Камандуючы аб’яднанымі сіламі УСУ Сяргей Наеў паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы збілі расійскую крылатую ракету з кулямёта Browning.
«У Паўночнай аперацыйнай зоне мабільным агнявым групам удалося знішчыць некалькі крылатых ракет ворага. Адна з іх знішчаная кулямётам „Браўнінг“», — напісаў Наеў.
Украінскі генерал таксама апублікаваў у сваім тэлеграм-канале відэа. На ім відаць кулямётны агонь, потым выбух, пасля якога гучыць голас: «Ёсць траплянне!»
Калі ўсё адбылося, Наеў не ўдакладніў. Сёння раніцай расійскае войска нанесла па Украіне масіраваны ракетны ўдар, задзейнічаўшы 41 ракету, 15 з іх былі знішчаныя сіламі ўкраінскай СПА.
Варта адзначыць, што збіццё ракеты з кулямёта — выпадак даволі рэдкі, але не адзінкавы. Так, у сакавіку 2022 года ў Вінніцкай вобласці расійскую стратэгічную крылатую ракету «паветра — зямля» Х-101 збілі са звычайнага кулямёта.