Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  2. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
  3. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
  4. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  5. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  6. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  7. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  8. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  9. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  10. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  11. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
  12. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  13. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  14. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
Читать по-русски


Пасля татальнай зачысткі прыватных школ у 2022 годзе на гэтым рынку з 35 установаў засталося толькі шэсць. Адно з іх — «Мінская міжнародная гімназія», якую заснавала меркаваная маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская (мы пра яе расказвалі). Але чаму працуюць астатнія пяць? Гэта не шчаслівы выпадак, сцвярджаюць расследавальнікі «Бюро». Разам з «Кіберпартызанамі» яны знайшлі невідавочныя сувязі гэтых школ з буйным бізнесам, уплывовымі наменклатуршчыкамі і прыхільнікамі дзейнай улады. Расказваем галоўнае з расследавання.

Частная школа «Конкорд» в Могилеве. Фото: concord.by
Прыватная школа «Канкорд» у Магілёве. Фота: concord.by

Што адбывалася з прыватнымі школамі?

Восенню 2022 года ў прыватнай школе «Смарт Скул» вучань стрэліў з пнеўматыкі ў твар аднакласніцы. Пасля гэтага інцыдэнту Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам назваў «Смарт Скул» «антыдзяржаўнай клаакай» і даручыў «зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі». У кастрычніку таго ж года ў Беларусі ўвялі абавязковае ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці. А з 1 верасня ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, згодна з якой прыватныя школы павінныя атрымліваць сертыфікат у першы ж год працы.

Пасля ліцэнзію на дзейнасць з 35 школ атрымалі толькі шэсць: «Альтэрнатыва», «Елісеевы палі», «Іхвіс», «Канкорд», «Мінская міжнародная гімназія» і «Эка-Эл».

«Канкорд» і брэнд «Пятруха», уладальніка якога затрымліваў КДБ

Адной з шасці прыватных школ валодае «курыны кароль», магілёўскі бізнесовец Яўген Баскін. У яго ўласнасці знаходзіцца група кампаній «Сервалюкс» (брэнды «Пятруха», «Браты Грыль» і «Кувшинка»). Яўгена Баскіна ў 2016-м затрымаў КДБ проста ў аэрапорце. Баскіна падазравалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і нанясенні шкоды на 370 млрд недэнамінаваных рублёў (цяпер гэта 3,7 млн рублёў).

Крыху больш за тыдзень ён быў пад вартай, потым бізнесоўца перавялі на хатні арышт, а пасля выплаты шкоды адправілі пад падпіску пра нявыезд. Пазней ён хадайнічаў наконт вызвалення ад крымінальнай адказнасці. Гэтае рашэнне мусіла прымаць спецыяльная камісія па памілаванні. Пра яе рашэнне ў адкрытых крыніцах інфармацыі не было, а сам Баскін потым пазбягаў размоваў на тэму свайго затрымання і гэтай справы.

Евгений Баскин. Фото: TUT.BY
Яўген Баскін. Фота: TUT.BY

З тых падзей прайшло амаль тры гады. І вось у 2019 годзе Баскін вырашыў пабудаваць у Магілёве прыватную школу.

Пад забудову планавалася перадаць 0,42 гектара зямлі ад Магілёўскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. Узамен забудоўшчык мусіў перанесці гульнявую пляцоўку цэнтра на новае месца, абсталяваць два ценевыя навесы і пабудаваць пляцоўку для адпачынку.

— Школа «Канкорд» была спраектаваная і пабудаваная «з нуля» ў адпаведнасці з інвестыцыйнай дамовай, — расказаў «Бюро» юрыст «Канкорда». — Зямельны ўчастак, перададзеных «Сервалюкс Агра», першапачаткова знаходзіўся ў пераліку участкаў, прызначаных для перадачы інвестарам з мэтай будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, прадугледжаных інвестыцыйнымі дамовамі.

І вось 1 верасня 2021 года «Канкорд», разлічаны на 88 вучняў, пачаў працу. Школу ўрачыста адкрывалі кіраўнік Магілёва Уладзімір Цумараў і кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Аляксей Багайчук.

Владелец «Серволюкса» Евгений Баскин (крайний слева) открывает частную школу «Конкорд». Могилев, 1 сентября 2019 года. Фото: servolux.com
Уладальнік «Сервалюкса» Яўген Баскін (крайні злева) адкрывае прыватную школу «Канкорд». Магілёў, 1 верасня 2019 года. Фота: servolux.com

Паводле крыніцы «Бюро» са сферы адукацыі, прадстаўнікі ўлады даволі рэдка прысутнічаюць на адкрыцці прыватнай школы. Але ўжо праз год акажацца, што сувязі паміж гэтай прыватнай школай і мясцовымі ўладамі нашмат мацнейшыя.

У 2022-м масавая зачыстка закранула і «Канкорд». У той момант стварэнне Яўгена Баскіна схавалася пад крыло сярэдняй школы № 12 горада Магілёва. Інфармацыю пра гэта можна знайсці ў тэндарах. Так, у кастрычніку 2022 года школа № 12 закупіла за бюджэтныя грошы паслугі па харчаванні для 36 вучняў. І ў дакументах запісаны не дом № 81 на Ніжняй Карабанаўскай вуліцы, дзе знаходзіцца будынак школы, а будынак № 76 на вуліцы Сурганава. Акурат тут і размясціўся «Канкорд».

У студзеньскім заданні на закупку харчавання, якое ўдалося атрымаць «Бюро», гаворыцца, што будынак «Канкорда» — гэта другі корпус школы.

Задание на закупку питания для частной школы «Конкорд», которая вдруг стала корпусом № 2 Могилевской школы № 12. Фото: «Бюро»
Заданне на закупку харчавання для прыватнай школы «Канкорд», якая раптам стала корпусам № 2 магілёўскай школы № 12. Фота: «Бюро»

У студзені 2023 года школа № 12 зноў размяшчае тэндар на «абслугоўванне аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і сістэмы апавяшчэння». І зноў пазначае адрас «Канкорда». Відаць, такім чынам магілёўская прыватная школа прапрацавала да красавіка 2023 года, калі змагла зноў атрымаць ліцэнзію. Сёння там вучыцца 85 дзяцей, за год бацькі плацяць 5250 даляраў паводле курсу Нацбанка (на 7 траўня гэта 16 936 рублёў за год ці 1411 рублёў за месяц). Харчаванне, дарэчы, аплачваецца асобна.

Журналісты «Бюро» патэлефанавалі ў школу «Канкорд» пад выглядам патэнцыйных кліентаў, каб даведацца, як яны аказаліся пад крылом дзяржавы ў 2022 годзе і дзе яны цяпер.

Дырэктарка «Канкорда» Юлія Багавец патлумачыла, што яны былі вымушаныя гэта зрабіць «на этапе фармавання палітыкі ўзаемаадносін дзяржавы з прыватнымі школамі».

— Мы вымушаныя былі захаваць нашую базу. І такім чынам мы аб’ядналіся з 12-й школай. З таго часу, як мы атрымалі ліцэнзію і прайшлі акрэдытацыю, два даволі складаныя працэсы (смяецца), мы з’яўляемся самастойнай навучальнай установай, прыватнай, — адказала яна журналістам.

Прадстаўнікі сферы адукацыі на ўмовах ананімнасці пацвердзілі «Бюро», што такая схема магчымая, але толькі пры наяўнасці адміністрацыйнага рэсурсу або, прасцей кажучы, сувязяў.

Коллектив частной школы «Конкорд» в Могилеве во время ее открытия. 1 сентября 2019 года Фото: servolux.com
Калектыў прыватнай школы «Канкорд» у Магілёве падчас яе адкрыцця. 1 верасня 2019 года. Фота: servolux.com

Па дадатковыя тлумачэнні журналісты звярнуліся да Яўгена Баскіна, ён перанакіраваў іх на юрыстку «Канкорда», якая падрыхтавала адказы на пытанні:

— Каб забяспечыць бесперапыннасць адукацыйнага працэсу і захаваць высокапрафесійны педагагічны калектыў, сумесна з упраўленнем па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама было прынятае рашэнне перавесці настаўнікаў і дзяцей у сярэднюю школу № 12 г. Магілёва, якая знаходзіцца ў крокавай даступнасці і на той момант не была цалкам укамплектаваная. Для таго каб адукацыйны працэс мог быць працягнуты на базе будынка і маёмасці школы «Канкорд», уся яе маёмасць была перададзеная ў бязвыплатнае карыстанне сярэдняй школе № 12 горада Магілёва на падставе дамовы.

Атрымліваецца, каб пазбегнуць закрыцця сваёй школы, Яўген Баскін дамовіўся з мясцовымі ўладамі і хутка перадаў будынак дзяржаўнай школе, перавёў туды настаўнікаў і вучняў, пакуль яго «Канкорд» атрымліваў усе неабходныя дазволы на працу. А калі атрымаў усё неабходнае, вярнуў кіраванне.

Юрыстка школы «Канкорд» адзначыла, што «ў перыяд дзеяння дамовы бязвыплатнага карыстання заснавальнік школы „Канкорд“ самастойна нёс усе выдаткі па яе ўтрыманні, у тым ліку камунальныя і эксплуатацыйныя плацяжы. Улічваючы патрэбу ў дадатковым фінансаванні сярэдняй школы № 12 г. Магілёва ў сувязі з узрослым лікам педагогаў і вучняў, значныя сродкі скіроўваліся заснавальнікам у гэты перыяд на аказанне бязвыплатнай спонсарскай дапамогі гэтай адукацыйнай установе». Расследавальнікі ўдакладнілі ў юрысткі школы, ці кампенсаваў уладальнік «Канкорда» сродкі, выдаткаваныя дзяржаўнай школай на патрэбы корпуса № 2 па дзяржзакупках. Але на гэтае пытанне юрыстка не адказала.

Классы в школе «Конкорд». Могилев 1 сентября 2019 года. Фото: паблик «Могилев Live»
Класы ў школе «Канкорд». Магілёў 1 верасня 2019 года. Фота: паблік «Могилев Live»

У Магілёўскім аблвыканкаме «Бюро» сказалі, што школа «Канкорд» атрымала ліцэнзію ва ўстаноўленым парадку, і скіравалі па падрабязнасці ў Магілёўскі гарвыканкам. Але там адмовіліся па тэлефоне дзяліцца нюансамі пераходу настаўнікаў і вучняў прыватнай школы пад крыло дзяржаўнай на час ліцэнзавання. Дык, можа, такі варыянт прапанавалі і іншым?

— Некаторым наўпрост казалі: «Будзеце шукаць магчымасцяў неяк застацца ў гульні — мы вас пасадзім». І нават больш — некаторым давялося з’язджаць, бо спрабавалі нешта шукаць. Так што гаворка пра тое, што закон працуе не для ўсіх, а для абраных, — пракаментавала «Бюро» крыніца са сферы адукацыі.

— Калі б мы таксама маглі ўвайсці ў склад дзяржаўнай школы, каб захаваць сваю справу, мы б так і зрабілі. Але не ўсім так можна, — адзначыў другі суразмоўца праекта.

«Эка-Эл» і ўнукі Шэймана і Канаплёва

Прыватная школа «Эка-Эл» (расшыфроўваецца як «Экология личности») у Ждановічах — адна з найстарэйшых прыватных школ Беларусі: яна працуе з 1994 года.

Яе заснавальніцай і першай дырэктаркай была Тамара Арцем’ева, якая пасля перадала кіраванне Таццяне Маславай. Паводле звестак «Кіберпартызан», гэта маці і дачка. З часам заснавальнікі ўзвялі новы будынак школы ў Ждановічах.

Частная школа «Эко-Эл». Фото: аккаунт школы в Instagram
«Эка-Эл». Фота: акаўнт школы ў Instagram

Паводле крыніц «Бюро» ў сферы адукацыі, трапіць у «Эка-Эл» практычна немагчыма — прыярытэт на залічэнне ў першую чаргу ў «сваіх». Яшчэ да таго, як прыватныя школы былі зачышчаныя, Таццяна Маслава ў каментары «Анлайнеру» ў 2022 годзе заяўляла, што ў іх «усё добра» і «ўсе месцы сёлета закрытыя». Навучанне ў «Эка-Эл» каштуе 600 еўра за месяц (2085 рублёў паводле курсу Нацбанка на 7 траўня).

Журналісты праекта патэлефанавалі ў школу «Эка-Эл» пад выглядам бацькоў, што хочуць уладкаваць у школу сваё дзіця, але нам адказалі, што ў гэтую школу не трапіць, «ліст чакання вялікі», дзіця ў яго нават ставіць не будуць.

Як і ўсіх, «Эка-Эл» не абмінула «ліцэнзаванне» школ. Але ўжо з 8 лістапада 2022 года яны аднавілі навучанне. У школе на той момант не было ліцэнзіі (мяркуючы са звестак сэрвісу kartoteka.by, атрымалі яна яе толькі 1 снежня). Як жа так выйшла?

— Гэта такая «школа для сваіх», у якой вучыцца ўнук Віктара Шэймана, таму яе і пакінулі, — патлумачыла «Бюро» крыніца са сферы адукацыі.

Расследавальнікі знайшлі пацверджанне гэтай інфармацыі — фота Аляксандра Шэймана ў сацсетках школы «Эка-Эл». «Кіберпартызаны» пацвердзілі: на фота сын Сяргея Шэймана і ўнук Віктара Шэймана, даўняга паплечніка Лукашэнкі. Цяпер ён яго «спецыяльны прадстаўнік».

Внук Виктора Шеймана — Александр Шейман в школе «Эко-Эл». Фото: аккаунт в Instagram школы «Эко-Эл»
Унук Віктара Шэймана — Аляксандр Шэйман у «Эка-Эл». Фота: акаўнт школы ў Instagram

Таксама журналісты адшукалі ў гэтай школе сваячку яшчэ аднаго чалавека з першай палітычнай «абоймы» Аляксандра Лукашэнкі. З дапамогай «Кіберпартызан» удалося высветліць, што вучаніца Марыя Канаплёва — унучка яшчэ аднаго блізкага паплечніка Лукашэнкі, кіраўніка федэрацыі гандбола Уладзіміра Канаплёва.

Внучка Владимира Коноплева — Мария в «Эко-Эл». Фото: аккаунт школы в Telegram
Унучка Уладзіміра Канаплёва Марыя ў «Эка-Эл». Фота: акаўнт школы ў Telegram

Таксама расследавальнікі і «Кіберпартызаны» высветлілі, што ў «Эка-Эл» вучацца дзеці былой суўладальніцы збанкрутаванай сеткі крам Bigzz Аляўціны Лукомскай, акцыянера і заснавальніка групы кампаній «А-100» Аляксандра Цэнтэра, а таксама аднаго з былых топ-менеджараў «БСБ Банка» Уладзіміра Фёдарава.

Журналісты патэлефанавалі дырэктарцы Таццяне Маславай і пацікавіліся, дзякуючы чаму ці каму школа змагла хутка аднавіць працу, аднак яна адмовілася ад каментароў.

Між тым падобна, што «Эка-Эл» — непасрэдны канкурэнт для «Мінскай міжнароднай гімназіі», заснаванай Ірынай Абельскай. Паводле крыніцы «Бюро» са сферы адукацыі, неўзабаве пасля таго як «Эка-Эл» зноў запрацавала, бацькам іх вучняў пачалі паступаць «цікавыя званкі».

— Вельмі многім бацькам дзяцей з «Эка-Эл», хто працаваў у дзяржструктурах, а такіх там быў нейкі высокі працэнт, прапанавалі ў тэрміновым парадку забраць дакументы і аформіцца ў тую школу, якую «мы ж для вас і пабудавалі». То-бок гэта «Мінская міжнародная гімназія». Маўляў, мы для вас тут усе ўмовы стварылі, а вы ходзіце па нейкіх незразумелых прыватных асобах, — казаў суразмоўца «Бюро».

«Альтэрнатыва» і экс-чыноўнік з Мінадукацыі, які стаў дэпутатам

«Альтэрнатыва» — яшчэ адна прыватная школа, якая хутка змагла адкрыцца пасля «зачысткі». Згодна з выпіскай з АДР, яна існуе з 1997 года. Дырэктарка і ўладальніца школы — Вольга Дзеркачова. Як і «Эка-Эл», «Альтэрнатыва» ўжо ў пачатку другой чвэрці зноў змагла пачаць працаваць. Паводле звестак сэрвісу kartoteka.by, ліцэнзію яна атрымала 22 снежня 2022 года.

Дзеркачова расказвала, што ад Міністэрства адукацыі школе паступілі канкрэтныя патрабаванні для праходжання ліцэнзавання. Сярод іх — у тым ліку наяўнасць «сярод вучняў сябраў БРСМ, а сярод настаўнікаў — „Белай Русі“». У апошнюю, як казала дырэктарка школы, уступілі ўсе педагогі.

Частная школа «Альтернатива». Минск, 2016 год. Фото: Onliner.by
Прыватная школа «Альтэрнатыва». Мінск, 2016. Фота: Onliner.by

Але расследавальнікі знайшлі яшчэ адну сувязь, якая магла дапамагчы «Альтэрнатыве» хутчэй прайсці бюракратычныя перашкоды. Падчас «зачысткі» прыватных школ пасаду дырэктара Дэпартамента кантролю якасці Міністэрства адукацыі займаў Міхаіл Мірончык (яго прызначылі ў 2017 годзе). Менавіта ён курыраваў ліцэнзаванне і акрэдытацыю школ у краіне. Аднак да сваёй чыноўніцкай кар’еры Мірончык доўгі час прапрацаваў у «Альтэрнатыве».

У размове з журналістамі «Бюро» Вольга Дзеркачова пацвердзіла гэты факт, аднак сказала, што гэта было вельмі даўно, і згадала, што хутчэй дапамагло тое, што школа да ліцэнзавання праходзіла акрэдытацыю пяць разоў.

Экс-директор Департамента контроля качества Министерства образования Михаил Мирончик, который в 2024 году стал депутатом. Фото: официальный сайт Палаты представителей Национального собрания
Экс-дырэктар Дэпартамента кантролю якасці Міністэрства адукацыі Міхаіл Мірончык, які ў 2024 годзе стаў дэпутатам. Фота: афіцыйны сайт Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу

Мы паспрабавалі звязацца з Міхаілам Мірончыкам, але ягоны асабісты тэлефон не адказвае, жонка адмовілася звязаць з ім і кінула слухаўку. У Дэпартаменце кантролю якасці адукацыі заявілі, што Міхаіл там больш не працуе — ён стаў дэпутатам восьмага склікання.

Цяпер у «Альтэрнатыве» няма вольных месцаў, але дзяцей гатовыя занесці ў спіс чакання. Адзін месяц навучання каштуе 1500 рублёў.

«Іхвіс» і манастыр, які падтрымлівае Расію ў вайне

Свята-Елісавецінскі манастыр, які не раз трапляў у скандалы, «цесна супрацоўнічае» з прыватнай школай «Іхвіс». Але фактычна яна знаходзіцца пры манастыры.

Школа існуе тут з 2013 года. Паводле звестак сэрвісу kartoteka.by, пасля «зачысткі» аднавіць ліцэнзію яна змагла 1 снежня 2022 года.

Як «Іхвіс» змог атрымаць ліцэнзію, не паведамляецца. Аднак сам манастыр падтрымлівае Лукашэнку, а таксама Расію і праводзіць зборы для расійскіх вайскоўцаў.

Православная частная школа «Ихвис». Фото: obitel-minsk.ru
Праваслаўная прыватная школа «Іхвіс». Фота: obitel-minsk.ru

Школа не застаецца ўбаку ад манастыра. Так, у лютым 2024 года прайшоў урок «Современная экипировка и снаряжение Защитника Отечества». Правялі яго прадстаўнікі Мінскага гарадскога грамадскага аб’яднання «Город без наркотиков» і вайскова-патрыятычнага цэнтра «Казачий Спас».

Паводле звестак выдання «Наша Ніва», гэты цэнтр праводзіць вайсковыя зборы для беларускіх дзяцей з запрашэннем расійскіх інструктараў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях. Такія зборы праходзілі як у Беларусі, так і з выездамі ў Расію.

Як удалося даведацца журналістам «Бюро», навучанне ў гэтай школе каштуе 1000 рублёў за месяц. Але прымаюць у калектыў у першую чаргу дзяцей бацькоў-вернікаў і прыхаджан манастыра.

«Елісеевы палі» і экс-сілавік з крымінальнага вышуку

Пачатковая школа і дзіцячы садок «Елісеевы палі» з’явілася ў Мінску ў 2017 годзе. Заснавальніца школы — Алена Мяшкова. Яна назвала яе ў гонар сына Елісея.

У адным з інтэрв'ю Мяшкова казала, што адкрыць дзіцячы садок удалося дзякуючы фінансам яе сям'і і сям'і мужа: «Калі нарадзілася думка пра стварэнне дзіцячага садка, мне давялося быць даволі пераканаўчай, каб уся мая сям’я і сям’я з боку мужа пранікліся ідэяй, бо менавіта дзякуючы нашым агульным фінансам удалося ўзвесці будынак».

Школа «Елисеевы поля». Фото: архив компании для probusiness.io
Школа «Елісеевы палі». Фота: архіў кампаніі для probusiness.io

Муж Максім Мяшкоў, як кажа жонка, актыўна ўдзельнічае ў справах школы і кіруе фінансавым бокам яе дзейнасці. Дзякуючы «Кіберпартызанам» расследавальнікі высветлілі, што некалькі гадоў ён працаваў намеснікам начальніка аддзела крымінальнага вышуку ў Савецкім РУУС горада Мінска, а потым сышоў у бізнес. Згодна з выпіскай з базы «Легат», да 2 лістапада 2023 года валодаў 49% у расійскай кампаніі РЭС, якая займаецца пастаўкамі металапракату, кіслот, катлоў, арматуры і іншага.

«Елісеевы палі» атрымалі ліцэнзію ў адзін дзень з «Іхвісам» і «Эка-Эл». Але за што ім аказалі такі гонар, крыніцы «Бюро» не ведаюць. Дырэктарка школы Марына Восіпава патлумачыла журналісту праекта, што яны, як і астатнія ўстановы, проста сабралі і падалі неабходны пакет дакументаў.

Крыніца «Бюро» са сферы адукацыі дапусціла, што «Елісеевы палі» пакінулі на рынку, таму што гэта «суперлаяльная школа, якая ніколі ні ў чым сябе не запляміла перад дзяржавай».

Калі мы патэлефанавалі ў «Елісеевы палі» пад выглядам патэнцыйных кліентаў, то там з парога паведамілі, што месцаў няма і не прадбачыцца. Цяпер школа цалкам укамплектаваная, а чарга ў лісце чакання кіламетровая. Шчасліўчыкам, якія ўжо трапілі ў кліенцкую базу «Елісеевых палёў», штомесяц трэба плаціць 2100 рублёў.

«Яны як бы пакідаюць гэтыя школы для сябе. Для сваіх чыноўнікаў»

Суразмоўцы «Бюро» ў сферы адукацыі адзначаюць, што калі раней прыватнымі школамі карысталіся заможныя беларусы, то цяпер улады звузілі гэтае кола.

— Яны як бы пакідаюць гэтыя школы для сябе. Для сваіх чыноўнікаў. Для свайго ўнутранага спажывання, — кажа экспертка па адукацыі Святлана Мацкевіч. — Цяпер заможнымі беларусамі ўмоўна лічацца людзі, максімальна набліжаныя да ўлады. Калі яны набліжаныя, то-бок чыноўнікі і гэтак далей, то гэта нейкая своеасаблівая элітарнасць. Калі гэта эліта, то значыць, для іх мусяць быць і адпаведныя элітарныя школы.

Яшчэ адзін эксперт у сферы адукацыі лічыць, што ад «зачысткі» прыватных школ у Беларусі ў цэлым пацярпела беларуская адукацыя. На адукацыйным рынку моцна звузілася канкурэнцыя.

— Вядома, [наяўнасць прыватных школ] - гэта добра, бо, па-першае, з’яўляецца канкурэнцыя, — адзначыў суразмоўца праекта. — І хай у адукацыі гэта не так прыкметна, але прыватныя школы вельмі часта выкарыстоўвалі інавацыйныя методыкі, якія цяпер маюць месца ў свеце, а не абапіраліся на класна-ўрокавую сістэму з указілаўкі зверху. Але самае галоўнае — гэта тое, што бацькі маглі выбіраць адукацыю для дзіцяці, а не аднолькавую школьную форму. Выбіраць і несці адказнасць за адукацыю свайго дзіцяці, каб яно магло канкураваць на глабальным рынку, а не на аскепках саўка.

Чытайце таксама