Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  2. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
  3. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
  4. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  5. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  6. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  7. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  8. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  9. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  10. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  11. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
  12. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  13. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  14. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
Читать по-русски


Нізкая нараджальнасць і неабходнасць з’яўлення новых беларусаў сталі адной з асноўных тэмаў у чыноўнікаў у ліпені. Усё ў рамках новай метадычкі ідэолагаў. Прааналізаваўшы праблему, яны прыйшлі да высновы, што скарачэнне і старэнне насельніцтва ў першую чаргу звязанае з «імкненнем жыць у сваё задавальненне, нежаданнем ахвяраваць сваім камфортам і прыярытэтам прыватных інтарэсаў над грамадскімі». Чытачы «Люстэрка» адказалі ідэолагам і расказалі, што ім трэба, каб наважыцца стаць бацькамі. Аказалася, «каштоўнасныя арыенціры грамадства» ў спісе ўмоваў далёка не на першым месцы.

Фото: Pexels, Pixabay.com
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: Pexels, Pixabay.com

Ганна, 43 гады, Баранавічы

— Мы з мужам не нараджалі, бо не было пачуцця стабільнасці і абароненасці ва ўмовах татальнага парушэння правоў. Не спрыяў жаданню і нізкі ўзровень медыцынскага абслугоўвання. Калі я ўсё ж наважылася, падчас родаў на мяне крычалі: «Чаго равеш, пад мужыком нябось добра было». Яшчэ пытанні да маленькіх заробкаў і высокіх цэн, асабліва на тавары і прадукты для дзяцей.

Да таго ж не хочацца аддаваць дзіця ў школу і садок, дзе яму будуць насаджаць чужыя для нас каштоўнасці. Тое, што цяпер адбываецца — гэта сюр. Кіруюць балем азаронкі, гладкія, мукавозчыкі. А мы не хочам, каб нашыя дзеці раслі ў краіне, дзе выказванне свайго меркавання — гэта экстрэмізм ці дыскрэдытацыя дзяржавы, за якія свеціць да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Ніхто не хоча жыць у страху і пры гэтым нараджаць дзяцей.

Дзмітрый, 29 гадоў, Мінск

— Мы з жонкай працуем у сферы фінансаў. Пытанне дзяцей перыядычна абмяркоўвалі апошнія гадоў пяць. Падчас адной з такіх размоваў вырашылі, што даем сабе на падрыхтоўку год (паправіць здароўе, трохі разабрацца з фінансавымі пытаннямі і гэтак далей), пасля чаго будзем спрабаваць стаць бацькамі. Гэта было ў чэрвені 2020-га.

Праз год сітуацыя ў краіне істотна змянілася як у эканамічным, так і ў палітычным плане. Таму вырашылі адкласці з’яўленне дзіцяці. А яшчэ праз паўгода, калі пачалася вайна ва Украіне, ужо выразна закрылі для сябе гэтае пытанне як мінімум да яе заканчэння. 24 лютага 2022 года мы купілі бутэльку віна (да гэтага цалкам адмовіліся ад алкаголю ў сувязі з планаваннем дзяцей). Нагода тады была не святочная.

Мы жылі і працягваем жыць у Мінску. Пераезд у іншую краіну найбліжэйшым часам не разглядаем, хоць і не выключаем гэтага варыянту канчаткова. Перыядычна думаем, як можна было б гадаваць дзяцей у цяперашняй сітуацыі. Але з сённяшнім памерам дапамог дэкрэт дастаткова моцна ўдарыць па бюджэце. З улікам крэдыту за кватэру паўстае вялікае пытанне, як выцягнуць выдаткі на дзіця. У такім выпадку гэта будзе ўзровень жыцця, якога я ні сваёй жонцы, ні тым больш свайму патэнцыйнаму дзіцяці не жадаю.

Да таго ж якую будучыню я бачу для свайго дзіцяці? [У дзяржаўных садках і школах] хлопчыку будуць расказваць, як добра паміраць за прэзідэнта, а дзяўчынку будуць вучыць, што галоўная яе мэта — нараджаць. Вядома, гэта ўтрыравана, але прыкладна так я бачу прыярытэты дзяржавы ў выхаванні моладзі. А прыватныя дзіцячыя садкі і школы пазакрывалі.

Калі дапусціць, што не мы адны кіруемся вышэйагучанымі пытаннямі, прымаючы рашэнне, то зусім не «сучасныя каштоўнасці», не «навамодная субкультура чайлдфры» (якой ужо сто гадоў з гакам) вінаватыя ў сітуацыі. Менавіта дзяржава, яе палітыка і прыярытэты — прычына кепскай дэмаграфіі ў нашай краіне. А значыць, пакуль не будуць вырашаныя праблемы ў гэтай сферы, паляпшэння сітуацыі чакаць не варта.

Фото: TUT.BY
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Таццяна, 46 гадоў, Мінск

— Я выгадавала дваіх цудоўных дзяцей. Выхоўвала іх у павазе да сваёй краіны, да іншых людзей і да законаў. Прышчапляла ім любоў да радзімы і вучыла працы. Гэта рабіла я.

А што робіць мая дзяржава? Мая дзяржава, дзе я нарадзілася, вырасла, дзе жылі ўсе мае продкі і з’яўляюцца нашчадкі, паказвае, што мае дзеці — гэта вінцікі. Не годныя грамадзяне сваёй краіны, а вінцікі, якімі папросту ахвяруюць, каб дагадзіць таму, каму «часам не да законаў». Хоць дзяржава абавязаная берагчы сваіх грамадзян. Усіх. Бо дзяржава — гэта людзі. А нашая толькі папракае льготнымі крэдытамі і дапамогамі. Нібыта гэтыя «велізарныя» грошы ўрад аддае са сваёй кішэні, недаядаюць небаракі.

Вядома, я разумею маладых людзей, якія не спяшаюцца мець дзяцей. Бо моладзь цяпер мысліць, думае. І проста так дзяўчаты нараджаць не будуць, а толькі з упэўненасцю ў заўтрашнім дні і развіцці.

Што ж робіць нашая дзяржава са сваімі грамадзянамі? Выганяе, саджае ў турму, забівае. Сама сябе знішчае. Пытаю сябе: дзеля чаго я гадавала сваіх дзяцей? Каб у адзін момант іх маглі знішчыць па загадзе каго-небудзь? У мяне як у маці велізарная крыўда на тое, што лічыцца маёй дзяржавай.

Сямён, 32 гады, Гданьск

— Урэшце ўсе такія пытанні зводзяцца да аднаго: дзяржава для чалавека ці чалавек для дзяржавы?

Калі дзяржава для людзей, то падаткі ідуць не на вайну, а на дарогі і інфраструктуру, людзі багацеюць і пашыраюць бізнес, падарожнічаюць па свеце. Тады эканоміка расце, і больш людзей можа дазволіць сабе дзяцей.

Калі людзі для дзяржавы, то «бабы яшчэ панараджаюць», вечная барацьба за жыццё, «палітыка нас не датычыць» і «не ўсё так адназначна». Тады можна выносіць прысуды за сцягі і кветкі, бо гэта падрывае дзяржаўны лад, можна выганяць грамадзян краіны, бо «жылі ж неяк без эпамаў», і тады трэба ахвяраваць сабой дзеля інтарэсаў кіраўніцтва і нараджаць дзяцей, каб заўтра іх забілі ў аўтазаку або на злачыннай вайне.

Марыя, 40 гадоў, Кембрыдж

— Людзі — не статак авечак. Ужо ХХІ стагоддзе, і тыя, хто ўмее думаць, ацэньваць рызыкі і бачаць, якая будучыня чакае іх дзяцей, відавочна не гараць жаданнем «пладзіцца і размнажацца». Трэба глядзець не на колькасць людзей у краіне, а на якасць гэтых людзей.

Я сама жыла, вучылася і працавала ў Беларусі, але маё дзіця расце і вучыцца ў Брытаніі. Мы з мужам хочам, каб у яго была добрая будучыня, а не канцлагер і татальнае прамыванне мазгоў. У сучаснай Беларусі няма шчаслівага дзяцінства, хіба што для тых, хто не імкнецца да лепшага.

Фото: pixabay.com
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: pixabay.com

Віталь, 30 гадоў, Мінск

— За шэсць гадоў туляння па гарадах нашай краіны даўно выпрацаваліся адказы на «метадычку па дэмаграфіі». Па-першае, заводзіць дзіця ці не заводзіць — гэта рашэнне менавіта пары, а не кіраўніка дзяржавы ці ідэолагаў. У краіне ідзе гонка за колькасцю насельніцтва, а не якасцю. Гэта шлях краін трэцяга свету і скочванне ў сярэднявечча (шмат дзяцей — старэйшыя дагледзяць малодшых, а бацькі капейку зарабляюць).

Па-другое, прыярытэты краіны можна адсачыць па выдатках на галіны. Цяпер мы, мяркуючы з усяго, рыхтуемся да вайны, а не да развіцця насельніцтва: бюджэт на «ваенку» значна перавышае бюджэт на ахову здароўя і адукацыю.

Да таго ж нараджэнне і выхаванне дзіцяці — гэта забег на доўгую дыстанцыю. Аднаразовыя выплаты і дэкрэтныя дапамогі кампенсуюць толькі малую частку выдаткаў, якімі б вялікімі лічбы ні здаваліся на паперы. А кошт жылля і заработная плата — асноўны галаўны боль нашых грамадзян. Сярэдні заробак па краіне — гэта проста лічба. А дзеці зарплаты не атрымліваюць, але есці хочуць кожны дзень.

Нарэшце, а як жа развіццё дзіцяці? Кожны добры бацька і маці хочуць выхаваць яго як асобу: упэўненую, разумную, самастойную, незалежную. І з гэтым узнікаюць праблемы ў райцэнтрах і на перыферыі, дзе ёсць толькі гурткі ў дамах культуры і пры школе. На дварэ ХХІ стагоддзе, лічбавізацыя, а ў нас як заўсёды — няма грошай на забавы для дзяцей на вёсцы.

Увогуле, паперу пераводзіць на заканатворчасць у нас умеюць. Шкада толькі, што адной паперай харчавацца доўга не атрымаецца.

Вольга, 35 гадоў, Мінск

— У мяне адно дзіця, сын 12 гадоў. Сябры і знаёмыя, а цяпер і дзяржава пастаянна цікавяцца: «Чаму не нараджаеце другога?» Я люблю дзяцей і, вядома, хацела б яшчэ дачку. Але нараджаць і гадаваць дзяцей у сённяшніх умовах у Беларусі абсалютна безадказна. Як бы мне гэтага ні хацелася.

Зразумела, што пакуль дзеці падрастуць, сітуацыя можа сто разоў памяняцца. Але пакуль усё імкліва коціцца ў прорву, а на нармалізацыю можа спатрэбіцца не адзін дзясятак гадоў.

Другі аспект — фінансы. Навучанне, развіццё і добрае харчаванне каштуюць дорага. Мая асабістая траўма дзяцінства — пражыванне ў адным пакоі са старэйшым братам. Нават успамінаць гэта не хачу. Лічу, што ў дзяцей мусіць быць уласная прастору, хоць невялікая. Асабліва ў разнаполых. Так, у нас з мужам ёсць магчымасць павелічэння жылплошчы. Але марнаваць зберажэнні на нерухомасць у непрадказальнай і нестабільнай краіне, калі ў любую хвіліну ўсё можа пайсці прахам, мне здаецца нелагічным.

Аляксандр, 24 гады, Варшава

— Жаданне жыць у сваё задавальненне — гэта выбар вольнага чалавека. Ці магчыма ў Беларусі цяпер жыць вольным? Не. Ці магчыма планаваць будучыню? Таксама не.

Асабліва рассмяшыў пункт з метадычкі «аптымізацыя знешніх міграцыйных патокаў, забяспечанне станоўчага сальда міграцыі». Гэта калі каля паўмільёна чалавек з’ехала і працягвае з’язджаць з краіны (дакладная колькасць тых, хто з’ехаў пасля 2020 года, невядомая, называюць лічбы ад 100 да 500 тысяч чалавек. — Заўв. рэд.). Рэжым Лукашэнкі — галоўная пагроза дэмаграфічнай бяспецы Беларусі.

Ці планую я дзяцей? Так, засталося перавезці сваю сям’ю сюды і легалізавацца.

Фото: Reuters
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: Reuters

Алена, 35 гадоў, Мінск

— Я не замужам і без дзяцей. Пакуль іх не планую. І са свайго боку бачу дзве асноўныя прычыны зніжэння нараджальнасці.

Першае — гэта эканамічнае становішча ў краіне. Мне не хапае грошай нават на тое, каб забяспечыць сябе. Напрыклад, каб купіць зімовы абутак, даводзіцца эканоміць на ежы і адкладаць грошы. Набыць жыллё наогул нерэальна.

Дапусцім, у мяне будзе дзіця. Яго трэба будзе апранаць, карміць, даваць адукацыю. А садкі і школы вядомыя пастаяннымі грашовымі «паборамі». На маю думку, бытавыя патрэбы адукацыйных установаў павінныя цалкам пакрывацца сродкамі з бюджэту, а не з кішэняў бацькоў. Людзі ўжо плацяць падаткі на гэта. Плюс ведаю ад сябровак з дзецьмі, што трапіць да доктара на прыём з дзіцем — гэта цэлы квэст і куча нерваў.

А другое — гэта стаўленне да сям'і і шлюбу ў грамадстве. Мужчыны ўсё больш шукаюць свабодных адносін, а варта дзяўчыне зацяжарыць — адразу знікаюць. Грамадства ж у гэтым выпадку асуджае жанчын, называючы іх «развядзёнкамі з прычэпам», маўляў, сама вінаватая. Ды і абразлівае «яжмаць» у цэлым таксама прыгнятае.

Таму пытанне не ў «нежаданні ахвяраваць сваім камфортам», як кажуць ідэолагі, а ў немагчымасці забяспечыць сябе і дзіця хаця б на базавым узроўні. А камфорту ніякага няма.

Ігар, 45 гадоў, Мінск

— Як бацька трох дзяцей з радасцю адкажу! Хай ідэолагі, чыноўнікі і асабліва кіраўнікі пакажуць прыклад. Хай народзяць хаця б траіх. І каб дзеці хадзілі ў звычайныя садкі, у звычайныя школы і ў звычайныя паліклінікі. Хай карыстаюцца агульнымі аховай здароўя і адукацыяй.

Лёгка заклікаць і раіць, калі сам жывеш у шакаладзе.

Канстанцін, 31 год, Батумі

— А аб чый камфорт я мушу думаць у сваім жыцці? Пра ваш? Я з краіны з’ехаў разам з сям’ёй праз такіх, як вы, у якіх галоўная праблема ў жыцці — як даўжэй гэтую сістэму ўтрымаць. Таму што без яе вы проста ніхто.

Дзяцей нараджаюць, калі ў нармальнай ступені могуць задаволіць свае патрэбы. Напрыклад, патрэбу ў бяспецы, якой няма ў цяперашняй Беларусі. Куды нараджаць дзяцей? Адразу ў аўтазак?

Вось вам і адказ: калі людзі і будуць заводзіць дзяцей свядома, то яны будуць рабіць гэта не ў Беларусі, каб вы не змаглі зас**ць ім мазгі.

Чытайце таксама