У снежні 2023 года набылі моц папраўкі ў закон «Пра прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Яны прадугледжваюць сістэму гарантый экс-кіраўнікам краіны і іх сем’ям. Імаверна, такім чынам Аляксандр Лукашэнка і яго атачэнне спадзяюцца забяспечыць сабе светлую будучыню. Аднак гісторыя ведае зусім нядаўні прыклад нават на постсавецкай прасторы, калі лідар, што кіраваў 30 гадоў, вырашыў правярнуць тое самае — але ў выніку страціў свае гарантыі за адзін год. Расказваем, як Нурсултан Назарбаеў стварыў вакол сябе культ асобы, замацаваў яго ў законах, а пасля пераемнік практычна ўсё ў яго адабраў.
30 гадоў ва ўладзе і падрыхтоўка да адстаўкі
Нурсултан Назарбаеў прыйшоў да ўлады ў Казахстане ў далёкім 1989-м. Тады гэтага палітыка, кіраўніка рэспубліканскага ўрада, абралі першым сакратаром мясцовай кампартыі.
У 1990-м Назарбаеў стаў лідарам Казахскай ССР, потым — ужо незалежнай краіны. На ўсіх прэзідэнцкіх выбарах за час незалежнасці краіны ён набіраў, паводле афіцыйных звестак, больш за 90% галасоў выбаршчыкаў (выключэнне — выбары 1999 года, калі ён атрымаў сціплыя для сябе 79,78%).
У сярэдзіне дзясятых гадоў елбасы (з казахскай — «лідар нацыі», «кіраўнік дзяржавы»; афіцыйны тытул, які насіў Назарбаеў) наважыўся на транзіт. У 2017-м у Канстытуцыю Казахстана ўнеслі змены, якія, сярод іншага, прыкметна паслаблялі ролю прэзідэнта. Так, кіраўнік дзяржавы страціў магчымасць аднаасобна фармаваць урад (цяпер яго пачалі прызначаць па прадстаўленні прэм’ера пасля кансультацый з ніжняй палатай парламента) і выдаваць указы, якія маюць сілу законаў, скасоўваць рашэнні ўрада ці прэм’ера, зацвярджаць дзяржпраграмы і сістэму фінансавання бюджэтных органаў. Парламенту далі больш паўнамоцтваў у пытаннях зняцця з пасадаў чальцоў урада.
У 2018 году быў прыняты закон пра Савет бяспекі, які замацаваў за гэтым органам улады каардынацыю «адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы забяспечання нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці Казахстана». Гэта зрабіла Савет бяспекі адным з ключавых органаў у краіне. Назарбаеў як «елбасы» атрымаў права пажыццёва яго ўзначальваць. Чаму? У дакуменце было напісана, што ў «сілу гістарычнай місіі» палітыка. Сам орган з кансультацыйна-дарадчага ператварыўся ў канстытуцыйны.
«Устаноўленыя Канстытуцыяй незалежнасць дзяржавы, унітарнасць і тэрытарыяльная цэласнасць рэспублікі, форма яе кіравання, а таксама асноўныя прынцыпы дзейнасці рэспублікі, закладзеныя заснавальнікам незалежнага Казахстана, Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Казахстан — Елбасы, і яго статус — нязменныя», — у тым ліку такая фармулёўка з’явілася ў Канстытуцыі ў 2017 годзе.
Транзіт і гарантыі
Засцярогшы сябе, як яму здавалася, усімі магчымымі спосабамі, Назарбаеў наважыўся на перадачу ўлады. 19 сакавіка 2019 года ён звярнуўся да народа праз тэлебачанне і нечакана абвясціў пра свой датэрміновы сыход з пасады прэзідэнта. Проста падчас тэлезвароту «елбасы» падпісаў адпаведны ўказ, якім склаў з сябе паўнамоцтвы з наступнага дня.
Паводле Канстытуцыі яны перайшлі да кіраўніка верхняй палаты парламента — Касым-Жамарта Такаева. Раней ён быў прэм’ерам, двойчы ўзначальваў МЗС, а таксама займаў пасаду намесніка генеральнага сакратара ААН. У тым жа 2019 годзе ў краіне прайшлі датэрміновыя выбары, пасля якіх Такаеў, набраўшы, паводле афіцыйных звестак, 70,96% галасоў, з выканаўцы абавязкаў ператварыўся ў паўнавартаснага прэзідэнта.
Сам жа Назарбаеў не сышоў з палітыкі зусім. Ён пакінуў за сабой адразу некалькі пасадаў, якія дазвалялі яму захоўваць кантроль над пераемнікам і сітуацыяй у краіне ў цэлым:
- пажыццёвую пасаду кіраўніка Савета бяспекі (нагадаем, пасля прынятых зменаў — аднаго з самых уплывовых органаў дзяржаўнай улады ў Казахстане);
- пасаду старшыні партыі «Нур Атан» (кіроўная партыя, якая кантралюе больш за дзве траціны ў ніжняй палаце парламента — Назарбаеў узначальваў яе з 1999 года);
- пасаду старшыні Асамблеі народа Казахстана (органа, які кантралюе нацыянальную палітыку ў краіне);
- пажыццёвую пасаду чальца Канстытуцыйнага савета (аналаг беларускага Канстытуцыйнага суда — органа, упаўнаважанага трактаваць Канстытуцыю і вызначаць законнасць прававых актаў, якія прымаюцца ў краіне);
- пасаду куратара фонду «Самрук-Казына» (фонду нацыянальнага дабрабыту, які кантралюе дзяржаўныя актывы на мільярды даляраў).
Акрамя таго, Назарбаеў меў і гарантыі, зафіксаваныя ў законе «Пра Першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан — Елбасы». Гэты дакумент быў прыняты яшчэ ў 2000-м, але ў яго перыядычна ўносіліся змены. Апошнія з іх — у 2017-м, калі ішла падрыхтоўка да транзіту. Акрамя атрымання вышэйпералічаных пасадаў у дакуменце сцвярджалася, што Назарбаеву «ў сілу яго гістарычнай місіі пажыццёва належыць права»:
- звяртацца да народа Казахстана, дзяржаўных органаў і службовых асобаў з ініцыятывамі што да найважнейшых пытанняў дзяржаўнага будаўніцтва, унутранай і знешняй палітыкі і бяспекі краіны, якія падлягаюць абавязковаму разгляду адпаведнымі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі;
- выступаць перад парламентам, на паседжаннях урада падчас абмеркавання важных для краіны пытанняў.
Як адзначалася ў законе, «ініцыятывы па асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі дзяржавы» ўзгадняюцца з елбасы.
Перашкода законнай дзейнасці экс-прэзідэнта, публічная абраза ці іншы замах на яго гонар і годнасць, а таксама апаганьванне яго выяваў не дапускаліся і пераследаваліся паводле закона.
Елбасы прадказальна атрымаў недатыкальнасць. Адзначалася, што ён «не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, учыненыя ў перыяд выканання ім паўнамоцтваў прэзідэнта <…>, а пасля іх спынення — звязаныя з ажыццяўленнем свайго статусу <…>. Ён не можа быць падвергнуты затрыманню, арышту і ўтрыманню пад вартай, ператрусу, допыту ці асабістаму надгляду».
Недатыкальнасць распаўсюдзілі на ўсю маёмасць, якая належала яму і яго сям'і. А таксама на выкарыстоўваныя імі жылыя і службовыя памяшканні, службовы транспарт, сродкі сувязі, перапіску, дакументы, якія ім належалі. Гарантаваліся банкаўская таямніца і недатыкальнасць банкаўскіх рахункаў палітыка і членаў яго сям'і, якія сумесна з ім пражывалі. Елбасы прызначылі штомесячную пенсію ў памеры 80% зарплаты дзейнага прэзідэнта краіны. Калі ж Назарбаеў памрэ, яго родныя мусілі атрымліваць «штомесячную дапамогу ў суме, роўнай 10-разоваму мінімальнаму памеру пенсіі па старасці, вызначанаму заканадаўствам Рэспублікі Казахстан на дзень яго смерці».
Асобна адзначалася, што для працы Назарбаева ствараецца канцылярыя, якая адказвае толькі перад ім і ўтрымліваецца за кошт бюджэту краіны.
Пратэсты і страта ўсіх пасадаў
Калі б усе прынятыя палажэнні заставаліся ў сіле, Назарбаева чакала б прыемная і спакойная старасць: Такаеў займаўся б паўсядзённымі справамі, а «мудры» правадыр ажыццяўляў бы агульнае кіраўніцтва.
Першы час так і было: «елбасы» і пераемнік увесь гэты час працавалі ў звязцы і ў адкрытыя сур’ёзныя канфлікты па якіх-кольвек пытаннях не ўваходзілі. Паказальна і тое, што адным з першых крокаў Такаева на пасадзе прэзідэнта стала перайменаванне сталіцы краіны Астаны ў Нур-Султан, пра што ён заявіў у сваёй інаўгурацыйнай прамове, а таксама ўказ пра прысуджэнне Назарбаеву найвышэйшай узнагароды краіны — зоркі «Народнага Героя».
Першы прэзідэнт працягваў значна ўплываць на тое, што адбываецца ў краіне. Так, у дакладзе Дзярждэпартамента ЗША пра сітуацыю з правамі чалавека за 2019 годадзначалася, што Такаеў кансультуецца падчас правядзення прызначэнняў ва ўрадзе і дзяржорганах са сваім папярэднікам.
У лістападзе 2021 года Назарбаеў заявіў, што ў будучыні перадасць пераемніку кіраўніцтва партыяй «Нур Атан». Але ў цэлым яго ўплыў заставаўся ранейшым.
Аднак у пачатку студзеня 2022 года ў краіне ўспыхнулі масавыя пратэсты, выкліканыя падаражэннем у два разы звадкаванага газу, — многія карысталіся ім у якасці аўтамабільнага паліва. Пратэсты перараслі ў беспарадкі, якія суправаджаліся сутыкненнямі з сілавікамі, захопам урадавых будынкаў і марадзёрствам. Паводле афіцыйных звестак, у сутычках загінулі 225 чалавек, пацярпелі 4578.
Ужо 5 студзеня Такаеў ссунуў Назарбаева з пасады кіраўніка Савета бяспекі. Праз чатыры дні прэс-сакратару першага прэзідэнта давялося ўдакладніць, што яго кіраўнік сам перадаў пасаду свайму пераемніку. Гэта стала пачаткам канца.
Пасля здушэння хваляванняў пасады страцілі тры зяці Назарбаева: гэта былі пасады старшыні праўлення АТ «КазТрансОйл», старшыні прэзідыума казахстанскай Нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў і кіраўніка АТ «НК „КазТрансГаз“». З пасады першага намесніка старшыні кіраўніка Камітэта нацбяспекі звольнілі пляменніка Назарбаева. У канцы студзеня Такаеў прыбраў і ранейшага кіраўніка ЦВК, які даводзіцца дачцэ Назарбаева сватам.
Сам першы прэзідэнт упершыню з моманту пачатку пратэстаў паказаўся на публіцы 18 студзеня. У сваім відэазвароце ён падкрэсліў, што Такаеў мае ўсю паўнату ўлады. На наступны дзень дэпутаты прынялі папраўкі пра скасаванне яго пажыццёвага старшынявання ў Савеце бяспекі і Асамблеі народа Казахстана. 28 студзеня Такаеў зняў Назарбаева з пасады лідара партыі «Нур Атан», а ягоную дачку Дарыгу прыбралі з палітсавета арганізацыі.
2 лютага парламент Казахстана прыняў папраўкі ў заканадаўства, якія скасавалі неабходнасць узгадняць з Назарбаевым новыя ініцыятывы што да асноўных напрамкаў знешняй і ўнутранай палітыкі. 7 лютага палітыка пазбавілі права пажыццёва ўзначальваць Асамблею народа Казахстана і Савет бяспекі, а яшчэ адхілілі ад удзелу ў фармаванні дзяржаўнай палітыкі краіны. У выніку за месяц Назарбаеў страціў чатыры пасады з пяці. Ён застаўся толькі чальцом Канстытуцыйнага савета рэспублікі, што ўжо ні на што не ўплывала.
2 сакавіка была перайменаваная партыя «Нур Атан», у назве якой першы склад супадаў з першым складам імені Назарбаева. Яна пачала называцца «Аманат».
5 чэрвеня ў краіне прайшоў рэферэндум, паводле якога адбылася адмова ад суперпрэзідэнцкай формы кіравання. Тады ж з Канстытуцыі былі выключаныя артыкулы пра «Першага прэзідэнта — Елбасы».
17 верасня сталіца рэспублікі Нур-Султан зноў пачала называцца Астаной.
1 студзеня 2023 года быў расфармаваны Канстытуцыйны савет, пажыццёвым чальцом якога быў Назарбаеў. Так за год першы прэзідэнт Казахстана страціў усе пяць сваіх пасадаў.
Працэс адхілення Назарбаева ад улады на гэтым не скончыўся. У студзені 2023 года экс-кіраўнік краіны перастаў быць ганаровым сенатарам. У чэрвені з Крымінальнага кодэкса выключылі артыкул «Пра Елбасы» — адказнасць за абразу Назарбаева знікла (да гэтага за яе можна было атрымаць тры гады). Словы «Першы прэзідэнт — Елбасы» таксама былі выключаныя з іншых заканадаўчых і нарматыўных актаў.
Канцылярыю і бібліятэку Назарбаева закрылі, на яе базе ў кастрычніку заснавалі прэзідэнцкі цэнтр, «які ўвасабляе» заслугі былога і дзейнага кіраўнікоў дзяржавы.
16 лістапада 2023 года Такаеў распусціў кіраўніцтва Фонду дабрабыту «Самрук-Казына», які ўзначальваў яго папярэднік.
Што засталося ў Назарбаева?
Фармальна некаторыя пасады ў Назарбаева засталіся. Ён усё яшчэ ганаровы старшыня Асамблеі народа Казахстана, Арганізацыі цюркскіх дзяржаваў, ганаровы старшыня кансультацыйных сустрэч кіраўнікоў дзяржаваў Еўразійскага эканамічнага саюза і Цэнтральнай Азіі, кіраўнік рады мудрацоў Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі. Але гэтыя пасады патрэбныя толькі для таго, каб пацешыць эга, ніякіх рэальных рычагоў уплыву ў Назарбаева не засталося.
Пакінулі Назарбаеву і пенсію на 80% ад заробку дзейнага прэзідэнта. Таксама ў першага прэзідэнта Казахстана не забралі дзяржаўную кватэру і лецішча з абслуговым персаналам, асабістую ахову і аўтамабіль з асабістым кіроўцам. Усё гэта аплачваецца з бюджэту краіны. Адзначым, што сваякі экс-прэзідэнта — зяць Цімур Кулібаеў, сярэдняя дачка Дынара Кулібаева, старэйшая дачка Дарыга Назарбаева, унук Нуралі Аліеў, пляменнік Нурбал Назарбаеў — у 2023 годзе ўвайшлі ў лік 50 найбагацейшых бізнесоўцаў краіны паводле версіі часопіса Forbes Kazakhstan. Іх сукупнае багацце складае прыкладна 10 мільярдаў даляраў.
А што з Лукашэнкам?
Паводле прынятых паправак, беларускі прэзідэнт, які перастаў выконваць свае паўнамоцтвы, калі яму дазваляе здароўе, становіцца дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, а таксама, калі пажадае, пажыццёвым сенатарам.
Экс-прэзідэнту таксама гарантаваныя:
- недатыкальнасць: «Ён не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, учыненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, а таксама ў сувязі з гэтым затрыманы, іншым чынам пазбаўлены асабістай свабоды, падвергнуты следчым і іншым працэсуальным дзеянням»;
Гэты пункт распаўсюджваецца на членаў яго сям'і, «займаныя імі жылыя і службовыя памяшканні, выкарыстоўваныя імі транспартныя сродкі, сродкі сувязі, архівы, якія ім належаць, іншую маёмасць, дакументы, багаж і на іх перапіску».
- пажыццёвая дзяржаўная ахова;
- медыцынскае абслугоўванне (уключаючы членаў сям'і);
- дзяржаўнае страхаванне жыцця і здароўя за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту;
- пажыццёвае штомесячнае грашовае ўтрыманне ў памеры 100 працэнтаў заработнай платы, незалежна ад наяўнасці іншых крыніц сродкаў да існавання.

Таксама экс-прэзідэнту перадаецца ва ўласнасць на бязвыплатнай аснове на выбар для пастаяннага пражывання нерухомасць, «уключаючы зямельны ўчастак з размешчанымі на ім капітальнымі будынкамі (збудаваннямі), ізаляванымі памяшканнямі, іншай нерухомай маёмасцю, у тым ліку гаспадарчага прызначэння, прызначаным для эксплуатацыі і абслугоўвання гэтай нерухомай маёмасці, а таксама рухомую маёмасць, звязаную з добраўпарадкаваннем і эксплуатацыяй нерухомай маёмасці».
Пасля смерці прэзідэнта, які перастаў выконваць свае паўнамоцтвы, кожнаму з членаў яго сям'і пажыццёва прызначаецца грашовае ўтрыманне, незалежна ад наяўнасці ў іх іншых крыніц сродкаў да існавання.
Усё гэта падобнае да таго, што атрымаў і што страціў Назарбаеў.
Чытайце таксама


