Нідэрланды з 9 снежня ўводзяць узмоцнены памежны кантроль для барацьбы з нелегальнай міграцыяй. Гэтая мера будзе дзейнічаць шэсць месяцаў, паведамляе NOS.
Вайсковая паліцыя Нідэрландаў з 9 снежня будзе праводзіць узмоцненыя праверкі на сухапутных межах. Такая мера ўводзіцца на шэсць месяцаў для барацьбы з гандлем людзьмі і нелегальнай міграцыяй, яна ўжо атрымала ўхвалу кабінета міністраў краіны.
Наколькі інтэнсіўнымі будуць праверкі, пакуль не вядома: штат вайсковай паліцыі для гэтых мэтаў не плануюць павялічваць. У Схіпхоле і іншых аэрапортах Нідэрландаў узмоцнены памежны кантроль будзе арганізаваны толькі на рэйсах з краін павышанай рызыкі.
Цяпер у краіне ажыццяўляюцца толькі выбарачныя праверкі на памежных пераходах.
Дзяржавы — сябры ЕС могуць аднавіць памежны кантроль пры наяўнасці непрадбачаных абставінаў або ў экстранных выпадках. Гэтая мера можа быць уведзеная толькі часова на шэсць месяцаў і пасля падоўжаная максімум да двух гадоў.
Урад Нідэрландаў называе рашэнне апраўданым у сувязі з вялікім наплывам шукальнікаў прытулку ў краіне.
Нагадаем, з 16 верасня 2024 года кантроль на сухапутных межах ужо аднавіла Германія. Узмоцнены памежны кантроль унутры ЕС таксама дзейнічае ў Францыі, Аўстрыі і некаторых іншых краінах.