Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У нашыя дні камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў — адзін з самых вядомых сваёй жорсткасцю беларускіх сілавікоў, а таксама актыўны праўладны спікер. У адрозненне ад мноства іншых калег па сілавым блоку, ён нярэдка з’яўляецца на дзяржТБ, часцей за ўсё расказваючы пра планы барацьбы з нязгоднымі з палітыкай уладаў. Але быў час, калі яго біяграфія была фактычна засакрэчаная, а Карпянкова на фотаздымках рэтушавалі. Расказваем, як гэты міліцыянт трапіў у найбліжэйшае атачэнне Лукашэнкі, удзельнічаў у збіцці апазіцыйных кандыдатаў у нулявых і дзясятых, а таксама атрымаў сумную вядомасць пасля 2020 года.

Міліцэйскі спецназ і ахова Лукашэнкі

Біяграфія Мікалая Карпянкова стала больш-менш вядомая толькі ў 2012-м, калі сілавіка прызначылі начальнікам упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі (УНіСГЛ) МУС. Тады на сайце ведамства з’явіліся яго фота і кароткі паслужны спіс. Ранейшая сакрэтнасць тлумачылася тым, што да гэтага Карпянкоў доўгі час камандаваў спецпадраздзяленнем па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз». Паступова біяграфія гэтага чалавека трохі праяснілася, хоць значная яе частка так і застаецца невядомай.

Карпянкоў нарадзіўся ў 1968 годзе ў Мінску. Паводле яго ўласных словаў, яго бацькі з ваеннага пакалення — «маці было тры гадкі, калі вайна пачалася, бацьку было дзевяць гадоў».

«І калі размова заходзіла пра вайну, яны заўсёды плакалі. Калі мы збіраліся на любое мерапрыемства, застолле: дзень нараджэння ўнукаў альбо святы савецкія, якія мы адзначалі (9 траўня, 23 лютага), любы тост маіх бацькі і маці быў, каб усё было ціха, спакойна і не было вайны», — расказваў у 2022-м намеснік кіраўніка МУС. Пры гэтым ён ніяк не каментаваў той факт, што на момант інтэрв'ю ва Украіне гінулі мірныя жыхары, а ракетныя ўдары наносіліся ў тым ліку з Беларусі.

Будучы сілавік скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, потым, у 1989-м, у канцы існавання СССР, — Ульянаўскае вышэйшае танкавае вучылішча. У гады распаду Савецкага Саюза служыў у войску. Незалежнасць Беларусі, паводле ўласных словаў, сустрэў на пасадзе камандзіра роты асаблівага прызначэння Міністэрства абароны.

Фото с сайта СТВ
Мікалай Карпянкоў. Скрыншот сайта СТБ

У першыя гады незалежнасці ён перайшоў у структуру МУС і ў 1992−1994 гадах служыў у падраздзяленні «Беркут», якое ў прыватнасці займалася ўтаймаваннем бунтаў у папраўча-працоўных установах. Гэты міліцэйскі спецназ быў першым у Беларусі, яго пачалі ствараць яшчэ за СССР з прычыны разгулу злачыннасці ў апошнія гады існавання Савецкага Саюза.

«Калі спатрэбілася атрымаць парады па пытаннях рукапашнага бою, якому неабходна было вучыць вайскоўцаў, мы прыехалі ў маладое падраздзяленне. Літаральна год „Беркуту“ тады быў, — успамінаў у інтэрв'ю сілавік. — Нас уразіла, з якім энтузіязмам беркутаўцы займаліся падрыхтоўкай, бралі на ўзбраенне досвед атрада „Віцязь“, іншых падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, АМАПаў Расіі. Куплялі зброю, рыштунак, шчыты, бронешчыткі для выканання складаных задач па вызваленні закладнікаў у ПК (папраўча-працоўных калоніях. — Заўв. рэд.), пошуку і затрыманні ўзброеных злачынцаў, спыненні ўзброенага супраціву. Адпрацоўвалі сілавое прыкрыццё аперскладу, які выконвае задачы ў праблемных калоніях. Гэта быў этап станаўлення спецназу, час энтузіязму, кожны супрацоўнік выказваўся, нешта прапаноўваў. Я тады гэта вельмі добра запомніў».

А потым здарыўся збег абставінаў. Загінуў намеснік камандзіра «Беркута», яго месца заняў узводны, а вакансію камандзіра аднаго з узводаў прапанавалі Карпянкову. Той пагадзіўся. Начальнікам жа сілавіка стаў камандзір «Беркута» Уладзімір Навумаў. Тады — капітан міліцыі, а пазней — міністр унутраных справаў, які відавочна паспрыяў кар’ернаму росту свайго падначаленага.

Самай вядомай аперацыяй «Алмаза» (так міліцэйскі спецназ перайменавалі ў 1994-м) таго часу стала вызваленне дзяцей, якіх тэрарыст Аляксандр Зюлькін узяў у закладнікі ў дзіцячым садку. Але гэта здарылася ў 1996-м, і Карпянкоў да тых падзей дачынення ўжо не меў. За два гады да гэтага да ўлады ў краіне прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, з’явілася магутная Служба бяспекі прэзідэнта, куды і запрасілі працаваць маладога спецназаўца. Станіслава Шушкевіча — першага кіраўніка незалежнай Беларусі, які ўзначальваў парламент — ахоўвалі дзевяць чалавек. Яго пераемніка, паводле інфармацыі экс-спікера, — ужо да дзвюх тысяч.

Гэтая спецслужба — а Служба бяспекі фактычна атрымала такі статус — ператварылася ў сапраўдную кузню кадраў для беларускіх уладаў. Сярод кіраўнікоў ведамства былі будучыя кіраўнікі КДБ, МУС, Мінабароны і нават адміністрацыі Лукашэнкі — мы рабілі пра гэта асобны падрабязны тэкст.

У Службе бяспекі Карпянкоў абзавёўся знаёмствам з усімі ключавымі сілавікамі, а таксама атрымаў «доступ да цела» Лукашэнкі — у 2001-м апошні ўзнагародзіў яго медалём. У 2002-м ён нават лётаў з Лукашэнкам на адпачынак у Аўстрыю. Тады ў той кампаніі былі ў тым ліку сыны палітыка Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі, доктарка Ірына Абельская, паплечнікі Уладзімір Канаплёў і Уладзімір Макей. З усімі імі Карпянкоў, імаверна, ужо тады быў знаёмы асабіста.

У тым жа годзе Карпянкоў скончыў Акадэмію МУС, але можна меркаваць, што дыплом быў толькі фармальнасцю. Хоць у пазнейшым інтэрв'ю сілавік заяўляў, што «галоўная ўдарная сіла „Алмаза“ — інтэлект афіцэраў, якія тут служаць. Вышэйшая адукацыя для іх — абавязковая». Мяркуючы з усяго, для гэтай мэты сілавіка і адпраўлялі па веды: у 2003-м ён вярнуўся ў «Алмаз» ужо кіраўніком.

«Алмаз» і барацьба з апазіцыяй

Усе гэтыя гады Карпянкоў заставаўся невядомым шырокай публіцы. Калі ён выпадкова і трапляў у кадр, то яго выявы рэтушаваліся.

За год да вяртання Карпянкова ў міліцэйскі спецназ Лукашэнка асабіста адкрыў у беларускай сталіцы базу «Алмаза». Тамсама быў пабудаваны жылы дом, дзе атрымалі кватэры тры чвэрці афіцэраў падраздзялення, а таксама паласа перашкод, якую сілавік лічыў «самай цяжкай з „дзе-кольвек існых“». У інтэрв'ю ён расказваў, што супрацоўнік «Алмаза» абавязаны трэніравацца на ёй не менш чым тры разы на тыдзень.

«На той момант прэзідэнт узяў атрад пад своеасаблівае куратарства. Байцы „Алмаза“ сталі афіцэрамі. Тут жа сфармавалася прафесійнае ядро. Па зусім іншай сцежцы пайшла баявая падрыхтоўка. Мы пераймалі ўсё, што было на ўзбраенні ў заходніх спецпадраздзяленнях, у прыватнасці тактыку правядзення спецаперацый. Завязаліся кантакты з GSG 9 у Германіі, з „Кобрай“ у Аўстрыі, з GIGN у Францыі. Французы прыязджалі на стажыроўку сюды, а мы, у сваю чаргу, да французаў», — успамінаў пазней Карпянкоў.

Николай Карпенков за спиной у тогдашнего главы МВД Владимира Наумова. Фото: zarodinu.net
Мікалай Карпянкоў за спінай тагачаснага кіраўніка МУС Уладзіміра Навумава, твар сілавіка зарэтушаваны. Фота: zarodinu.net

Сярод справаў, якімі ганарыўся тагачасны камандзір «Алмаза» — пайманне забойцаў і рабаўнікоў братоў Давідоўскіх, на якіх палявалі 50 дзён: «Злачынцы былі мацёрыя, падрыхтаваныя. Памятаю, мы зрабілі рэкагнасцыроўку мясцовасці і выбралі самае зручнае па ўсіх параметрах месца для назірання за кватэрай, на якую браты планавалі здзейсніць налёт. Дык вось, Давідоўскія, рыхтуючыся да рабавання, выбралі для разведкі тое самае месца і хаваліся проста ля нашай машыны! <…> Але тым разам Давідоўскім адчынілі [дзверы] не ахвяры, а алмазаўцы. Далейшае вядома: стрэлы, неразарваная граната, барацьба і затрыманне ў пад’ездзе».

У лютым 2004-га ўказам Лукашэнкі Карпянкову датэрмінова надалі званне палкоўніка міліцыі. Мяркуючы з пазнейшага інтэрв'ю, праца ў спецпадраздзяленні прыкметна адбілася на псіхіцы і светапоглядзе камандзіра.

«Штодня мы праводзілі па 2−3 аперацыі. І я выдатна памятаю ўсе без выключэння. Што і як, хто сказаў, што прагучала ў эфіры, што ўбачыў у маніторы. Хто куды пайшоў, як стрэліў, дзе ад кулі тынкоўка абвалілася… Людзі, якія служаць у „Алмазе“, быццам на вайне ў мірны час знаходзяцца. Пастаянна трэба трымаць руку на пульсе падзей, быць у курсе таго, што адбываецца, заўсёды гатовым да выканання задач. Усё астатняе жыццё як бы міма цябе праходзіць. Нейкая жылка ў сэрцы заўсёды напружаная. І толькі потым, калі гэтая служба заканчваецца, ты бачыш і іншыя бакі жыцця. Ты вяртаешся з вайны. У мяне пасля „Алмаза“ ўзнікла адчуванне, што я зняў бронекамізэльку», — прызнаваўся ў інтэрв'ю сілавік.

Пры гэтым ён катэгарычна заяўляў, што ў іх атрадзе няма псіхолагаў, ды і ў цэлым сцвярджаў, што не бачыць патрэбы для байцоў у іх наведванні: «Гэта ўсё надуманае тымі людзьмі, якія, прабачце, ніфіга ў гэтым не разумеюць. Такія людзі часам філасофствуюць пра нашую працу, <…>, ім здаецца, што нам пастаянна неабходная псіхалагічная падтрымка. Але ўсё значна прасцейшае. Таму што тое, чым мы займаемся, — гэта лад жыцця. Мы так уладкаваныя. У гэтым сэнсе алмазаўцаў можна параўнаць з лётчыкамі, у якіх „усё чэшацца“ без доўгіх палётаў; з падарожнікамі, якім не сядзіцца дома, а цягне то на яхце праз акіяны, то на сабачых запрэжках праз Паўночны полюс».

Николай Карпенков. Скриншот видео ОНТ
Мікалай Карпянкоў. Скрыншот відэа АНТ

«У нас сваё стаўленне да страху, — працягваў Карпянкоў. — Мы робім працу, якая кожнаму з нас прыносіць задавальненне. Калі выязджаеш на спецмерапрыемства, адрэналін у крыві з’яўляецца! Да гэтага прывыкаеш. І калі такой працы доўга няма (што, паўтараю, цудоўна для ўсіх астатніх!), вось тут пачынаюцца „страхі“. Але мы ведаем, як іх пазбавіцца. Трэба, напрыклад, прыдумаць складаныя вучэнні, максімальна набліжаныя да баявой абстаноўкі, з вялікай рызыкай, або спаборніцтвы, якія таксама патрабуюць максімальных нагрузак, — і тады гэты стрэс ад чакання працы, нашай працы, будзе зняты».

Ужо да сярэдзіны нулявых можна сфармаваць партрэт Мікалая Карпянкова: класічны сілавік, які ніколі не жыў цывільным жыццём, гатовы выконваць любы загад начальства, які расказвае пра дзіўнасці ў псіхіцы ў сябе і падначаленых, але пры гэтым лічыць свой стан нармальным. Гэтая пазіцыя можа растлумачыць жорсткія паводзіны камандзіра «Алмаза» падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Свае кандыдатуры тады вылучылі два апазіцыянеры — Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін.

2 сакавіка 2006-га апошні паспрабаваў зарэгістравацца ў якасці дэлегата на Усебеларускі народны сход, які адкрываўся ў той дзень і праходзіў у Палацы Рэспублікі. Але Казуліну адмовілі. Пры спробе экс-рэктара БДУ трапіць у залу паседжанняў завязалася бойка: невядомыя павалілі палітыка, збілі яго, вынеслі, заштурхнулі ў мікрааўтобус і даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска. Аказалася, што сярод гэтых людзей былі байцы «Алмаза». Паводле словаў Казуліна, яго збіваў Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназу, падазраваны ў датычнасці да гучных знікненняў апазіцыянераў). А каманду збіваць Казуліна аддаў менавіта Карпянкоў.

У той жа дзень да будынка РУУС, дзе знаходзіўся Казулін, прыйшлі актывісты, якія пратэставалі супраць затрымання кандыдата ў прэзідэнты. Прысутнічалі там і журналісты, што асвятлялі працэс. Да будынка на машыне пад’ехаў таксама Юрый Радзівіл, кіроўца Казуліна. З яго аўто вялася відэаздымка масавага затрымання і збіцця людзей, што пачалося неўзабаве пасля таго, як людзі сабраліся ля РУУС. Заўважыўшы гэта, Карпянкоў і яго супрацоўнікі пачалі страляць па аўтамабілі.

«У машыне акрамя кіроўцы знаходзіліся тры напалоханыя дзяўчыны, якія ніякай небяспекі для грамадскасці ў той момант не ўяўлялі. Супрацоўнікі спецпадраздзялення былі ў цывільным, ніякіх дакументаў не паказвалі і не патрабавалі ад кіроўцы Юрыя Радзівіла спыніцца або выканаць якія-кольвек дзеянні. Без папярэджання яны папросту пачалі, як бандыты, ламіцца ў машыну, разбілі лабавое шкло, а потым пачалі страляць па колах», — адзначаў у сваёй справаздачы праваабарончы цэнтр «Вясна».

Радзівіл падаў заяву на дзеянні сілавікоў у пракуратуру, але справу распачалі супраць яго самога, а не супраць людзей, якія стралялі па яго машыне, — нібыта за «супраціў супрацоўніку міліцыі». У выніку Юрый правёў у зняволенні тры месяцы, але ўсё ж выйшаў на волю.

Николай Карпенков. Фото: belvpo.com
Мікалай Карпянкоў. Фота: belvpo.com

Тады такія дзеянні ўспрымаліся як дзікунства, але пасля 2020 года сталі тыповымі для супрацоўнікаў сілавых структур.

На гэтым вядомыя эпізоды з удзелам кіраўніка «Алмаза» не скончыліся. У 2010-м прайшлі новыя прэзідэнцкія выбары. Адным з самых папулярных апазіцыйных палітыкаў быў паэт Уладзімір Някляеў. 19 снежня, у дзень выбараў, ён са сваімі прыхільнікамі адправіўся ў цэнтр горада, каб пратэставаць супраць шматлікіх парушэнняў і фальсіфікацый. Але да пункта прызначэння Някляеў так і не дабраўся — яго сустрэў «Алмаз».

«Урэшце выйшла так, як выйшла: прыбег таварыш падпалкоўнік Карпянкоў і стукнуў мяне па галаве нечым цяжкім. <…> І мала таго, што ён мне ледзь мазгі не вынес, дык яшчэ і на зямлі яго хлопцы нагамі дадалі. Я быў апрацаваны, як гатовы да смажання біфштэкс. Мяне, дарэчы, на смажанне голага па марозе цягнулі. Думаў: усё. Узрадаваўся, калі прывалаклі ў турму», — успамінаў Някляеў.

«Плошча», якая сабралася ў тым годзе, таксама завяршылася брутальнымі затрыманнямі.

Перамога над макам, але параза ў барацьбе са спайсамі

Прайшло ўсяго 10 дзён пасля выбараў — і Карпянкова знялі з пасады. Некаторыя журналісты тады дапускалі, што ў новага кіраўніцтва МУС — замест Навумава яго ўзначаліў Анатоль Куляшоў — узніклі прэтэнзіі да дзеянняў байцоў «Алмаза» падчас разгону «Плошчы». Але з гэтай тэорыяй пагадзіцца складана: брутальныя дзеянні сілавікоў толькі працягвалі традыцыі, закладзеныя ў канцы 1990-х, 2006-м і пазней.

Можна меркаваць, што прычына ў іншым. Пасля сілавога ўтаймавання мірных пратэстаў ужо было зразумела, што ў найбліжэйшыя гады актыўнасці ад апазіцыі і грамадзянскай супольнасці можна не чакаць — поле было зачышчанае. Таму Карпянкова, які выканаў сваю задачу, прызначылі начальнікам 6-га ўпраўлення (па супрацьдзеянні экстрэмізму і барацьбе з тэрарызмам) Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС. А ў 2012-м ён узначаліў упраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

Николай Карпенков. Фото: Белгазета
Мікалай Карпянкоў. Фота: «Белгазета»

Два гады ў гэтай сферы запомніліся спробамі Карпянкова радыкальна вырашыць пытанне распаўсюду наркотыкаў, прычым звыклымі для яго жорсткімі метадамі. Галоўнай мэтай стаў мак. Як адзначаў TUT.BY у лістападзе 2013 года, у краіне, паводле афіцыйных звестак, было каля 15 тысяч наркаманаў, але, паводле ацэнак спецыялістаў ААН, гэтую лічбу можна было смела памнажаць на 10. Са 150 тысяч наркаманаў прыкладна 80% былі макавымі. У каментары парталу Мікалай Карпянкоў тады заявіў, што прапануе забараніць свабодны продаж насення маку, а замест гэтага размяшчаць яго на дзяржаўных базах і толькі пасля праверкі адпраўляць на продаж. У выпадку незаконнага гандлю прапаноўваўся штраф ад 1 да 8 тысяч еўра.

Пасля апаратных баёў — супраць, паводле Карпянкова, выступаў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, які ўваходзіў у структуру адміністрацыі Лукашэнкі — у студзені 2014-га ўсё ж быў падпісаны дэкрэт «Пра некаторыя пытанні дзяржаўнага рэгулявання абароту насення маку». У ім за дзяржавай замацоўвалася выключнае права на ажыццяўленне аптовага гандлю насеннем расліны, забараняўся раздробны гандаль у крамах плошчай менш за 50 квадратных метраў і ўводзіліся іншыя абмежаванні.

Карпянкоў святкаваў перамогу. На яго думку, падпісанне дэкрэта дало сілавікам «дзейсны інструмент барацьбы з наркатызацыяй, з распаўсюдам наркотыкаў у Беларусі. Гэта дазволіць палепшыць сітуацыю, паўплываць на яе карэнным чынам ужо ў найбліжэйшы год». На той момант, адзначаў Карпянкоў, ужыванне опію, вырабленага з насення маку, складала каля 60% ад усяго аб’ёму спажываных у краіне наркотыкаў, а ў асобных рэгіёнах гэтая лічба дасягала 85%.

«Мы разлічваем, што з прыняццем дэкрэта забруджаны мак, які завозілі ў Беларусь, прадавалі, выраблялі з яго наркатычныя рэчывы, будзе знішчаны. Мы ўбачым, што нарказалежныя, пазбавіўшыся гэтага рэчыва, пра што яны самі кажуць, пойдуць лячыцца, стануць на ўлік, атрымаюць кампетэнтнае лячэнне, пачнуць аднаўляцца і рэабілітавацца. А тыя грошы, якія круціліся ў крымінальных структурах, з гэтага абароту выйдуць», — расказваў сілавік.

Изображение: ctv.by
Мікалай Карпянкоў. Выява: ctv.by

У тэорыі ўсё гучала няблага. Ды і Карпянкоў, мяркуючы з усяго, шчыра верыў, што яму ўдасца вырашыць праблему з наркотыкамі. Але што адбылося ў рэальнасці? Мак імгненна замянілі курыльныя сумесі — спайсы, якія сталі велізарнай праблемай грамадства на наступныя некалькі гадоў. Яшчэ страшнейшым было тое, што да іх хутка прывыкалі «пачаткоўцы».

Працытуем тэкст TUT.BY, апублікаваны ў снежні 2014-га: «Дэкрэт уступіў у сілу 1 лютага, і ўжо за першы месяц аб’ём курыльных сумесяў вырас з 8% да 69% усяго рынку наркотыкаў. <…> Пагоршылася і рэальная сітуацыя з колькасцю тых, хто ўжывае. Па-першае, новы наркотык стаў фінансава даступны большай колькасці моладзі <…>. Па-другое, высокая рэнтабельнасць бізнесу (ад 50−90%) стымулюе распаўсюднікаў. Па-трэцяе, рост фіксуецца таму, што спайс выклікае псіхозы і проста незваротныя станы псіхікі, якія немагчыма схаваць. Атрымліваецца, антымакавы» дэкрэт сапраўды быў эфектыўным. Але толькі ў барацьбе з опіумам, а не наркаманіяй".

Існавала і сур’ёзная праблема з падыходам — замест абяцанай дапамогі нарказалежныя зазналі пераслед. «Дзейнасць следчых падраздзяленняў павінная па-ранейшаму выбудоўвацца на прынцыповым падыходзе няўхільнасці пакарання за нарказлачынствы, усведамленні, што наркаман — гэта злачынец, які мусіць несці максімальнае пакаранне», — адзначаў Карпянкоў.

«Лячыць такіх падлеткаў фактычна няма дзе. Краіне тэрмінова патрэбныя рэабілітацыйныя цэнтры як за мяжой, дзе б іх сапраўды лячылі, дапамагалі знайсці месца ў жыцці», — каментавала сітуацыю з адмовай бацькоў ад 17-гадовага хлопчыка-наркамана Вольга Чамаданава, тады начальніца інспекцыі па справах няпоўнагадовых УУС Мінскага райвыканкама, а ў будучыні — прэс-сакратар МУС і мінскі ідэолаг.

«Справа сямнаццаці» і барацьба з футбольнымі фанатамі

У верасні 2014 года Карпянкоў вярнуўся да больш звыклага для яго занятку — стаў начальнікам ГУБАЗіК МУС.

На новай пасадзе ён працягваў курыраваць знаёмыя яму наркатычныя пытанні. Напрыклад, давёў да суда «справу сямнаццаці» — самы гучны ў гісторыі Беларусі працэс па справе пра распаўсюд наркотыкаў. Сярод фігурантаў былі і былыя афіцэры КДБ і МУС. Іх абвінавачвалі ў тым, што пад выглядам легальных курыльных сумесяў і міксаў яны распаўсюджвалі наркотыкі. Удзельнікі «справы сямнаццаці» атрымалі агулам больш за 200 гадоў пазбаўлення волі (сярод іх быў і і экс-супрацоўнік ГУБАЗіК Канстанцін Дзенісевіч).

Праўда, некаторыя абвінавачаныя паведамлялі як пра датычнасць да стварэння сеткі іншых супрацоўнікаў ГУБАЗіК, так і пра тое, што справа сфабрыкаваная ўпраўленнем дзеля прыкрыцця ўласных памылак і злачынстваў. Таксама гучала інфармацыя пра тое, што супрацоўнікі ўпраўлення самі ўдзельнічалі ў распаўсюдзе «спайсаў», якія канфіскоўвалі ў кур’ераў. Адзначым, што тады Карпянкоў накіраваў у суд ліст, у якім прасіў правесці допыт яго супрацоўнікаў у закрытым рэжыме. Ён матываваў гэта тым, што на працэсе прысутнічаюць журналісты, якія могуць паведаміць у СМІ прозвішчы аператыўнікаў і факты пра іх працу. Суд просьбу задаволіў.

Вениамин на встрече со спецназом и Карпенковым 9 августа 2021 года. Фото: телеграм-канал Blik.
Мітрапаліт Веніямін на сустрэчы са спецназам і Мікалаем Карпянковым 9 жніўня 2021 года. Фота: тэлеграм-канал Blik

Яшчэ адным напрамкам работы ГУБАЗіК у той час стала барацьба з футбольнымі фанатамі, якія пачалі атрымліваць рэальныя тэрміны. Пры гэтым правамернасць такіх дзеянняў выклікала пытанні. Вялікую вядомасць атрымала гісторыя фаната мінскага «Дынама» Віталя «Пумы» Пігарава, які ў 2017 годзе атрымаў два з лішнім гады пазбаўлення волі за распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці і выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару. Суд па яго справе быў закрытым, але сам фанат пазней сцвярджаў, што падставай для абвінавачання сталі ролікі, размешчаныя ім «ВКонтакте». Першы — рэклама прэзерватываў, якая атрымала прыз на фестывалі «Канскія львы». Другі — з чалавекам неславянскай знешнасці, які прадае гераін і затым падвяргаецца збіццю. У падтрымку Пумы выступалі фанаты розных клубаў па ўсёй Еўропе.

У цэлым выпадкаў з крымінальнымі справамі супраць фанатаў у гэты перыяд з’явілася вельмі шмат, праз што ўдзельнікам гэтых нефармальных аб’яднанняў часцяком даводзілася «сыходзіць у падполле». Саму ж актыўнасць уладаў ва ўціску фанацкага руху часта звязвалі з удзелам «ультрас» у падзеях «Еўрамайдана» і бояззю паўтарэння гэтай сітуацыі ў Беларусі.

Разгром кавярні і шантаж Калеснікавай

Самымі гучнымі ў біяграфіі Карпянкова сталі падзеі, якія пачаліся ў 2020 годзе. Яшчэ ў самым пачатку перадвыбарнай кампаніі супрацоўнікі ГУБАЗіК былі задзейнічаныя ў шэрагу «палітычных» аперацый сілавікоў. Яны давалі матэрыялы для абгрунтавання ператрусу на лецішчы ў Сяргея Ціханоўскага ў чэрвені 2020-га. У тым жа месяцы ўжо самі супрацоўнікі ўпраўлення пачалі прыходзіць для ператрусаў і затрыманняў да падпісчыкаў пратэсных тэлеграм-каналаў (у прыватнасці, канала «Армія з народам») — пасля гэтага затрыманыя атрымлівалі «суткі» і штрафы, а затым супраць іх распачалі і крымінальныя справы. У жніўні 2020-га пачаліся масавыя затрыманні сябраў штаба Святланы Ціханоўскай.

У пачатку верасня 2020-га супрацоўнікаў упраўлення пачалі заўважаць і падчас здушэння масавых акцый пратэсту ў Мінску. Прыцягненне супрацоўнікаў няпрофільнага падраздзялення да гэтай працы звязвалі з недастатковасцю штата ў іншых спецслужбах.

6 верасня 2020-га ў цэнтры Мінска праходзіў чарговы нядзельны марш. Пратэстоўцы, якія спрабавалі схавацца ад сілавікоў, зайшлі ў невялікую кавярню O’Petit. У выніку некалькі людзей у цывільным разграмілі дзверы ўстановы дубінкамі. Сярод іх быў і асабіста Мікалай Карпянкоў.

Мікалай Карпянкоў побач з разбітымі дзвярыма кавярні O’Petit, верасень 2020 года. Фота: TUT.BY

7 верасня 2020-га ў Мінску людзі без апазнавальных знакаў пасадзілі ў мікрааўтобус палітыка Марыю Калеснікаву, якая кіравала штабам Віктара Бабарыкі, і звезлі ў невядомым кірунку. Пра яе месцазнаходжанне стала вядома толькі на трэція суткі, калі Марыя ўжо знаходзілася ў СІЗА № 1. Пазней яна расказвала ў лісце, што з ёй здарылася: «Пасля майго выкрадання мяне завезлі і сілай зацягнулі ў кабінет Мікалая Карпянкова, начальніка ГУБАЗіК МУС, дзе ён крычаў, абражаў, запалохваў. У яго кабінеце „гутарка“ адбывалася з двума іншымі спадарамі: Генадзем Казакевічам, першым намеснікам міністра ўнутраных справаў, і Андрэем Паўлючэнкам, начальнікам ААЦ. Яны паставілі ультыматум: я з’язджаю з краіны і з-за мяжы раблю што хачу, альбо мяне вывезуць — жывую або па частках. Зламаюць пальцы, закрыюць на 25 гадоў на зоне, дзе я буду шыць кашулі сілавікам. Гутарка доўжылася пару гадзін з перапынкам на „адпачынак“ у камеры-адзіночцы».

30 кастрычніка таго ж 2020-га Карпянкоў выступіў перад супрацоўнікамі МУС. Пра тую размову стала вядома ў пачатку наступнага года — у студзені аўдыё выклала ініцыятыва BYPOL. На запісе голас, падобны да голасу Карпянкова, тлумачыў, што трэба калечыць пратэстоўцаў: «Ну нанясіце яму нешта, атрымліваецца, у якім выглядзе… Ці пакалечыць, ці знявечыць, ці забіць. Ужываць зброю проста ў лоб, проста ў твар, проста туды, пасля чаго ён ужо ніколі не вернецца ў той стан, у якім ён знаходзіўся. Ну адкачаюць дык адкачаюць. Не будзе ў яго паловы галаўнога мозгу — туды яму і дарога».

Той, хто гаварыў, таксама назваў Аляксандра Тарайкоўскага, першага загінулага ўдзельніка пратэстаў, «п'яніцам і дэбілам» і сказаў, што той «памёр ад гумавай кулі, якая прыляцела яму ў грудзі». Таксама згадвалася пра стварэнне лагера «для асабліва востракапытных».

Незалежная экспертыза, выкананая расійскім бюро «ГлавЭксперт» на запыт партала TUT.BY, паказала, што голас на запісе належаў Карпянкову (МУС назвала запіс фэйкам).

Указам Лукашэнкі ў лістападзе Мікалая Карпянкова адправілі на павышэнне, прызначыўшы намеснікам міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь — камандуючым унутранымі войскамі. Гэтую пасаду ён займае дагэтуль. У наступным, 2021-м, годзе амерыканцы ўключылі сілавіка ў свой санкцыйны спіс.

«З намі Бог», «руская армія — непераможная»

Апошнім часам Карпянкоў стаў частым госцем на старонках дзяржСМІ, дзе любіць разважаць пра высокія матэрыі і часта згадвае найвышэйшую сілу. «Вы ведаеце, з намі Бог. Нашыя душы не могуць зачарсцвець, гледзячы на ўсё гэта, як там б’юць электрашокерам і гоняць босых жанчын, заганяючы іх да смерці. А тут нашыя байцы дзеляцца сваёй ежай, прыносяць дровы і нават даюць у гэтай сітуацыі цёплыя рэчы», — расказваў ён у верасні 2021 года пра міграцыйны крызіс на мяжы. Таго, што гэтую сітуацыю справакавалі самі беларускія ўлады, ён, вядома, не згадваў.

У тым жа інтэрв'ю сілавік заявіў, што мігранты, якіх вяртаюць у Беларусь — «патэнцыйныя тэрарысты і экстрэмісты», за імі стаяць спецслужбы краін Захаду, мэта якіх — дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі. «І яны спрабуюць пад выглядам нібыта, скажам так, вяртання да нас мігрантаў, якія нелегальна трапілі да іх, закідваць да нас тэрарыстаў сюды і экстрэмістаў. Па ўсёй Заходняй Еўропе збіраюць і ігілаўцаў, усіх тых, хто ў іх сядзеў у следчых ізалятарах і пад следствам быў, закінуць сюды, у Рэспубліку Беларусь, для таго каб дэстабілізаваць абстаноўку», — сказаў Карпянкоў. Якім чынам тысячы мігрантаў першапачаткова аказваюцца ў Беларусі, калі нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы, Карпянкоў не тлумачыў.

У 2021-м у сталіцы здарылася трагедыя: падчас перастрэлкі ў кватэры загінулі супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк і Андрэй Зельцэр, які страляў у яго. Намеснік міністра ўнутраных справаў заявіў у эфіры СТБ, што забойства спецслужбіста (заўважым, не чалавека, у кватэру якога ўварваліся сілавікі) — гэта адпраўны пункт, які падзяліў усё на «да і пасля». Што да тых, хто пакідаў негатыўныя каментары з нагоды гібелі сілавіка, то, на думку намесніка кіраўніка МУС, яны «заслугоўваюць толькі фізічнага знішчэння, ніяк інакш».

Камандуючы ўнутранымі войскамі таксама расказаў, як цяпер будуць працаваць сілавікі. «Адказ праваахоўнікаў у гэтай сітуацыі будзе адэкватны, законны і абсалютна паслядоўны. Як належыць працаваць спецназу, мы так працаваць і будзем. Ёсць тэрарыст, ёсць адрас, дзе ён знаходзіцца: пад’ехалі, папярэдзілі, не адчынілі дзверы? Дзверы выбухаюць. Будуць падарваная дзверы, будуць ужытыя светлашумавыя гранаты, супрацоўнікі запусцяць туды сабаку, зойдзем туды са шчытом. І калі ў гэтай сітуацыі мы не ўбачым паднятых рук — вораг будзе знішчаны», — падкрэсліў Карпянкоў.

Фото: СТВ
Мікалай Карпянкоў. Скрыншот відэа СТБ

Як мы адзначалі вышэй, сілавік казаў, што з ім і яго супрацоўнікамі — Бог. Але на гэтым параўнанні ён не спыніўся — упэўненасць ва ўласнай місіі з часам толькі ўзрасла.

«З Богам у сэрцы мы паспяхова выконваем усе <…> задачы. Шмат размоваў гэтых змагароў — злых людзей, подлых, дэманаў. Недзе там сіла ў дачыненні да іх ужывалася. Мы маем рацыю, мы стваральнікі. <…> На небе анёлы абараняюць людзей і ўсё добрае. А мы, людзі, мы анёлы — тыя, якія на зямлі і са зброяй у руках абараняюць і нашую радзіму, і простых людзей», — заяўляў у кастрычніку 2021-га Карпянкоў. Ён адзначыў, што не толькі ўнутраныя войскі, але і ўсе органы МУС пры падтрымцы царквы непераможныя і паспяхова выканаюць усе задачы.

Свае погляды наконт боскай місіі сілавікоў Карпянкоў плануе прасоўваць. У канцы таго года ўрад зацвердзіў праграму патрыятычнага выхавання насельніцтва на 2022−2025 гады. Каардынаваць і кантраляваць яе рэалізацыю будзе спецыяльна створаны для гэтага Рэспубліканскі міжведамасны савет, у які ўвайшлі 52 чалавекі, у тым ліку міністры, сілавікі, дэпутаты і прапагандысты. Сярод іх аказаўся і Мікалай Карпянкоў.

Нядзіўна, што сілавік цалкам падтрымаў расійскую агрэсію ва Украіне. «Хто не ведае, што савецкая армія, спадчынніца савецкай арміі — гэта расійская армія, што яна непераможная? Яна непераможная. І вось гэтыя развагі: мы там тое, мы там гэтае. Гэтага не можа быць апрыёры. Руская армія — яна непераможная. Гэта мы саюзнікі, і нашая армія разам з расійскай — яна непераможная», — заявіў ён у сакавіку 2022-га. Паспяховае контрнаступленне ўкраінскай арміі і вызваленне Херсона было наперадзе.