават не ў спецыфіцы асобаў Мядзведзева ці Касым-Жамарта Такаева, проста дуумвірат — канструкцыя няўстойлівая, далікатная, якая можа пацягнуць абвальванне ўсёй сістэмы ўлады.

Таму магістральны варыянт — сёлета Лукашэнка ўзначальвае УНС, а ў наступным годзе удзельнічае ў прэзідэнцкіх выбарах. І вось мы падыходзім да галоўнага пытання гэтага тэксту: хто можа аказацца разам з ім у бюлетэні?

Калі экстрапаляваць на выбары 2025 года досвед выбарчай кампаніі 2024 года, найлепшы для Лукашэнкі адказ — ніхто. На парламенцкія выбары не пайшлі ўдзельнікі прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая і Сяргей Чэрачань. Не захацелі, параілі не ісці — усё роўна. Важна тое, што на выбарах 2024 года няма патрэбы ў стварэнні нават уяўнай, бутафорскай альтэрнатывы.

Таксама вельмі павучальны кейс Дзмітрыя Кучука — былога старшыні ліквідаванай партыі «Зялёныя», які паспрабаваў зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Не сказаць, што гэтая партыя, калі яшчэ існавала, неяк вельмі рашуча кідала выклік уладзе. Роўна як і сам спадар Кучук, абвяшчаючы пра намер збіраць подпісы за сваё вылучэнне, казаў толькі пра дэманстрацыю хоць нейкай альтэрнатывы.

Маглі потым забракаваць подпісы, маглі на выбарах напісаць паўпрацэнта галасоў. Не, не зарэгістравалі нават ініцыятыўную групу. Любая ненулявая рызыка недапушчальная, усе цвікі павінныя быць забітыя да галоўкі.

Так што разважаючы па аналогіі, можна меркаваць, што паводле такога ж прынцыпу ўлада будзе дзейнічаць і на прэзідэнцкіх выбарах. Невыпадкова нейкі час таму Лукашэнка панаракаў, што дарма не запісалі ў Канстытуцыю механізм абрання прэзідэнта Усебеларускім народным сходам.

Але не запісалі ж. І не таму, што хтосьці, і ўжо тым больш апазіцыя, гэтаму перашкаджаў. Зрэшты, у 2025 годзе захаванне народных выбараў прэзідэнта можна ліквідаваць фактычна. Не, не мяняць Канстытуцыю, а правесці прэзідэнцкія выбары з адным прозвішчам. А чаму не? Вяртаемся ж у савецкі «залаты век», вось год якасці праводзім. А хіба ў Сталіна ці Брэжнева ў бюлетэнях былі нейкія канкурэнты?

Але гэта ўсё ж крайні варыянт. Уяўляецца, што самаразвіццё сістэмы яшчэ не дайшло да пункту, калі гэта натуральны вынік. Пакуль гэта ўсё ж выглядала б пераборам. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў 2025 годзе з адным прозвішчам грамадства, можа, праглыне і не пікне. А можа, і не.

Таму ўсё ж базавы варыянт бюлетэня на 2025 год — гэта Лукашэнка плюс кандыдаты-спойлеры, хутчэй за ўсё, ад партый, якія прайшлі перарэгістрацыю. Сказана ж было, што роля партый вырасце. Вось хай і вылучаюць кандыдатаў для стварэння масоўкі і ілюзіі нейкага выбару.

У 2020 годзе Алег Гайдукевіч зняў сваю кандыдатуру, калі стала ясна, што на выбары пойдуць і сур’ёзныя альтэрнатыўныя кандыдаты. Пайшлі яны, і неабходнасць у ім знікла. Але калі ў 2025 годзе альтэрнатыўных не будзе, як іх няма на сёлетніх выбарах, то спатрэбіцца і Гайдукевіч. Каб было не зусім ужо як за Брэжневым.

Ну і нарэшце трэці варыянт — з альтэрнатывай, прынамсі фармальнай (якой Гайдукевіч з таварышамі не з’яўляецца).

Улада і цяпер кажа, што праводзіць выбары не для Захаду, вось не запрасілі назіральнікаў АБСЕ. І ў наступным годзе будуць казаць тое самае, і назіральнікаў ад АБСЕ таксама наўрад ці запросяць.

Але жыццё — штука непрадказальная. Асабліва вайна, якая шугае ля межаў Беларусі, і ў якую яна ўцягнутая, хай і ўскосна. І залежнасць Мінска ад Масквы, якая паглыбляецца, можа нарадзіць там спакусу зрабіць гэтую залежнасць поўнай і незваротнай. Так што збег абставінаў можа вярнуць неабходнасць усё ж неяк узаемадзейнічаць з Захадам.

З іншага боку, у 2023 годзе ў палітыцы Захаду адносна Беларусі пазначылася новая тэндэнцыя. Гэта можна назваць паўзучым прызнаннем Святланы Ціханоўскай і структур, якія яна ўзначальвае. Кансультацыйная група па ўзаемадзеянні Аб’яднанага кабінета з ЕС, стратэгічны дыялог з ЗША, адкрыццё дыпламатычных прадстаўніцтваў шэрагу краін пры дэмакратычных сілах — гэта не поўнае прызнанне, але раней гэтага не было. У Ціханоўскай было шмат сустрэч на высокім узроўні, але інстытуцыянальнае супрацоўніцтва і прызнанне пачалося толькі летась. Не тое што гэта азначае пралог краху рэжыму Лукашэнкі, але ягонай стабільнасці гэта ўжо сапраўды не ўмацоўвае.

Светлана Тихановская вручает Анджею Дуде награду ОПК - Крест добрососедства. Варшава, Польша, 9 января 2024 года. Фото: "Зеркало"
Святлана Ціханоўская ўручае Анджэю Дуду ўзнагароду АПК — Крыж добрасуседства. Варшава, Польшча, 9 студзеня 2024 года. Фота: «Люстэрка»

Нарэшце, з трэцяга боку, прадстаўнікі каманды Ціханоўскай ужо даволі даўно агучылі сваю трактоўку выбараў 2025 года: гэта не выбары, яны не маюць значэння, і пасля іх Ціханоўская застанецца абраным прэзідэнтам, калі выбараў няма, то прадстаўнік народа — той, хто быў абраны апошні раз. Не факт, што заходнія краіны прымуць такую трактоўку. Але могуць. І на іх рашэнні пэўны ўплыў будзе рабіць ход кампаніі 2025 года і склад кандыдатаў.

І ў гэтым сэнсе бюлетэнь з адным прозвішчам Лукашэнкі ці з парай «Лукашэнка — Гайдукевіч» будзе толькі ўзмацняць аргументы каманды Ціханоўскай у заходніх калідорах улады: ну вы ж бачыце, якія выбары праводзяцца ў Беларусі.

І працэс паўзучага прызнання тады можа працягвацца і пасля выбараў 2025 года, нібыта іх і не было.

І каб гэта прадухіліць, ва ўладзе загучаць галасы, што выбары 2025 года варта ўсё ж праводзіць не па мадэлі парламенцкіх 2024-га, што варта стварыць хаця б ілюзію спаборніцтва падчас выбараў.

Відавочныя кандыдаты — ужо згаданыя Канапацкая і Чэрачань, удзельнікі прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Магчымыя і іншыя ўдзельнікі. Гэта наўрад ці вырашана ўжо цяпер, але аргументы за тое, каб правесці выбары 2025 года прынамсі з ілюзіяй палітычнай канкурэнцыі, будуць ва ўладзе даволі важкімі. Ідэя будзе ў тым, каб паўтарыць сцэнар прэзідэнцкіх выбараў, але не 2020-га, а 2015 года. Прадказальных, вонкава канкурэнтных, якія не выклікалі ніякіх пратэстаў. І якія сталі важным элементам тагачаснай нармалізацыі адносін з Захадам.

У гэтым палітычным ураўненні выбараў 2025-га ёсць, зразумела, галоўная невядомая — гэта беларускі народ, яго настроі, якімі яны складуцца на момант галасавання. Іх цяперашні стан ніякіх нечаканасцяў не абяцае. Але ў 2019 годзе таксама нічога не абяцала, што ў 2020-м адбудзецца тое, што адбылося.

І за тое, каб у 2025 годзе не шукаць ад дабра дабра і не эксперыментаваць з альтэрнатывай, ва ўладзе таксама будзе шмат галасоў. Які варыянт выберуць — стане ясна ўжо ў 2024-м.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.