Адразу тры найбуйнейшыя расійскія інфармагенцтвы — РІА «Новости», ТАСС, «Интерфакс» — апублікавалі аднолькавыя навіны пра рэакцыю Масквы на публікацыю The Washington Post пра тое, што амерыканская разведка загадзя перадала расійскай назву канцэртнай залы, у якой рыхтаваўся тэракт. Увагу на гэта звярнула «Агентство».
«Сцверджанні амерыканскіх СМІ, у прыватнасці The New York Times і The Washington Post, пра тое, што ўлады ЗША нібыта за два тыдні папярэджвалі РФ пра падрыхтоўку тэракту ў комплексе „Крокус“, не адпавядаюць рэчаіснасці. Як ужо паведамлялася раней, ЗША сапраўды інфармавалі РФ пра тэрарыстычную пагрозу, аднак гэтая інфармацыя мела агульны характар і змяшчала інфармацыю пра магчымыя тэракты ў месцах масавага збору грамадзян», — сказала ананімная крыніца расійскіх інфармагенцтваў у «кампетэнтным ведамстве».
Як адзначае «Агентство», публічная заява праз ананімную крыніцу зніжае статус адказу. У выпадку, калі крыніца распаўсюдзіла недакладную інфармацыю, гэта не стане ўдарам па рэпутацыі канкрэтнага высокапастаўленага чыноўніка.
З публікацыі The Washington Post вынікае, што ФСБ праігнаравала паведамленні ЦРУ пра падрыхтоўку тэракту ў «Крокусе» нават пасля таго, як частка перададзенай Маскве інфармацыі пацвердзілася.
Нагадаем, увечары 22 сакавіка мужчыны, узброеныя аўтаматамі, уварваліся ў будынак буйнога канцэртна-выставачнага комплексу «Крокус Сіці Хол» у падмаскоўным Краснагорску перад пачаткам канцэрта гурта «Пікнік». Нападнікі пачалі страляць яшчэ ля ўваходу, потым вялі стральбу па наведніках унутры — як у фае, так і ў канцэртнай зале. Таксама яны ўчынілі падпалы — у комплексе пачаўся маштабны пажар, зала цалкам згарэла, у ёй абрынуўся дах. Паводле апошніх звестак, у выніку тэракту загінулі 144 чалавекі.