Сёння, 2 верасня, ва ўсіх школах краіны пройдуць лінейкі. Падрыхтоўка да свята, як і да навучальнага года, — важны працэс у жыцці вучняў і іх сем’яў. Не абыходзіцца ў гэты перыяд і без пытанняў. Бацькі вучня базавай школы № 2 імя Авекава ў гарадскім пасёлку Лёзна абурыліся, чаму на ўрачыстасць вучань не можа прыйсці ў белых красоўках. У адміністрацыі навучальнай установы ім адказалі.
Дыялог паміж бацькам вучня і дырэктаркай базавай школы № 2 ім. І.А. Авекава Радасцю Тараканавай адбыўся з пабліку «Лёзна-Лиозно» ў VK. Увагу на гэта звярнуў тэлеграм-канал «Live Витебск, я гуляю!»
— Выбачайце, але накіпела… — напісаў адзін з бацькоў. — Што за трызненне ў другой школе адбываецца? Дзіцяці нельга прыйсці на лінейку ў белых красоўках, патрэбныя строга туфлі. А калі грошай няма? Дзіця са школы выганяць?
У каментарах да гэтага допісу дырэктарка навучальнай установы патлумачыла, чым абумоўленыя строгія патрабаванні да выгляду вучняў. Паводле яе, рашэннем Міністэрства адукацыі ў 2024/2025 навучальным годзе ва ўсіх школах і гімназіях краіны ўведзеная школьная форма.
— Да ведама бацькоўскіх камітэтаў даведзеная дадзеная інфармацыя яшчэ ў траўні. Дадзенае патрабаванне замацаванае ў статуце ўстановы адукацыі, таксама ў правілах унутранага распарадку для навучэнцаў, — напісала Радасць Тараканава. — Згодна з Кодэксам аб адукацыі, навучэнцы і іх законныя прадстаўнікі абавязаныя выконваць патрабаванні ўстаноўчых дакументаў і вышэйзгаданых правілаў (артыкул 31 п. 1.3 і артыкул 34 п. 1.3). На сайце ўстановы адукацыі інфармацыю пра школьную форму размясцілі на галоўнай старонцы. Там гаворыцца, што спартыўная форма і абутак дарэчныя толькі на ўроках фізічнай культуры і на занятках спартыўных секцый.
На сайце навучальнай установы сказана, што з 1 верасня 2024 года ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы 1−9 класаў прытрымліваюцца дзелавога, то-бок строгага, стылю адзення.
Хлопчыкі павінныя насіць:
- штаны дзелавога стылю чорнага колеру,
- жакет трыкатажны цёмна-сіняга колеру,
- кашулю белую (для ўрачыстых мерапрыемстваў),
- кашулю ці гольф пастэльных колераў (для паўсядзённага нашэння),
- шаўрон (эмблему-нашыўку) установы адукацыі,
- туфлі чорныя класічныя (дапушчальныя паўчаравікі белага або чорнага колеру).
У гардэробе дзяўчат мусяць быць:
- спадніца (штаны) дзелавога стылю чорнага колеру,
- жакет трыкатажны цёмна-сіняга колеру,
- блузка белая (для ўрачыстых мерапрыемстваў),
- блузка ці гольф пастэльных колераў (для паўсядзённага нашэння),
- шаўрон (эмблема-нашыўка) установы адукацыі,
- туфлі чорныя класічныя (дапушчальныя паўчаравікі белага або чорнага колеру).
Пры гэтым шаўрон (эмблема-нашыўка) установы адукацыі, жакет трыкатажны цёмна-сіняга колеру, штаны (спадніца) чорнага колеру — гэта абавязковыя элементы адзінага школьнага адзення.
У навучальнай установе таксама адзначаюць, што хадзіць на заняткі ў моцна скарочаных блузках, майках і спадніцах, а таксама ў футболках з яркай аплікацыяй, джынсах, хатняй вопратцы і вечаровых строях нельга.
Спартыўныя касцюмы і абутак дарэчныя і неабходныя толькі на ўроках фізкультуры і занятках у спартыўных секцыях.
Пірсінг, тату, яркі макіяж і іншыя віды экзатычных упрыгожанняў і прычосак, парфумерныя і касметычныя сродкі з рэзкім водарам не дапускаюцца.
Чытайце таксама