Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Падчас вайны з Украінай расіяне пачалі ўзводзіць умацаванні вакол Мелітопаля ў Запарожжы, у Крыме і ля Азоўскага мора. Раней фартыфікацыйныя збудаванні з’явіліся на тэрыторыі самаабвешчаных ДНР і ЛНР і ў Белгародскай вобласці Расіі. Спрабуем разабрацца, навошта іх будуюць і наколькі яны могуць быць эфектыўныя ў сучаснай вайне.

Што і дзе РФ будавала апошнім часам

Пасля таго як у кастрычніку стала вядома пра будаўніцтва «лініі Вагнера» на частцы тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, звесткі, што расійскія сілы актыўна закопваюцца ў зямлю на захопленых тэрыторыях, пачалі паступаць рэгулярна. Яшчэ за некалькі дзён да здачы Херсона з’явіліся здымкі ўмацаванняў, якія ўзводзяцца арміяй РФ уздоўж левага берага Дняпра ў Херсонскай вобласці. Расіяне выкапалі акопы нават на поўдзень ад Кінбурнскай касы, на самым беразе Егарлыцкага заліва — відавочна, баючыся ўкраінскай атакі з мора.

Таксама ў лістападзе пачалося ўзвядзенне абарончых ліній у глыбокім тыле расійскіх войскаў, на тэрыторыі акупаванага восем гадоў таму Крыма або зусім побач з ім. Спадарожнікавыя здымкі паказалі новыя акопы ў раёне Армянска на поўначы паўвострава, акрамя таго, абарончыя збудаванні з’явіліся ў раёне КПП «Чангар» паміж Крымам і Генічаскім раёнам Херсонскай вобласці.

Непадалёк, на Генічаскай горцы (гэта ўжо сам не Крым, а поўнач Арабацкай Стрэлкі — касы, якая злучае паўвостраў з мацерыком; поўдзень яе быў акупаваны яшчэ ў 2014 годзе, а паўночная частка — толькі ў 2022-м), як паведаміў тэлеграм-канал «Сирена», будаўніцтва ўмацаванняў аддалі на аўтсорс цывільнаму прадпрыемству — кампаніі «Аўтабан». На відэа, якое апублікаваў канал, бачныя ўжо нядрэнна знаёмыя па «лініі Вагнера» бетонныя тэтраэдры, мабыць, прызначаныя для супрацьтанкавай абароны.

Такія ж ўмацаванні заўважылі і ў акупаванай частцы Запарожскай вобласці, пад Мелітопалем — зноў траншэі і зноў «зубы цмока», то-бок супрацьтанкавыя бетонныя тэтраэдры. Таксама СМІ стала вядома, што пад Мелітопаль звозяць з Генічаска бетонныя пліты і вярбуюць насельніцтва для капання акопаў.

Некалькі ліній абароны Расія спрабуе пабудаваць і на сваёй тэрыторыі — у Белгародскай і Курскай абласцях.

Што аб’ядноўвае будаваныя расіянамі ўмацаванні

Па сутнасці, усе пабудовы, якія ўзводзяцца як на акупаваных тэрыторыях, так і ў самой Расіі, падобныя да так званай часовай фартыфікацыі. Такія ўмацаванні займаюць прамежкавае становішча паміж паўнавартаснай доўгачасовай фартыфікацыяй і звычайнымі палявымі ўмацаваннямі накшталт спехам выкапаных акопаў. Звычайна часовымі фартыфікацыйнымі збудаваннямі прыкрываюць або не надта важныя напрамкі, дзе наступ праціўніка малаімаверны, або пункты на захопленай тэрыторыі, для ўмацавання якіх няма ні часу, ні сродкаў.

Защитные сооружения в Белгородской области. Фото: t.me/vvgladkov
Абарончыя збудаванні ў Белгародскай вобласці. Фота: t.me/vvgladkov

Для стварэння такіх ліній абароны дастаткова ХТМ-3 (хуткаходнай траншэйнай машыны), якая можа за кароткі час выкапаць у зямлі доўгую канаву, каб хаваць у ёй пяхоту або артылерыю. Знутры траншэі — прынамсі, частка іх — абліцоўваюцца (як відаць на прыкладзе збудаванняў ля Генічаскай горкі) дошкамі, а для зручнасці перамяшчэння ўнізе зроблены насціл з металічнага профілю.

Усё пералічанае трохі павышае выжывальнасць пяхоты, бронетэхнікі і артылерыі ў абароне ў выпадку атакі праціўніка, які не надта пераўзыходзіць сілай. У выпадку ж выкарыстання ўкраінцамі высокадакладнай зброі ніякай сур’ёзнай абароны ў расіян не будзе: ракеты «Хаймарсаў», якія падаюць амаль строма, з аднолькавай імавернасцю знішчаць і акапаную, і неакапаную пяхоту і тэхніку (тут магла б дапамагчы маскіроўка, аднак пакуль расіяне не вельмі імкнуцца маскіраваць лініі абароны).

Што да супрацьтанкавых умацаванняў, то іх робяць аднолькава як на «лініі Вагнера» на Данбасе, так і на ўчастках у Запарожжы і на поўначы Крыма. На месца ўзвядзення фартыфікацыйных збудаванняў прывозяць бетонныя пірамідкі-надаўбні, якія расстаўляюцца ў два шэрагі (пры гэтым не ўкопваюцца ў зямлю) і часам дапаўняюцца супрацьтанкавым ровам (які можа хутка выкапаць усё тая ж ХТМ-3).

Ніякіх умацаваных бліндажоў, дзясяткаў шэрагаў калючага дроту, жалезабетонных фартоў ці іншых прасунутых умацаванняў не будуецца. Больш за тое, нават сама сістэма супрацьтанкавых загародаў у расіян зробленая занадта проста — для эфектыўнага супрацьстаяння танкам яе рэкамендуюць рэалізоўваць інакш.

Один из вариантов пятирядного размещения противотанковых надолбов. Изображение: army.armor.kiev.ua
Адзін з варыянтаў пяціраднага размяшчэння супрацьтанкавых надаўбняў. Выява: army.armor.kiev.ua

Так, першы шэраг надаўбняў мае сэнс рабіць так, каб танк мог пераадолець іх падчас руху наперад, але не назад — для гэтага павернуты да праціўніка бок павінен быць спадзісты, а супрацьлеглы — стромы. Другі шэраг надаўбняў мусіць быць такім, каб танк не мог праз яго прайсці (то-бок вышэйшы за першы шэраг), але гэта не мусіць быць візуальна прыкметна. Трэці і наступныя шэрагі (пры паўнавартаснай фартыфікацыі) павінныя быць вельмі трывалымі і ўстойлівымі да выбухаў. У дадзеным жа выпадку мы бачым два шэрагі цалкам ідэнтычных тэтраэдраў, добра бачных з усіх бакоў.

Чаму расіяне не будуюць «лінію Мажыно»

«У найбліжэйшай будучыні гэтая сістэма будзе параўнальная з легендарнымі ўмацаваннямі мінулых войнаў — лініямі Манергейма і Мажыно», — гаварыў аўтар тэлеграм-канала Grey Zone, звязанага з расійскімі ПВК. Насамрэч «лінія Вагнера» і іншыя ўмацаванні, якія стварае расійская армія, абсалютна непараўнальныя з французскімі, нямецкімі і фінскімі фартыфікацыямі часоў Другой сусветнай.

Так, лінія Мажыно, якая мусіла абараніць Францыю ад нападу Германіі, мела не толькі равы, супрацьтанкавыя вожыкі і надаўбні, але і вялікую колькасць доўгачасовых агнявых пунктаў (дотаў) з бранёй не толькі з бетону, але і са сталі, некалькі сотняў крапасных гармат і мінамётаў, два дзясяткі тысяч кулямётаў.

Збудаванні лініі Мажыно размяшчаліся часцяком на дзясяткі метраў пад зямлёй, дзе былі не толькі склады боепрыпасаў і харчавання, аўтаномныя крыніцы электраэнергіі, але нават чыгуначныя шляхі з цягнікамі для перакідання асабістага складу і грузаў з участку на ўчастак.

Подземное сооружение "линии Мажино" для снабжения обороняющихся электроэнергией. Ничего подобного на "линии Вагнера" нет. Фото: wikipedia.org
Падземнае збудаванне лініі Мажыно для забеспячэння абаронцаў электраэнергіяй. Нічога падобнага на «лініі Вагнера» няма. Фота: wikipedia.org

Фінская «лінія Манергейма» была нашмат сціплейшая (бюджэты Францыі і Фінляндыі таго часу былі непараўнальныя), але і яна мела магутныя абарончыя збудаванні — так званыя «мільённікі» (то-бок доты, якія каштавалі не менш чым мільён марак за штуку — велізарная сума як на тыя часы) з уласнай артылерыяй і кулямётамі.

Тым не менш лініі і Мажыно, і Маннергейма былі прарваныя ў розных месцах — рэч не ў іх функцыянальнай недасканаласці, а ў тым, што ўжо ў 1930-я гады прарыў доўгачасовых ліній абароны быў толькі пытаннем часу і боепрыпасаў для любой сучаснай арміі. Да прыкладу, браніраваныя купалы французскіх дотаў немцы нядоўга думаючы прабівалі частым агнём звычайных 88-міліметровых зенітак, усаджваючы снарад за снарадам у адно і тое ж месца, пакуль бронекаўпак не праломваўся, а дот не змаўкаў. Штурмавыя групы з падрыўнымі зарадамі і агнямётамі, цяжкая артылерыя, пікіравальныя бамбарзіроўшчыкі таксама дапамагалі прарваць абарону нават самых магутных фартоў.

Усё гэта было магчыма ўжо ў пачатку Другой сусветнай, калі колькасць высокадакладнай па сучасных мерках зброі нават у перадавых армій раўнялася нулю. Сёння, хутчэй за ўсё, што лінію Манергейма, што лінію Мажыно прарвалі б яшчэ хутчэй — пры тым што іх будаўніцтва патрабавала каласальных грошай і часу.

Аповеды пра тое, што «лінія Вагнера» будзе роўная вялікім абарончым умацаванням мінулага, варта аднесці да звычайнага інфармацыйнага шуму. Хутчэй за ўсё, расіяне, будуючы свае не надта дасканалыя ўмацаванні, зыходзяць з таго, што яны ў любым выпадку лепшыя, чым наогул нічога. Ва ўмовах, калі ільвіную долю асабовага складу арміі ўварвання складаюць або неўзабаве складуць дрэнна навучаныя «мобікі», саджанне іх нават у самыя простыя ўмацаванні можа мець сэнс хоць бы для ўзняцця баявога духу і хоць нейкага зніжэння страт. Акрамя таго, часовая фартыфікацыя — відавочна не тое, для чаго ў Расіі не хапае рэсурсаў.

Калі з вытворчасцю беспілотнікаў, комплексаў актыўнай абароны для танкаў і нават рацый і бронекамізэлек у расіян ёсць сур’ёзныя праблемы, то рабіць бетонныя тэтраэдры і капаць зямлю нашмат прасцей. Тым больш што, як паказваюць працы на Арабацкай Стрэлцы, для гэтага можна нават не выкарыстоўваць вайскоўцаў — дастаткова аддаць працэс на аўтсорс іншым арганізацыям (якія на гэтым яшчэ і заробяць).

Што да відавочна не вельмі высокай эфектыўнасці «лініі Вагнера» і падобных умацаванняў, то наўрад ці знойдзецца хто-небудзь, чые скаргі на тых, хто планаваў і ўзводзіў фартыфікацыйныя збудаванні, падзейнічаюць. На фоне таго, што мабілізаваных селяць у лясах пры тэмпературы, ніжэйшай за нуль, недастаткова магутныя ўмацаванні ўжо не выглядаюць галоўнай праблемай.

Украінцы могуць прарваць «лінію Вагнера» і падобныя да яе ўмацаванні?

Безумоўна. Ваенна-інжынерная справа даўно ўжо дазваляе пераадольваць і супрацьпяхотныя, і супрацьтанкавыя ўмацаванні. Для таго каб зрыць бетонныя піраміды, можна выкарыстоўваць магутныя паліцы машын разгароджвання ІМР-2 (такія ёсць ва УСУ, плюс пэўная колькасць машын была затрафееная падчас папярэдніх наступаў). Пры неабходнасці праходы ў надаўбнях можна рабіць гэтак жа, як і ў мінных палях — з дапамогай установак размініравання. Ва УСУ ёсць як савецкія мадэлі УР-77, так і аналагічныя амерыканскія машыны M58 MICLIC — гэтая тэхніка запускае ў бок варожых умацаванняў «шланг», напоўнены выбухоўкай, які, узрываючыся, расчышчае адразу доўгую паласу. Ёсць ва УСУ і больш кампактныя мадэлі, такія як шведская Minröjningsorm.

Ніхто не адмяняў і звычайнай артылерыі, танкаў і ракет РСЗА HIMARS. Вядома, гэта не значыць, што прарыў любой абарончай лініі, пабудаванай расіянамі, стане лёгкай прагулкай — вайна заўсёды была цяжкай і крывавай справай. Аднак самі па сабе спехам збудаваныя лініі абароны вырашальным фактарам у спыненні будучых наступаў арміі Украіны наўрад ці стануць.