Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Похоже, мы узнали реальную численность населения Беларуси. И она отличается от официальной статистики
  2. «Бондарава — тыповы хунвэйбін». Чаму ў Беларусі рэпрэсуюць прарасійскіх актывістаў?
  3. Даведаліся з непублічнага дакумента, колькі медыкаў не хапае ў Беларусі (і як чыноўнікі навучыліся хаваць гэтую лічбу)
  4. «Гэта дакладна быў Андрэй». «Люстэрку» паведамілі, што экс-мужа зніклай спікеркі КР і дзвюх яе дачок бачылі ў Нясвіжы, — паспрабавалі праверыць
  5. Кремль продолжает попытки рассорить США и Европу и не дать Трампу заключить договор с Украиной по добыче редкоземельных металлов — ISW
  6. Аказваецца, у СІЗА на Валадарскага былі віп-камеры. Расказваем, хто ў іх сядзеў і ў якіх умовах
  7. Ці быў у зніклай Анжалікі Мельнікавай доступ да спісаў тых, хто данаціў НАУ, і іншай важнай інфармацыі? Даведаліся ў Паўла Латушкі
  8. Топ-5 першакрасавіцкіх розыгрышаў, якія ўдаліся занадта добра
  9. У беларусов есть собственный русский язык? Вот чем он отличается от «основного» и что об этом говорят ученые
  10. «Працаваць праз Zoom і іншыя „небеларускія“ рэсурсы будзе нельга». Чыноўнікі ўзяліся за яшчэ адну катэгорыю работнікаў — падрабязнасці
Читать по-русски


/

Сёння ўсё яшчэ існуе шмат стэрэатыпных уяўленняў наконт адносін і шлюбу. Напрыклад, гуляць трэба, «пакуль малады», ці калі ў 40 гадоў жонкі няма, то ўжо і не будзе. Але ці сапраўды для моцных адносін трэба «нагуляцца» ў маладым узросце? І ці існуе самы прыдатны час, каб пераходзіць ад кароткіх раманаў да моцнага і доўгага саюзу? «Люстэрка» задало гэтыя пытанні псіхолагу з 20-гадовым досведам, дырэктарцы Еўрапейскага інстытута сучаснай псіхатэрапіі Ганне Матуляк.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / cottonbro studio
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / cottonbro studio

Як зразумець, «ці час» заводзіць адносіны?

Паводле псіхолага, у людзей не можа быць ніякага абавязку мець адносіны ці не мець. Калі камусьці ў іх камфортна, то яны шукаюць і ствараюць іх, а ёсць тыя, каму гэта не трэба — прычым незалежна ад узросту.

— Пры гэтым калі казаць пра нейкі залаты стандарт, то мы ўсе так ці інакш імкнёмся да блізкасці. Буду банальнай, але чалавеку патрэбны чалавек, — дадае суразмоўніца. — Гэта могуць быць роднасныя ці сяброўскія эмацыйна блізкія адносіны, але мы ўсе маем у іх патрэбу. Праўда, і самыя глыбокія траўмы, якія могуць у нас быць, — гэта траўмы, атрыманыя ў адносінах.

Таму, як падкрэслівае Матуляк, камусьці ўсё ж камфортней быць аднаму: такім людзям адносіны прыносяць шмат пакуты. А ў кагосьці ў пэўны момант проста могуць быць іншыя прыярытэты.

— Так што нашмат важней зразумець і адказаць сабе на пытанне: а ці патрэбныя мне адносіны ў прынцыпе? Што мяне падахвочвае ўступіць у адносіны? Ці не сацыяльны гэта ціск? Калі, напрыклад, я хаджу на спатканні і «пераглядаю» ўсіх кандыдатаў, бо мне ўжо, напрыклад, 35 гадоў, а я не замужам і без адносін, хоць бабуля просіць праўнукаў, — кажа псіхолаг. — Але кантрольны пункт можа быць толькі адзін — як вы самі сябе адчуваеце.

Ганна Матуляк перакананая, што няма і не можа быць прыдатнага ўзросту, у якім трэба заводзіць адносіны. Толькі асабістыя патрэбы і прыярытэты ў канкрэтны момант.

— Гісторыі кшталту «Ой, перагуляла, трэба было замуж выходзіць раней» ці «Ой, недагуляла» не маюць абсалютна ніякага дачынення да рэальнасці. Усё здарылася так, як здарылася, — лічыць суразмоўніца. — Калі вы ў 25 замуж не выйшлі ці не ажаніліся і да 37 гэтага так і не зрабілі — значыць, вам ніхто не спадабаўся. Ці, зноў жа, у вас былі іншыя прыярытэты, нешта важннйшае і каштоўнейшае на той момант — што таксама нармальна, не ва ўсіх сям’я наверсе гэтага спісу.

Зусім іншая гісторыя, кажа псіхолаг, калі на нейкім этапе хочацца стабільных адносін, а здараюцца толькі кароткія раманы — і гэта вас трывожыць.

— У такім выпадку сітуацыя ўжо падобная да ўнутранага канфлікту і да гатовага запыту да псіхатэрапеўта, з якім добра б яго разабраць, — дадае Матуляк. — Але гэта не пра тыя выпадкі, калі здаецца, што ўжо нібыта прыйшоў узрост мець сям’ю ці калі мама ўвесь час пра гэта пытае і ад гэтага кожны раз сорамна. Тады запыт да псіхатэрапеўта будзе крыху іншым: чаму я адчуваю сорам і чаму хачу апраўдаць бацькоўскія чаканні.

Паводле псіхолага, варта проста давяраць жаданням, патрэбам, імпульсам.

— І па магчымасці заўсёды звяртайцеся да спецыялістаў, калі адчуваеце нейкую нязгоду ўнутры, — раіць Матуляк. — Вядома, не варта чакаць, што псіхолаг умомант разграбе завалы, якія збіраюцца шмат гадоў, і дасць гатовыя адказы. Але ўпарадкаваць унутраны свет і разабрацца ў сабе дакладна дапаможа.

Ці можна ўсё ж «нагуляцца», калі баішся памыліцца перад шлюбам?

Такога паняцця, як «не нагуляўся» ці «не нагулялася», у псіхалогіі наогул няма, кажа спецыялістка. Па вялікім рахунку, гэта значыць тое, што ў чалавека на гэты момант патрэба ў адносінах не прыярытэтная.

— Галоўнае, каб сам чалавек унутры сябе разумеў, чаму і навошта ён менавіта так арганізоўвае сваё жыццё і ці сапраўды гэта набліжае яго да таго, што насамрэч трэба, — тлумачыць суразмоўніца. — Часам бывае так, што мы не вельмі простымі і відавочнымі шляхамі ідзём да сваіх мэтаў. Умоўна кажучы, мы хочам адносін, але чамусьці робім нешта, што аддаляе нас ад іх.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / Mikhail Nilov
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / Mikhail Nilov

Як гэта працуе на практыцы? Матуляк для прыкладу звяртаецца да адной з жартоўных выяваў з прастораў інтэрнэту. На ёй пара ляжыць у ложку пасля сваркі, павярнушыся спінамі адно да аднаго, а калі мужчына робіць жэст прымірэння, жанчына кажа: «Прыбяры рукі, не чапай мяне».

— Хоць унутры, вядома ж, гераіня гэтага сюжэту хоча прымірэння і збліжэння, — тлумачыць псіхолаг. — Вядома, я апісваю прыватны выпадак — заўсёды трэба разумець і разбірацца, што адбываецца ўнутры ў чалавека, але гэтая ілюстрацыя вельмі добра паказвае сутнасць працы такіх механізмаў. Часам мы так і робім: хочам аднаго, а дзейнічаем па-іншаму — хочам цяпла і пяшчоты, але выбіраем эмацыйна недаступных партнёраў.

Як кажа Матуляк, так можа адбывацца тады, калі чалавек не да канца ўсведамляе свае патрэбы ў адносінах: напрыклад, у кантролі, дамінаванні. У такіх выпадках людзі імкнуцца задаволіць іх, самі таго не падазраючы.

— Дапусцім, я расла ў сям'і з вельмі даміноўным бацькам, які прыгнятаў маці. Праз гэта я вельмі рана зрабіла выснову, што мужчыны ненадзейныя і што калі быць слабай, дэманстраваць і паказваць сваю ўразлівасць, то ў мяне будзе такі ж лёс, як у маёй маці. Мне трэба быць яшчэ мацнейшай за мужчыну, каб не трапіць у такую ж гісторыю. Гэта мая несвядомая праграма, якой я прытрымліваюся і нават не заўважаю. А на свядомым узроўні я магу чытаць кнігі пра тое, як быць мяккай і лёгкай, — тлумачыць спецыялістка.

Псіхолаг раіць правесці самааналіз і ацаніць, ці сапраўды тое, што вы робіце, адпавядае вашым мэтам і каштоўнасцям. Калі ўсё супадае, то няма ніякіх праблем, дадае яна.

— Да таго ж частая змена партнёраў таксама мае нейкую прычыну. У аснове такіх паводзінаў звычайна ляжыць нейкі досвед, — кажа Матуляк. — Самы глыбокі — гэта, вядома ж, досвед адносін з бацькамі. Яго мы несвядома выкарыстоўваем як трафарэт для пабудовы адносін з усімі іншымі людзьмі і па вертыкалі, і па гарызанталі: то-бок і ў працы на ўзроўні начальнік — падначалены, і з сябрамі, і ў партнёрскіх адносінах.

Тлумачыцца гэта тым, што калі дзіця прыходзіць на свет, то не ведае нічога ні пра сябе, ні пра свет і мае няспелую псіхіку. Спее яна ў кантакце са значным дарослым, і гэта, як правіла, нехта з бацькоў — неабавязкова маці, можа быць і бабуля, і бацька.

— Адпаведна, у залежнасці ад таго, як складваюцца адносіны са значным дарослым і які тып прыхільнасці фармуецца ў гэтым кантакце, унутры чалавека з’яўляецца пэўная эмацыйная схема, паводле якой ён дзейнічае, — кажа псіхолаг, прыводзячы прыклад: — Умоўна кажучы, калі мой значны дарослы так будаваў са мной адносіны, што мне ўвесь час было небяспечна, трывожна і не было пачуцця прадказальнасці, пэўнасці, то ў мяне фармуецца трывожная прывязанасць. Гэта калі вельмі спрасціць. У такіх выпадках, як бы я, напрыклад, «галавой» ні хацела надзейных адносін, я не буду выбіраць такіх партнёраў: я буду несвядома аддаваць перавагу тым, хто будзе прайграваць той, засвоены яшчэ ў дзяцінстве, сцэнар.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: freepik.com/wayhomestudio
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com/wayhomestudio

Менавіта досвед траўмы, як правіла, становіцца частай прычынай таго, што чалавек не можа знайсці сур’ёзныя, стабільныя адносіны.

— Значыць, калісьці блізкасць нас параніла ці была цяжкай. І тады мозг лічыць, што найлепшы спосаб пазбегнуць гэтага перажывання зноў — унікаць блізкасці, — тлумачыць Матуляк. — Бывае так, што мы, самі таго не заўважаючы, не ўсведамляючы, адсоўваем сябе ад жадання адносін і несвядома робім усё, каб іх не здарылася. Вось таму тут няма ніякіх правілаў ці паняцця «нагуляцца».

Калі ні разу не атрымалася пабудаваць адносіны да 30 ці нават 40, ці значыць гэта, што ўсё страчана?

Паводле спецыялісткі, працяглыя адносіны з першым партнёрам не гарантуюць адсутнасці крызісаў у будучыні.

— Безумоўна, плюс у такіх адносінах ёсць. У маладых людзей псіхіка яшчэ досыць гнуткая, і яны могуць будаваць адносіны, расці і развівацца разам, — тлумачыць псіхолаг.

Але Матуляк бачыць у такім сцэнары і схаваныя небяспекі. Адна з іх — акурат малы досвед.

— Калі такая пара сутыкнецца з першым крызісам, можа ўзнікнуць думка, што гэта не той партнёр, які мне падыходзіць, — тлумачыць суразмоўніца. — Хоць крызіс — гэта абавязковая опцыя для ўсіх адносін. Толькі розніца будзе ў іх глыбіні. І партнёр ці партнёрка можа паддацца ілюзіі, што вакол шмат іншых варыянтаў, той самы прынц ці тая самая прынцэса, «каханне ўсяго майго жыцця», яшчэ знойдзецца, — замест таго, каб працаваць над адносінамі і шукаць кампрамісы.

Калі ў сталым узросце ў кагосьці яшчэ не было сур’ёзных адносін, ён ці яна свядома іх унікаюць і ўяўляюць гэта як свой стыль жыцця, то гэта, хутчэй за ўсё, не кажа і пра «сілу і незалежнасць». Імаверна, у глыбіні ў такога чалавека хаваюцца праблемы, заўважае псіхолаг.

— Ёсць такі вобраз Джэймса Бонда — супернезалежнага чалавека, які абсалютна не мае патрэбы ў адносінах. Нейкі час нават была, я б сказала, мода на такіх людзей, — кажа суразмоўніца. — Вось толькі насамрэч усё зусім не так: хутчэй за ўсё людзі, якія ўладкоўваюць сваё жыццё такім чынам, проста абараняюцца. А глыбока ўнутры перажываюць адзіноту і патрэбу ў адносінах, блізкасці.

Яшчэ адным варыянтам праяўлення такога ўнутранага свету Ганна Матуляк называе людзей, які шукаюць адносіны, але кажуць, што «трапляюцца ім толькі неадэкватныя».

— Гэта акурат прыкмета таго, што ў чалавека ёсць унутраны канфлікт, — кажа псіхолаг. — Хутчэй за ўсё, ён ці яна проста несвядома ўспрымаюць адносіны як пагрозу. І таму робяць усё, каб гэтыя адносіны не здарыліся.

У любым выпадку пры наяўнасці сумневаў ці страхаў псіхолаг раіць звяртацца да спецыялістаў. Яны дапамогуць па-іншаму паглядзець на праблему і на свет вакол.

— Несвядомае — гэта велізарны пласт у нашай псіхіцы, які практычна немагчыма самастойна прааналізаваць. Ёсць людзі, якія кажуць: «Ой, у мяне з самарэфлексіяй наогул поўны парадак, я ўсё ведаю, разумею». Але менавіта ў несвядомым знаходзіцца ўвесь наш траўмавальны досвед, — тлумачыць Матуляк. — Там узнікаюць пэўныя патэрны паводзін, якія абараняюць нас ад гэтага досведу. А самастойна даследаваць гэтую зону вельмі цяжка.

Чытайце таксама